Numbers 26 (BIB)
1 Пасьля гэтай паразы сказаў Гасподзь Майсею і Элеазару, сыну Аарона, сьвятару, кажучы: 2 палічэце ўсё супольства сыноў Ізраілевых ад дваццаці гадоў і вышэй, па семэях іхніх, усіх здольных ваяваць у Ізраіля. 3 І сказаў ім Майсей і Элеазар сьвятар на раўнінах Маавіцкіх каля Ярдана, насупраць Ерыхона, кажучы: 4 палічэце ўсіх ад дваццаці гадоў і вышэй, як загадаў Гасподзь Майсею і сынам Ізраілевым, якія выйшлі зь зямлі Егіпецкай: 5 Рувім, першынец Ізраіля. Сыны Рувімавыя: ад Ханоха пакаленьне Ханохавае, ад Фалу, пакаленьне Фалуевае, 6 ад Хецрона пакаленьне Хецронавае, ад Хармі пакаленьне Харміевае; 7 вось пакаленьні Рувімавыя; і налічана іх сорак тры тысячы сямсот трыццаць. 8 І сыны Фалуевыя: Эліяў. 9 Сыны Эліява: Нэмуіл, Датан і Авірон. Гэта тыя Датан і Авірон, якіх клічуць на сход, якія ўчынілі бунт супроць Майсея і Аарона разам з саўдзельнікамі Карэя, калі гэтыя ўчынілі бунт супроць Госпада; 10 і разьзявіла зямля вусны свае і праглынула іх і Карэя: разам зь імі памерлі і саўдзельнікі іхнія, калі агонь зжэр дзьвесьце пяцьдзясят чалавек, і сталіся яны азнакаю; 11 але сыны Карэевыя не памерлі. 12 Сыны Сымонавыя паводле пакаленьняў іхніх: ад Нэмуіла пакаленьне Нэмуілавае, ад Яміна пакаленьне Ямінавае, ад Яхіна пакаленьне Яхінавае, 13 ад Зары пакаленьне Зарынавае, ад Саўла пакаленьне Саўлавае; 14 вось пакаленьні Сымонавыя: дваццаць дзьве тысячы дзьвесьце. 15 Сыны Гадавыя паводле пакаленьняў іхніх: ад Цафона пакаленьне Цафонавае, ад Хагія пакаленьне Хагіевае, ад Шунія пакаленьне Шуніевае, 16 ад Азьнія пакаленьне Азьніевае, ад Эрыя пакаленьне Эрыевае, 17 ад Арода пакаленьне Ародавае, ад Арэлія пакаленьне Арэліевае; 18 вось пакаленьні сыноў Гадавых, паводле падліку іх: сорак тысяч пяцьсот. 19 Сыны Юды: Ір і Анан; але Ір і Анан памерлі ў зямлі Ханаанскай; 20 і былі сыны Юдавыя паводле пакаленьняў іхніх: ад Шэлы пакаленьне Шэлавае, ад Фарэса пакаленьне Фарэсавае, ад Зары пакаленьне Заравае; 21 і былі сыны Фарэсавыя: ад Эсрома пакаленьне Эсромавае, ад Хамула пакаленьне Хамулавае; 22 вось пакаленьні Юдавыя, паводле падліку іх: семдзесят шэсьць тысяч пяцьсот. 23 Сыны Ісахаравыя паводле пакаленьняў іх: ад Толы пакаленьне Толавае, ад Фувы пакаленьне Фувавае, 24 ад Яшува пакаленьне Яшувавае, ад Шымрона пакаленьне Шымронавае; 25 вось пакаленьні Ісахаравыя, паводле падліку іх: шэсьцьдзясят чатыры тысячы трыста. 26 Сыны Завулонавыя паводле пакаленьняў іх: ад Сарэда пакаленьне Сарэдавае, ад Элона пакаленьне Элонавае, ад Яхлэіла пакаленьне Яхлэілавае; 27 вось пакаленьні Завулонавыя, паводле падліку іх: шэсьцьдзясят тысяч пяцьсот. 28 Сыны Язэпа паводле пакаленьняў іх: Манасія і Яфрэм. 29 Сыны Манасііныя: ад Махіра пакаленьне Махіравае; ад Махіра нарадзіўся Галаад, ад Галаада пакаленьне Галаадавае. 30 Вось сыны Галаадавыя: ад Езэра пакаленьне Езэравае, ад Хэлэка пакаленьне Хэлэкавае, 31 ад Асрыіла пакаленьне Асрыілавае, ад Шахэма пакаленьне Шахэмавае, 32 ад Шаміды пакаленьне Шамідавае, ад Хэфэра пакаленьне Хэфэравае. 33 У Салпаада, сына Хэфэравага, ня было сыноў, а толькі дочкі; імя дочак Салпаадавых: Махла, Ноа, Хогла, Мілка і Тырца. 34 Вось пакаленьні Манасііныя; а налічана іх пяцьдзясят дзьве тысячы сямсот. 