Ruth 2 (BIB)
1 У Наэміні быў родзіч, па мужы яе, чалавек даволі знакаміты, з племя Элімэлэхавага, імя яго Ваоз. 2 І сказала Рут Маавіцянка Наэміні: пайду я на поле і буду зьбіраць каласы па сьледзе таго, у каго знайду ўпадабаньне. Яна сказала ёй: ідзі, дачка мая. 3 Яна пайшла, і прыйшла, і зьбірала ў полі каласы за жнеямі. І супала так, што тая частка поля належала Ваозу, які з племя Элімэлэхавага. 4 І вось, Ваоз прыйшоў зь Віфляема і сказаў жнеям: Гасподзь з вамі! Яны сказалі яму: хай дабраславіць цябе Гасподзь! 5 І сказаў Ваоз слузе свайму, прыстаўленаму да жнеяў: чыя гэта маладая жанчына? 6 Слуга, прыстаўлены да жнеяў, адказваў і сказаў: гэтая маладая жанчына - Маавіцянка, якая прыйшла з Наэміньню з палёў Маавіцкіх; 7 яна сказала: «буду я падбіраць і зьбіраць паміж снапамі і за жнеямі»; і прыйшла, і тут з самае раніцы дагэтуль; яна мала бывае дома. 8 І сказаў Ваоз Руце: паслухай, дачка мая, не хадзі зьбіраць на другое поле і не пераходзь адсюль, а будзь тут з маімі служанкамі; 9 хай на вачах тваіх будзе тое поле, дзе яны жнуць, і хадзі за імі; вось, я загадаў слугам сваім не чапаць цябе; калі захочаш піць, ідзі да посуду і пі, адкуль чэрпаюць слугі мае. 10 Яна ўпала на твар свой і пакланілася да зямлі і сказала яму: чым я заслужыла ў вачах тваіх міласьць, што ты прымаеш мяне, хоць я і чужаземка? 11 Ваоз адказваў і сказаў ёй: мне сказалі ўсё, што зрабіла ты сьвякрові пасьля сьмерці мужа твайго, што ты пакінула твайго бацьку і тваю маці і тваю радзіму і прыйшла да народа, якога ты ня ведала ўчора і заўчора; 12 хай дасьць Гасподзь за гэты ўчынак твой, і хай будзе табе поўная ўзнагарода ад Госпада Бога Ізраілевага, да Якога ты прыйшла, каб супакоіцца пад Ягонымі крыламі! 13 Яна сказала: хай буду я ў міласьць перад вачамі тваімі, гаспадару мой! ты суцешыў мяне і гаварыў па сэрцы рабыні тваёй, тым часам як я ня вартая ніводнае з рабыняў тваіх. 14 І сказаў ёй Ваоз: час полудня, прыйдзі сюды і еж хлеб і мачай кавалак твой у воцат. І села яна каля жнеяў. Ён падаў ёй хлеба; яна ела, наелася, і яшчэ засталося. 15 І ўстала, каб падбіраць. Ваоз даў загад слугам сваім, сказаўшы: хай падбірае яна і паміж снапоў, і ня крыўдзіце яе; 16 ды і ад снапоў адкідвайце ёй, няхай яна падбірае, і ня ганьце яе. 17 Так падбірала яна на полі да вечара і змалаціла сабранае, і выйшла каля эфы ячменю. 18 Узяўшы гэта, яна пайшла ў горад, і сьвякроў яе ўбачыла, што яна назьбірала. І дастала і дала ёй тое, што пакінула, наеўшыся сама. 19 І сказала ёй сьвякроў яе: дзе ты зьбірала сёньня і дзе працавала? хай будзе дабраславёны той, хто прыняў цябе! Рут абвясьціла сьвякрові сваёй, у каго яна працавала, і сказала: чалавеку таму, у якога я сёньня працавала, імя Ваоз. 20 І сказала Наэмінь нявестцы сваёй: дабраславёны ён у Госпада за тое, што не пазбавіў міласьці сваёй ні жывых, ні мёртвых! І сказала ёй Наэмінь: чалавек гэты блізкі да нас; ён з нашых родзічаў. 21 Рут Маавіцянка сказала: ён нават сказаў мне: будзь з маімі служанкамі, пакуль яны не закончаць жніва майго. 22 І сказала Наэмінь нявестцы сваёй Руце: добра, дачка мая, што ты будзеш хадзіць з служанкамі ягонымі, і ня будуць зьневажаць цябе на іншым полі. 23 Так была яна з служанкамі Ваозавымі і падбірала, пакуль не скончылася жніва ячменю і жніва пшаніцы, і жыла ў сьвякрові сваёй.