Exodus 26 (BIB)
1 А скінію зрабі зь дзесяці заслонаў з суканага вісону, і з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, і херувімаў зрабі на іх майстэрскаю працаю; 2 даўжыня кожнай заслоны дваццаць восем локцяў, а шырыня кожнага заслоны чатыры локці: мера адна ўсім заслонам. 3 Пяць заслонаў няхай будуць злучаны адна з адной, і іншыя пяць заслонаў злучаны адно з адным. 4 Зрабі петлі блакітнага колеру на краі першай заслоны ў канцы, які злучае абедзьве палавіны; так зрабі і на краі апошняй заслоны, якая злучае абедзьве палавіны; 5 пяцьдзясят петляў зрабі ў адной заслоны і пяцьдзясят петляў зрабі на краі заслоны, якая злучаецца зь іншымі; петлі павінны адпавядаць адна адной; 6 і зрабі пяцьдзясят гачыкаў залатых і гачыкамі злучы заслону адну з адной, і будзе скінія адно цэлае. 7 І зрабі заслоны з казінае воўны, каб пакрываць скінію; адзінаццаць пакрывалаў зрабі такіх; 8 даўжыня адной заслоны трыццаць локцяў, а шырыня чатыры локці; гэта адна заслона; у адзінаццаці заслонах адна мера. 9 І злучы пяць заслонаў асобна і шэсьць заслонаў асобна; і шостую заслону зрабі падвойную зь відавога боку скініі. 10 Зрабі пяцьдзясят петляў на краі крайняй заслоны, каб злучаць яе зь іншай, і пяцьдзясят петляў на краі другой заслоны, каб злучаць зь ім; 11 зрабі пяцьдзясят гачыкаў медных, і ўкладзі гачыкі ў петлі, і злучы заслону, каб яна складала адну. 12 А лішак, які застаецца ад заслонаў скініі, - палавіна лішняй заслоны хай будзе зьвешана на тыльным баку скініі; 13 а лішак ад заслоны скініі, на локаць з аднаго і на локаць з другога боку, хай будзе зьвешаны з бакоў скініі з таго і з другога боку, для пакрываньня яе. 14 І зрабі века для пакрываньня са скур барановых чырвоных і яшчэ заслону верхнюю са скур сініх. 15 І зрабі брусы для скініі з дрэва сітым, каб яны стаялі: 16 даўжынёю ў дзесяць локцяў брус, і паўтара локця кожнаму брусу шырыня; 17 у кожным брусе па дзьве восьці, адну насупраць другое: так зрабі на ўсіх брусах скініі. 18 Так зрабі брусы ў скінію: дваццаць брусоў на паўднёвы бок на поўдзень, 19 і пад дваццаць брусоў зрабі сорак срэбраных падножжаў: два падножжы пад адзін брус на дзьве восьці яго, і два падножжы пад другі брус на дзьве восьці яго; 20 і дваццаць брусоў на другі бок на поўнач, 21 і на іх сорак падножжаў срэбраных: два падножжы пад адзін брус, і два падножжы пад другі брус; 22 а на тыльным баку скініі на захад зрабі шэсьць брусоў 23 і два брусы зрабі на вуглы скініі на заходні бок; 24 яны павінны быць злучаны ўнізе і злучаны ўгары да аднаго колца: так мае быць зь імі абодвума: на абодва вуглы хай яны будуць; 25 і так будзе восем брусоў, для іх срэбраных падножжаў шаснаццаць: два падножжы пад адзін брус, і два падножжы пад другі брус. 26 І зрабі жэрдзі з дрэва сітым, пяць жэрдак для брусоў аднаго боку скініі, 27 і пяць жэрдак для брусоў другога боку скініі, і пяць жэрдак для брусоў тыльнага боку за скініяй, на захад; 28 а ўнутраная жэрдка будзе праходзіць па сярэдзіне брусоў ад аднаго канца да другога: 29 а брусы абкладзі золатам, і колцы, для ўкладваньня жэрдак, зрабі з золата, і жэрдкі абкладзі золатам. 30 І пастаў скінію паводле ўзору, які паказаў табе на гары. 31 І зрабі заслону з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і суканага вісону; умелай працаю павінны быць зроблены на ёй херувімы; 32 і павесь яе на чатырох слупах зь сітыму, абкладзеных золатам, з залатымі гачыкамі, на чатырох падножжах срэбраных; 33 і павесь заслону на гачыках і ўнясі туды за заслону каўчэг адкрыцьця; і будзе заслона аддзяляць вам сьвятыню ад Сьвятога сьвятых. 34 І пакладзі вечка на каўчэг адкрыцьця ў Сьвятым сьвятых. 35 І пастаў стол за заслонай і сьвяцільню насупраць стала на баку скініі на поўдзень; а стол пастаў на паўночным баку. 36 І зрабі заслону для ўваходу ў скінію з блакітнай і пурпуровай і чырванёнай воўны, і з суканага вісону ўзорыстага вырабу; 37 і зрабі для заслоны пяць слупоў зь сітыму і абкладзі іх золатам; гачыкі да іх залатыя; і вылі для іх пяць падножжаў медных.