Psalms 77 (BIB)
1 Вучэньне Асафава.Слухай, народзе мой, закону майго, прыхілеце вуха вашае да словаў з вуснаў маіх. 2 Разамкну мае вусны ў прытчы і вымаўлю старадаўнія прыпавесьці. 3 Што чулі мы і даведаліся і бацькі нашы нам пераказалі, 4 не схаваем ад дзяцей іхніх, і абвесьцім роду будучаму славу Госпада, і сілу Ягоную, і цуды Ягоныя, што Ён утварыў. 5 Ён устанавіў засьведчаньне ў Якаве і паклаў закон у Ізраілі, які наказаў бацькам нашым абвяшчаць дзецям іхнім, 6 каб ведаў будучы род, дзеці, якія народзяцца, і каб яны ў свой час абвяшчалі дзецям сваім, 7 класьці на Бога надзею сваю, і не забываць дзеяў Божых, і захоўваць наказы Ягоныя, 8 і ня быць падобным да бацькоў іхніх, роду ўпарцістага і мяцежнага, сэрцам неўладкаванага і нявернага Богу духам сваім. 9 Сыны Яфрэмавыя, узброеныя, лучнікі, павярнулі назад у дзень бітвы: 10 яны не захавалі запавету Божага і адмовіліся хадзіць у законе Ягоным: 11 забылі дзеі Ягоныя і цуды, якія Ён нам паказаў. 12 Ён перад вачыма бацькоў іхніх тварыў цуды ў зямлі Егіпецкай, на полі Цаан. 13 Падзяліў мора і правёў іх празь яго, і паставіў воды сьцяною; 14 і ўдзень вёў іх вобмацкам, а ўначы сьвятлом вагню; 15 расьсек камень у пустыні, і напаіў іх, як зь вялікае бездані; 16 са скалы вывеў патокі, і пацяклі воды, як рэкі. 17 Але яны ўсё грашылі прад Ім і раздражнялі Ўсявышнага ў пустыні: 18 спакушалі Бога ў сэрцы сваім, патрабавалі ежы па душы сваёй, 19 і казалі супраць Бога, і сказалі: «ці можа Бог згатаваць трапезу ў пустыні?» 20 Вось, Ён ударыў па камені, і пацяклі воды, і паліліся ручаіны. «Ці можа Ён даць і хлеб, ці можа гатаваць мяса народу Свайму?» 21 Гасподзь пачуў, і ўспалымніўся гневам, і вагонь загарэўся на Якава, і гнеў падняўся супроць Ізраіля, 22 за тое, што ня верылі ў Бога і не спадзяваліся на ратваньне Ягонае. 23 Ён загадаў аблокам угары, і адчыніў дзьверы неба, 24 і пусьціў, быццам дождж, на іх манну ў ежу, і хлеб нябесны ім даў. 25 Хлеб анёльскі еў чалавек, паслаў Ён ім ежы ўдосыць. 26 Ён падняў на небе вецер усходні, і навёў паўднёвы сілаю Сваёю 27 і, як пыл, паслаў на іх мяса дажджом, і, як пясок марскі, птушак крылатых; 28 і кінуў іх сярод табара іхняга, каля жытлішчаў іхніх, 29 і яны елі і наеліся; і даў ім, чаго яны зажадалі. 30 Але яшчэ не прайшло хаценьне іхняе, яшчэ ежа была ў вуснах у іх, 31 гнеў Божы прыйшоў на іх, забіў тлустых іхніх, і юнакоў Ізраілевых паваліў. 32 Пры ўсім гэтым яны ўсё ж грашылі далей, і ня верылі ў цуды Ягоныя. 33 І загубіў дні іхнія ў марнасьці і гады іхнія ў страху. 34 Калі Ён забіваў іх, яны шукалі Яго, і вярталіся, і з раніцы шукалі Бога, 35 і прыгадвалі, што Бог - іхняе прыстанішча і Бог Усявышні - Збаўца іхні, 36 і вуснамі сваімі лісьлівілі Яму, і языком сваім хлусілі прад Ім; 37 а сэрца іхняе нямоцна стаяла прад Ім, і ня былі яны верныя запавету Ягонаму. 