1 Kings 2 (BIB)
1 Наблізіўся час памерці Давіду, і запавядаў ён сыну свайму Саламону, кажучы: 2 вось, я адыходжу ў дарогу ўсёй зямлі, а ты будзь цьвёрды і будзь мужны 3 і захоўвай запавет Госпада Бога твайго, ходзячы шляхамі Ягонымі і трымаючыся статутаў Ягоных і запаведзяў Ягоных, і вызначэньняў Ягоных і пастановаў Ягоных, як напісана ў законе Майсеевым, каб быў ты разумны ва ўсім, што будзеш рабіць, і ўсюды, куды зьвернешся; 4 каб Гасподзь выканаў слова Сваё, якое Ён сказаў пра мяне, кажучы: калі сыны твае будуць сачыць за шляхамі сваімі, каб хадзіць прад Мною ў ісьціне ад усяго сэрца свайго і ад усёй душы сваёй, дык не перавядзецца муж ад цябе на троне Ізраілевым. 5 Яшчэ: ты ведаеш, што зрабіў мне Ёаў, сын Саруін, як абышоўся ён з двума правадырамі войска Ізраільскага, з Авэнірам, сынам Ніравым, і Амэсаем, сынам Етэравым, як ён аддаў іх сьмерці і праліў кроў ваенную ў мірны час, забарвяніўшы крывёю ваеннаю пояс на сьцёгнах сваіх і абутак на нагах сваіх: 6 учыні паводле мудрасьці тваёй, каб не адпусьціць сівізну ягоную мірна ў апраметную. 7 А сынам Вэрзэлія Галаадыцяніна зрабі ласку, каб яны былі сярод едакоў твайго стала, бо яны прыйшлі да мяне, калі я ўцякаў ад Авэсалома, брата твайго. 8 Вось яшчэ ў цябе Сэмэй, сын Геры Веньямініцяніна з Бахурыма: ён ліхасловіў мяне цяжкім ліхаслоўем, калі я ішоў у Маханаім; але ён выйшаў насустрач мне каля Ярдана, і я прысягнуў яму Госпадам, кажучы: я не заб'ю цябе мечам. 9 А ты не пакінь яго без пакараньня, бо ты чалавек мудры і ведаеш, што табе зрабіць зь ім, каб зьвесьці сівізну яго ў крыві ў апраметную. 10 І спачыў Давід з бацькамі сваімі і пахаваны быў у горадзе Давідавым. 11 Часу валадараньня Давіда над Ізраілем было сорак гадоў: у Хэўроне цараваў ён сем гадоў і трыццаць тры гады цараваў у Ерусаліме. 12 І сеў Саламон на троне Давіда, бацькі свайго, і валадараньне ягонае было вельмі моцнае. 13 І прыйшоў Аданія, сын Агіты, да Вірсавіі, маці Саламона. Яна сказала: ці зь мірам прыход твой? І сказаў ён: зь мірам. 14 І сказаў ён: у мяне ёсьць слова да цябе. Яна сказала: кажы. 15 І сказаў ён: ты ведаеш, што царства належала мне, і ўвесь Ізраіль зьвяртаў да мяне вочы свае, як на будучага цара; але царства адышло ад мяне і дасталася брату майму, бо ад Госпада было гэта яму; 16 цяпер я прашу ў цябе аднаго, не адмові мне. Яна сказала яму: кажы. 17 І сказаў ён: прашу цябе, пагавары з царом Саламонам, бо ён не адмовіць табе, каб ён даў мне Авісагу Сунаміцянку за жонку. 18 І сказала Вірсавія: добра, я пагавару з царом пра цябе. 19 І ўвайшла Вірсавія да цара Саламона сказаць яму пра Аданію. Цар устаў перад ёю і пакланіўся ёй і сеў на троне сваім. Паставілі трон і для маці цара, і яна села праваруч ад яго 20 і сказала: я маю да цябе адну невялікую просьбу, не адмові мне. І сказаў ёй цар: прасі, маці мая; я не адмоўлю табе. 21 І сказала яна: дай Авісагу Сунаміцянку Аданію, брату твайму, за жонку. 22 І адказваў цар Саламон і сказаў маці сваёй: а навошта ты просіш Авісагу Сунаміцянку для Аданіі? прасі яму і царства, бо ён мой старэйшы брат, і яму сьвятар Авіятар і Ёаў, сын Саруін. 