2 Chronicles 9 (BIB)
1 Царыца Саўская, дачуўшыся пра славу Саламона, прыйшла выпрабаваць Саламона загадкамі ў Ерусалім, з даволі вялікім багацьцем і зь вярблюдамі, наўючанымі пахошчамі і мноствам золата і каштоўных камянёў. І прыйшла да Саламона і гутарыла зь ім пра ўсё, што было на сэрцы ў яе. 2 І раскрыў ёй Саламон усе словы яе, і не знайшлося нічога невядомага Саламону, чаго ён не раскрыў бы ёй. 3 І ўбачыла царыца Саўская мудрасьць Саламона і дом, які ён пабудаваў, 4 і ежу за сталом ягоным, і чыннасьць слугаў ягоных і вопратку іхнюю, і чашнікаў ягоных і вопратку іхнюю, і ход, якім ён хадзіў у дом Гасподні, - і была яна не ў сабе. 5 І сказала цару: правільна тое, што я чула ў зямлі маёй пра дзеі твае і пра мудрасьць тваю, 6 але я ня верыла словам пра яе, пакуль ня прыйшла і ня ўбачыла на свае вочы. І вось, мне і палавіны ня сказана пра вялікую мудрасьць тваю: ты пераўзыходзіш пагалоскі, якія я чула. 7 Шчасныя людзі твае, і шчасныя гэтыя слугі твае, якія заўсёды стаяць перад табою і чуюць мудрасьць тваю. 8 Хай будзе дабраславёны Гасподзь Бог твой, Які ўдабраволіў пасадзіць цябе на трон Свой царом у Госпада Бога твайго. Па любові Бога твайго да Ізраіля, каб уцьвердзіць яго навекі, Ён паставіў цябе царом над ім - чыніць суд і праўду. 9 І падарыла яна цару сто дваццаць талантаў золата і вялікае мноства пахошчаў і каштоўных камянёў; і ня бывала такіх пахошчаў, якія падарыла царыца Саўская цару Саламону. 10 І слугі Хірамавыя і слугі Саламонавыя, якія прывезьлі золата з Афіра, прывезьлі і чырвонага дрэва і каштоўных камянёў. 11 І зрабіў цар з гэтага чырвонага дрэва лесьвіцы да дома Гасподняга і да дома царскага, і цытры і псалтыры сьпевакамі. І ня відаць было падобнага на гэта раней у зямлі Юдэйскай. 12 А цар Саламон даў царыцы Саўскай усё, чаго яна хацела і чаго яна прасіла, апрача такіх рэчаў, якія яна прывезла цару. І яна выправілася назад у зямлю сваю, яна і слугі яе. 13 Вагі ў золаце, якое прыходзіла Саламону за год, было шасьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць талантаў золата. 14 Звыш таго, паслы і купцы прыносілі, і ўсе цары Аравійскія і начальнікі абласныя прыносілі золата і срэбра Саламону. 15 І зрабіў цар Саламон дзьвесьце вялікіх шчытоў з каванага золата, - па шасьцьсот сікляў каванага золата пайшло на кожны шчыт, 16 і трыста шчытоў меншых з каванага золата, - па трыста сікляў золата пайшло на кожны шчыт; і паставіў іх цар у доме зь Ліванскага дрэва. 17 І зрабіў цар вялікі трон са слановай косьці, і абклаў яго чыстым золатам, 18 і шэсьць прыступак да трона і залатое падножжа, да трона прыробленае, і лакотнікі абапал каля сядзеньня, і двух ільвоў, якія стаялі каля лакотнікаў, 19 і яшчэ дванаццаць ільвоў, якія стаялі там на шасьці прыступках, абапал. Ня бывала такога ў ніводным царстве. 20 І ўвесь посуд для піцьця ў цара Саламона быў з золата, і ўвесь посуд у доме зь Ліванскага дрэва быў з золата адборнага; срэбра ў дні Саламона лічылася нічым, 21 бо караблі цара хадзілі ў Тарсіс са слугамі Хірама, і ў тры гады раз вярталіся караблі з Тарсіса і прывозілі золата і срэбра, слановую косьць і малпаў і паваў. 22 І пераўзышоў цар Саламон усіх цароў зямлі багацьцем і мудрасьцю. 23 І ўсе цары зямлі спрабавалі ўбачыць Саламона, каб паслухаць мудрасьці ягонай, якую ўклаў Бог у сэрца ягонае. 24 І кожны зь іх падносіў ад сябе ў дарунак посуд срэбны і посуд залаты і вопратку, зброю і пахошчы, коней і кабыл, год у год. 25 І было ў Саламона чатыры тысячы стойлаў для коней і калясьніц і дванаццаць тысяч коньнікаў; і ён разьмясьціў іх у гарадах калясьнічных і пры цары - у Ерусаліме; 26 і панаваў ён над усімі царамі ад ракі Еўфрата да зямлі Філістымскай і да межаў Егіпта. 27 І зрабіў цар золата і срэбра ў Ерусаліме роўнавартасным простаму каменю, а кедры, ад мноства, зрабіў роўнавартаснымі сікаморам, якія на нізкіх мясьцінах. 28 Коней прыводзілі Саламону зь Егіпта і з усіх земляў. 29 Астатнія дзеі Саламонавыя, першыя і апошнія, апісаны ў запісах Натана прарока і ў прароцтве Ахіі Сіламляніна і ў відзежах празорліўца Ёіля пра Ераваама, сына Наватавага. 30 А валадарыў Саламон у Ерусаліме над усім Ізраілем сорак гадоў 31 і пахавалі Саламона разам з бацькамі ягонымі ў горадзе Давіда, бацькі ягонага. І зацараваў Раваам, сын ягоны, замест яго.
In Other Versions
2 Chronicles 9 in the ANTPNG2D
2 Chronicles 9 in the BNTABOOT
2 Chronicles 9 in the BOHNTLTAL
2 Chronicles 9 in the BOILNTAP
2 Chronicles 9 in the KBT1ETNIK
2 Chronicles 9 in the TBIAOTANT