38 Але Ён, Міласэрны, дараваў грэх і ня зьнішчаў іх; шматкроць адводзіў гнеў Свой і ня ятрыў лютасьці Сваёй. 39 Ён памятаў, што яны - цялесныя, дыханьне, якое выходзіць і ня вяртаецца. 40 Колькі разоў яны раздражнялі Яго ў пустыні і гневалі Яго ў краі неабжытым! 41 І зноў спакушалі Бога, і зьневажалі Сьвятога Ізраілевага, 42 не памяталі рукі Ягонай, дня, калі выбавіў іх ад прыгнёту, 43 калі аказаў у Егіпце азнакі Свае і цуды Свае на полі Цаан, 44 і ператварыў рэкі іхнія і патокі іхнія ў кроў, каб яны піць не маглі; 45 паслаў на іх заедзь, каб джаліла іх, і жаб, каб губілі іх; 46 парасьліну зямную іхнюю аддаў вусеням і працу іхнюю - саранчы; 47 вінаград іхні пабіў градам і шаўкоўніцы іхнія аддаў сьцюжы; 48 быдла іхняе аддаў граду і статкі іхнія - маланкам; 49 паслаў на іх полымя гневу Свайго, і абурэньне, і лютасьць і беды, пасольства ліхіх анёлаў; 50 Ён дарогу выпрастаў гневу Свайму, не ахоўваў іхніх душаў ад сьмерці, і быдла іхняе аддаў пошасьці; 51 пабіў кожнага першынца ў Егіпце, пачаткі сілаў у намётах Хамавых; 52 і павёў народ Свой, як авечак, пустыняю; 53 вёў іх бясьпечна, і яны не баяліся, а ворагаў іхніх пакрыла мора; 54 і прывёў іх у зямлю сьвятую Сваю, на гару гэтую, якую правіца Ягоная набыла. 55 Прагнаў ад аблічча іхняга народы, і зямлю іхнюю разьдзяліў у спадчыну ім, і плямёны Ізраілевыя пасяліў у намётах іхніх. 56 Але яны яшчэ спакушалі і засмучалі Бога Ўсявышняга, і пастановаў Ягоных ня трымаліся; 57 адступалі і здраджвалі, як бацькі іхнія; вярталіся назад, як падманлівы лук; 58 засмучалі Яго курганамі сваімі, ды ідаламі сваімі абуджалі зайздрасьць Ягоную. 59 Пачуў Бог, і ўспалымніўся гневам, і моцна абурыўся супроць Ізраіля; 60 пакінуў селішча ў Сіломе, скінію, у якой жыў Ён сярод людзей; 61 і аддаў у няволю Ён моцнасьць Сваю і славу Сваю ў рукі ворага; 62 і аддаў Ён мечу народ Свой, і прагневаўся на спадчыну Сваю. 63 Хлопцаў ягоных пажыраў вагонь, і дзяўчатам ягоным не сьпявалі шлюбных песьняў; 64 сьвятары ягоныя падалі ад меча, і ўдовы ягоныя ня плакалі. 65 Але быццам ад сну, абудзіўся Гасподзь, быццам волат, віном пераможаны, 66 і ўдарыў ворагам ягоным у тыл, і пасароміў іх навекі, 67 і адкінуў палатку Язэпаву, і роду Яфрэмавага не абраў, 68 а выбраў калена Юдава, гару Сіён, якую палюбіў, 69 і зладзіў, як неба, сьвятыню Сваю, і, як зямлю, угрунтаваў яе навечна, 70 і выбраў Давіда, раба Свайго, і ўзяў яго ад кашараў, 71 і ад даяроў прывёў яго пасьвіць народ свой, Якаваў, і спадчыну Сваю - Ізраіля. 72 І ён пасьвіў іх у чысьціні сэрца свайго, і рукамі мудрымі вадзіў іх.