Psalms 97 (BIB)
1 Псальма Давідава.Засьпявайце Госпаду новую песьню; бо Ён дзівосы стварыў. Ягоная правіца і сьвятая мышца Ягоная прынесьлі Яму перамогу. 2 Паказаў Гасподзь выратаваньне Сваё, адкрыў перад вачыма народаў праўду Сваю. 3 Успомніў Ён міласьць Сваю да Якава і вернасьць Сваю да дома Ізраілевага. Усе канцы зямлі ўбачылі ратунак Бога нашага. 4 Усклікайце Госпаду, уся зямля; радуйцеся, весялецеся і сьпявайце; 5 сьпявайце Госпаду з арфаю, з арфаю і з псальмамі; 6 з гукамі труб і рога радуйцеся прад Валадаром Госпадам. 7 Хай шуміць мора і ўсё, што ў ім, сусьвет і ўсё, што жыве ў ім; 8 хай у далоні пляскаюць рэкі; хай радуюцца разам горы 9 прад абліччам Госпада; бо Ён ідзе судзіць зямлю. Ён будзе судзіць сусьвет справядліва і народы - па праўдзе.