Jeremiah 7 (BIB)
1 Слова, якое было Ераміі ад Госпада: 2 стань у браме дома Гасподняга і абвясьці там слова гэтае і скажы: слухайце слова Гасподняе, усе Юдэі, якія ўваходзяць праз гэтую браму на пакланеньне Госпаду. 3 Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: выпраўце шляхі вашыя і дзеі вашыя, і Я пакіну вас жыць на гэтым месцы. 4 Не спадзявайцеся на словы манлівыя: «тут храм Гасподні, храм Гасподні, храм Гасподні». 5 Але калі зусім выправіце шляхі вашыя і дзеі вашыя, калі будзеце правільна чыніць суд паміж чалавекам і супернікам ягоным, 6 ня будзеце прыгнятаць іншаземца, сіраты і ўдавы, і праліваць нявіннай крыві на месцы гэтым, і ня пойдзеце сьледам за іншымі багамі на бяду сабе, 7 дык я пакіну вас жыць на месцы гэтым, на гэтай зямлі, якую даў бацькам вашым у роды родаў. 8 Вось, вы спадзеяцеся на падманлівыя словы, якія не дадуць вам карысьці. 9 Як! вы крадзяце, забіваеце і пералюбы чыніце, і божыцеся ў ілжы і кадзіце Ваалу і ходзіце сьледам за іншымі багамі, якіх вы ня ведаеце, 10 і потым прыходзіце і становіцеся перад абліччам Маім у доме гэтым, над якім названа імя Маё, і кажаце: «мы выратаваны», каб і далей рабіць усе гэтыя мярзоты. 11 Ці не зрабіўся кублом разбойнікаў у вачах вашых дом гэты, над якім названа імя Маё? Вось, Я бачыў гэта, кажа Гасподзь. 12 Ідзеце ж на месца Маё ў Сілом, дзе Я раней назначыў быць імю Майму, і паглядзеце, што зрабіў Я зь ім за бязбожнасьць народа Майго Ізраіля. 13 І сёньня, як бо вы робіце ўсё гэта, кажа Гасподзь, і Я казаў вам з самае раніцы, а вы ня слухалі, і клікаў вас, а вы не адказвалі, 14 дык Я так зраблю з домам гэтым, над якім названа імя Маё, на які вы спадзеяцеся, і зь месцам, якое Я даў вам і бацькам вашым, як зрабіў зь Сіломам. 15 І адкіну вас ад аблічча Майго, як адкінуў усіх братоў вашых, усё семя Яфрэмавае. 16 А ты не прасі за народ гэты і ня ўзнось за іх малітвы і просьбы, і не хадайнічай перад Мною, бо Я не пачую цябе. 17 Ці ж ня бачыш, што яны робяць у гарадах Юдэі і на вуліцах Ерусаліма? 18 Дзеці зьбіраюць дровы, а бацькі разводзяць агонь, і жанчыны месяць цеста, каб рабіць піражкі багіні неба і ўчыняць выліваньні іншым багам, каб засмуціць Мяне. 19 Але ці Мяне засмучаюць яны? кажа Гасподзь: ці не саміх сябе сабе на сорам? 20 Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, выліваецца гнеў Мой і лютасьць Мая на месца гэтае, на людзей і на быдла, і на дрэвы польныя і на плады зямлі, і загарыцца і не патухне. 21 Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: цэласпаленьні вашыя дадавайце да ахвяраў вашых і ежце мяса; 22 бо бацькам вашым Я не казаў і не даваў ім запаведзі ў той дзень, у які Я вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, пра цэласпаленьне і ахвяру; 23 а такую запаведзь даў ім: слухайцеся голасу Майго, і Я буду вашым Богам, і вы будзеце Маім народам, і хадзеце па ўсякім шляху, які Я запавядаю вам, каб вам было добра. 24 Але яны не паслухаліся і ня прыхілілі вуха свайго, і жылі паводле намовы і ўпартасьці ліхога сэрца свайго, і сталі да Мяне плячыма, а ня тварам. 25 З таго дня, як бацькі вашыя выйшлі зь зямлі Егіпецкай, да гэтага дня Я пасылаў да вас усіх рабоў Маіх - прарокаў, пасылаў кожны дзень з самае раніцы: 26 але яны ня слухаліся Мяне і не прыхілілі вуха, а зжарсьцьвілі карак свой, рабілі горш за бацькоў сваіх. 27 І калі ты будзеш казаць ім усе гэтыя словы, яны цябе не паслухаюцца: і калі будзеш клікаць іх, яны табе не адкажуць. 28 Тады скажы ім: вось народ, які ня слухае голасу Госпада Бога свайго і ня прымае настаўленьняў! Ня стала ў іх ісьціны, - яна адабрана ад вуснаў іх. 29 Абстрыжы валасы свае і кінь, і падымі плач на горах, бо адкінуў Гасподзь і пакінуў род, які наклікаў гнеў Ягоны. 30 Бо сыны Юды робяць ліхое перад вачыма Маімі, кажа Гасподзь, паставілі мярзоты свае ў доме, над якім названа імя Маё, каб апаганіць яго; 31 і зладзілі вышыні ў даліне Тафэта, у даліне сыноў Эномавых, каб паліць сыноў сваіх і дачок сваіх у агні, чаго Я не загадваў, і што мне на сэрца ня прыходзіла. 32 За тое вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі ня будуць болей называць месца гэтае Тафэтам і далінаю сыноў Эномавых, а далінаю забойства, і ў Тафэце будуць хаваць ад недахопу месца. 33 І будуць трупы народа гэтага ежаю птушкам нябесным і зьвярам зямным, і ня будзе каму адганяць іх. 34 І спыню ў гарадах Юдэі і на вуліцах Ерусаліма голас перамогі і голас радасьці, голас жаніха і голас нявесты; бо зямля гэтая будзе пустыняю.