35 Вось сыны Яфрэмавыя паводле пакаленьняў іх: ад Шутэлы пакаленьне Шутэлавае, ад Бэхера, пакаленьне Бэхеравае, ад Тахана пакаленьне Таханавае; 36 і вось сыны Шутэлавыя: ад Арана пакаленьне Аранавае; 37 вось пакаленьне сыноў Яфрэмавых, паводле падліку іх: трыццаць дзьве тысячы пяцьсот. Вось сыны Язэпавыя паводле пакаленьняў іх. 38 Сыны Веньямінавыя паводле пакаленьняў іх: ад Бэлы пакаленьне Бэлавае, ад Ашбэла пакаленьне Ашбэлавае, ад Ахірама пакаленьне Ахірамавае, 39 ад Шэфуфама пакаленьне Шэфуфамавае, ад Хуфама пакаленьне Хуфамавае; 40 і былі сыны Бэлавыя: Ард і Нааман; пакаленьне Ардавае, ад Наамана пакаленьне Нааманавае; 41 вось сыны Веньямінавыя паводле пакаленьняў іх; а налічана іх сорак пяць тысяч шэсьцьсот. 42 Вось сыны Данавыя паводле пакаленьняў іх: ад Шухама пакаленьне Шухамавае; вось сямействы Данавыя паводле пакаленьня іх. 43 І ўсіх пакаленьняў Шухама, паводле падліку іх: шэсьцьдзясят чатыры тысячы чатырыста. 44 Сыны Асіравыя паводле пакаленьняў іх: ад Імны пакаленьне Імнавае, ад Ішвы пакаленьне Ішвавае, ад Вэрыі пакаленьньне Вэрыінае; 45 ад сыноў Вэрыі, ад Хэвэра пакаленьне Хэвэравае, ад Малхііла пакаленьне Малхіілавае; 46 імя дачкі Асіравай Сара; 47 вось пакаленьне сыноў Асіравых, паводле падліку іх: пяцьдзясят тры тысячы чатырыста. 48 Сыны Нэфталімавыя паводле пакаленьняў іх; ад Яхцаіла пакаленьне Яхцаілавае, ад Гунія пакаленьне Гуніевае, 49 ад Ецэра, пакаленьне Ецэравае, ад Шылэма пакаленьне Шылэмавае; 50 вось пакаленьні Нэфталімавыя паводле пакаленьняў іх; а налічана іх сорак пяць тысяч чатырыста. 51 Вось лік тых, што ўвайшлі ў падлік сыноў Ізраілевых: шэсьцьсот адна тысяча сямсот трыццаць. 52 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы: 53 гэтым на долю табе трэба разьдзяліць зямлю па колькасьці імёнаў; 54 хто большы лікам, тым дай долю большую, а хто меншы лікам, тым дай долю меншую: кожнаму трэба даць долю суразьмерна з колькасьцю тых, што ўвайшлі ў падлік; 55 паводле жэрабя трэба падзяліць зямлю, паводле плямёнаў бацькоў іхніх павінны яны атрымаць долі; 56 паводле жэрабя трэба падзяліць ім долі іхнія, як шматлікім, так і малалікім. 57 Гэтыя лявіты ўвайшлі ў падлік паводле пакаленьняў іх: ад Гірсона пакаленьне Гірсонавае, ад Каата пакаленьне Каатавае, ад Мэрары пакаленьне Мэрарынае. 58 Вось пакаленьні Лявііныя: пакаленьне Ліўніевае, пакаленьне Хэўронавае, пакаленьне Махліевае, пакаленьне Мушыевае, пакаленьне Карэевае. Ад Каата нарадзіўся Амрам. 59 Імя жонкі Амрамавай Ёхавэд, дачка Лявііная, якую нарадзіла жонка Лявііная ў Егіпце, а яна Амраму нарадзіла Аарона, Майсея і Марыям, сястру іхнюю. 60 І нарадзіліся ў Аарона Надаў і Авіуд, Элеазар і Ітамар; 61 Але Надаў і Авіуд памерлі, калі прынесьлі чужы агонь да Госпада. 62 І было налічана дваццаць тры тысячы ўсіх мужчынскага полу, ад аднаго месяца і вышэй; бо яны ня былі палічаны разам з сынамі Ізраілевымі, бо ня дадзена ім долі сярод сыноў Ізраілевых. 63 Вось палічаны Майсеем і Элеазарам сьвятаром, якія палічылі сыноў Ізраілевых на раўнінах Маавіцкіх каля Ярдана, насупраць Ерыхона; 64 у ліку іх ня было ніводнага чалавека з палічаных Майсеем і Ааронам сьвятаром, якія лічылі сыноў Ізраілевых у пустыні Сінайскай; 65 бо Гасподзь сказаў ім, што памруць яны ў пустыні, - і не засталося зь іх нікога, акрамя Халева, сына Ефаніінага, і Ісуса, сына Нававага.