Ezra 8 (BIB)
1 І вось узначальнікі пакаленьняў і радаводы тых, якія выйшлі са мною з Вавілона, падчас валадараньня цара Артаксэркса: 2 з сыноў Фінээса Гірсон; з сыноў Ітамара Данііл; з сыноў Давіда Хатуш; 3 з сыноў Шэханіі, з сыноў Яроша Захар і зь ім па сьпісе радаводным сто пяцьдзясят чалавек мужчынскага полу; 4 з сыноў Сафатыі Зэвадыя, сын Міхаілаў, і зь ім восемдзесят чалавек мужчынскага полу; 5 з сыноў Шэханія, сын Яхазііла, і зь ім трыста чалавек мужчынскага полу; 6 з сыноў Адына Эвэд, сын Ёнатана, і зь ім пяцьдзясят чалавек мужчынскага полу; 7 з сыноў Элама Ешаія, сын Аталіі, і зь ім семдзесят чалавек мужчынскага полу; 8 з сыноў Сафатыі Зэвадыя, сын Міхаілаў, і зь ім восемдзесят чалавек мужчынскага полу; 9 з сыноў Ёава Авадыя, сын Ехіэлаў, і зь ім дзьвесьце васямнаццаць чалавек мужчынскага полу; 10 з сыноў Шэламіт, сын Ёсіфіі, і зь ім сто шэсьцьдзясят чалавек мужчынскага полу; 11 з сыноў Бэвая Захарыя, сын Бэвая, і зь ім дваццаць восем чалавек мужчынскага полу; 12 з сыноў Азгада Ёханан, сын Гакатана, і зь ім сто дзесяць чалавек мужчынскага полу; 13 з сыноў Аданікама апошнія, і вось іх імёны: Эліфэлет, Еэль і Шэмая, і зь імі шэсьцьдзясят чалавек мужчынскага полу; 14 з сыноў Бігвая Утай і Забуд, і зь імі семдзесят чалавек мужчынскага полу. 15 Я сабраў іх каля ракі, якая ўпадае ў Агаву, і мы прастаялі там тры дні, і калі я агледзеў народ і сьвятароў, дык з сыноў Лявіі нікога там не знайшоў. 16 І паслаў я паклікаць Эліезэра, Арыэла, Шэмаю і Элнатана, і Ярыва і Элнатана, і Натана і Захара і Мэшулама - галоўных і Ёярыва і Элнатана - вучоных, 17 і даў ім даручэньне да Ідо, галоўнага ў мясцовасьці Карысіфе, і ўклаў ім у вусны, што казаць Ідо і братам ягоным, нэтынэям у мясцовасьці Касіфе, каб яны прывялі да нас служак для дома Бога нашага. 18 І прывялі яны да нас, бо дабрадзейная рука Бога нашага была над намі, чалавека разумнага з сыноў Махлія, сына Лявіінага, сына Ізраілевага, менавіта ж Шэрэвію, і сыноў яго і братоў яго, васямнаццаць чалавек; 19 і Хашавію і зь ім Ешаію з сыноў Мэрарыных, братоў ягоных, і сыноў іхніх дваццаць; 20 і з нэтынэяў, якіх даваў Давід і князі ягоныя на прыслугу лявітам, дзьвесьце дваццаць нэтынэяў; усе яны названы паіменна. 21 І абвясьціў я там пост каля ракі Агавы, каб упакорыцца нам перад абліччам Бога нашага, прасіць у Яго пасьпяховай дарогі сабе і дзецям нашым і ўсёй маёмасьці нашай, 22 бо мне сорамна было прасіць у цара войска і коньнікаў на ахову нашую ад ворага па дарозе, бо мы, гаворачы з царом, сказалі: рука Бога нашага ўсім, хто прыходзіць да Яго, - дабрадзейная, а ўсім, хто пакідае Яго, - магутнасьць Ягоная і гнеў Ягоны! 23 І вось, мы пасьціліся і прасілі Бога нашага гэтага, і Ён пачуў нас. 24 І я аддзяліў з начальнікаў над сьвятарамі дванаццаць чалавек; Шэрэвію, Хашавію і зь імі дзесяць з братоў іхніх; 25 і аддаў ім вагою срэбра, золата і посуд, - усё ахвяраванае на дом Бога нашага, і што ахвяравалі цар і радцы ягоныя і князі ягоныя, і ўсе Ізраільцяне, якія там былі. 26 І аддаў на рукі ім вагою: срэбра - шасьцьсот пяцьдзясят талантаў, і срэбнага посуду - на сто талантаў, золата - сто талантаў, 27 і чараў залатых - дваццаць, і тысячу драхмаў, і дзьве пасудзіны з найлепшай бліскучай медзі, якая цэніцца як золата. 28 І сказаў я ім: вы - сьвятыня Госпаду, і посуд - сьвятыня, і срэбра і золата - дабрахотнае дараваньне Госпаду Богу бацькоў вашых. 29 Будзьце ж пільныя і зьберажэце гэта, пакуль вагою не здадзіце начальнікам над сьвятарамі і лявітамі і ўзначальнікам пакаленьняў Ізраілевых у Ерусаліме, у сховішча пры доме Гасподнім. 30 І прынялі сьвятары і лявіты ўзважанае срэбра і золата і посуд, каб аднесьці ў Ерусалім, у дом Бога нашага. 31 І выправіліся мы ад ракі Агавы на дванаццатым дні першага месяца, каб ісьці ў Ерусалім; і рука Бога нашага была над намі, і выратавала нас ад рукі ворага і ад тых, хто падпільноўваў нас па дарозе. 32 І прыйшлі мы ў Ерусалім, і прабылі там тры дні. 33 На чацьвёрты дзень мы здалі вагою срэбра і золата і посуд у дом Бога нашага, на рукі Мэрэмоту, сыну Урыі, сьвятару, і зь ім Элеазару, сыну Фінээсаву, і зь ім Ёзаваду, сыну Ісусаваму, і Наадыі, сыну Вінуя, лявітам 34 усё лікам і вагою. І ўсё ўзважанае запісана ў той самы час. 35 Перасяленцы, якія прыйшлі з палону, прынесьлі на цэласпаленьне Богу Ізраілеваму дванаццаць цялят за ўсяго Ізраіля, дзевяноста шэсьць бараноў, семдзесят сем ягнят і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх: усё гэта на цэласпаленьне Госпаду. 36 І аддалі царскія загады царскім сатрапам і зарэцкім начальнікам вобласьцяў, і яны ўшанавалі народ і дом Божы.