23 І прысягнуў цар Саламон Госпадам, кажучы: тое і тое хай зробіць са мною Бог і яшчэ болей зробіць, калі не на сваю душу сказаў Аданія такое слова; 24 а сёньня - жывы Гасподзь, Які ўмацаваў мяне і пасадзіў на троне Давіда, бацькі майго, і заладзіў мне дом, як казаў Ён, - а сёньня Аданія павінен памерці. 25 І паслаў цар Саламон Ванэю, сына Ёдаевага, які забіў яго, і ён памёр. 26 А сьвятару Авіятару цар сказаў: ідзі ў Анатот на тваё поле; ты варты сьмерці, але цяперашнім часам я не аддам цябе сьмерці, бо ты насіў каўчэг Уладара Госпада перад Давідам, бацькам маім, і цярпеў усё, што цярпеў бацька мой. 27 І вызваліў Саламон Авіятара ад сьвятарства Гасподняга, і спраўдзілася слова Гасподняе, якое сказаў Ён пра дом Ільлі ў Сіломе. 28 Чуткі дайшлі да Ёава, - як што Ёаў схіляўся на бок Аданіі, а на бок Саламона ня схіляўся, - і ўцёк Ёаў у скінію Гасподнюю і ўхапіўся за рогі ахвярніка. 29 І данесьлі цару Саламону, што Ёаў уцёк у скінію Гасподнюю і што ён каля ахвярніка. І паслаў Саламон Ванэю, сына Ёдаевага, кажучы: ідзі, забі яго. 30 І прыйшоў Ванэя ў скінію Гасподнюю і сказаў яму: так сказаў цар: выходзь. І сказаў той: не, я хачу памерці тут. Ванэя перадаў гэта цару, кажучы: так сказаў Ёаў і так адказваў мне. 31 Цар сказаў яму: зрабі, як ён сказаў, і забі яго і пахавай яго, і здымі нявінную кроў, пралітую Ёавам, зь мяне і з дома бацькі майго; 32 хай аберне Гасподзь кроў ягоную на галаву яго за тое, што ён забіў двух мужоў невінаватых і лепшых за яго: забіў мечам, бязь ведама бацькі майго Давіда, Авэніра, сына Ніравага, ваеначальніка Ізраільскага, і Амэсая, сына Етэравага, ваеначальніка Юдэйскага; 33 хай абернецца кроў іхняя на галаву Ёава і на і галаву нашчадкаў ягоных навекі, а Давіду і нашчадкам ягоным, і дому ягонаму і трону ягонаму хай будзе мір навекі ад Госпада! 34 І пайшоў Ванэя, сын Ёдаеў, і забіў Ёава, і аддаў яго сьмерці, і ён быў пахаваны ў доме сваім у пустыні. 35 І паставіў цар Саламон Ванэю, сына Ёдаевага, замест яго над войскам; а Садока сьвятара паставіў цар замест Авіятара. 36 І паслаў цар паклікаць Сэмэя і сказаў яму: пабудуй сабе дом у Ерусаліме і жыві тут і нікуды ня выходзь адгэтуль; 37 і ведай, што ў той дзень, калі ты выйдзеш і пяройдзеш паток Кедрон, канечне памрэш; кроў твая будзе на галаве тваёй. 38 І сказаў Сэмэй цару: добра; як загадаў гаспадар мой цар, так зробіць раб твой. І жыў Сэмэй у Ерусаліме доўгі час. 39 Але праз тры гады здарылася, што ў Сэмэя два рабы ўцяклі да Анхуса, сына Маахі, цара Гэцкага. І сказалі Сэмэю, кажучы: вось, рабы твае ў Гэце. 40 І ўстаў Сэмэй, і асядлаў асла свайго, і выправіўся ў Гэт да Анхуса шукаць рабоў сваіх. І вярнуўся Сэмэй і прывёў рабоў сваіх з Гэта. 41 І данесьлі Саламону, што Сэмэй хадзіў зь Ерусаліма ў Гэт і вярнуўся. 42 І паслаўшы, паклікаў цар Сэмэя і сказаў яму: ці не прысягаў я табе Госпадам і ці не абвяшчаў табе, кажучы: ведай, што ў той дзень, як ты выйдзеш і пойдзеш куды-небудзь, канечне памрэш? і ты сказаў мне: добра; 43 чаму ж ты ня выканаў загаду, які я даў табе прад Госпадам з прысягаю? 44 І сказаў цар Сэмэю: ты ведаеш і ведае сэрца тваё ўсё зло, якое ты зрабіў бацьку майму Давіду; хай жа аберне Гасподзь ліха тваё на галаву тваю! 45 а цар Саламон хай будзе дабраславёны, і трон Давідаў хай будзе непахісны прад Госпадам вечна! 46 І загадаў цар Ванэю, сыну Ёдаеваму, і ён пайшоў і забіў Сэмэя, і той памёр.