1 Kings 14 (BIB)
1 Тым часам захварэў Авія, сын Ераваамаў. 2 І сказаў Ераваам жонцы сваёй: устань і пераапраніся, каб не пазналі, што ты жонка Ераваамава, і пайдзі ў Сілом. Там ёсьць прарок Ахія; ён прадказаў мне, што я буду царом гэтага народу, 3 і вазьмі з сабою дзесяць хлябоў і праснакоў і збанок мёду і йдзі да яго; ён скажа табе, што будзе з хлопчыкам. 4 Ераваамава жонка так і зрабіла: устала, пайшла ў Сілом і прыйшла ў дом Ахіі. Ахія ўжо ня мог бачыць, бо вочы яго зрабіліся нерухомыя ад старасьці. 5 І сказаў Гасподзь Ахію: вось, ідзе жонка Ераваамава папытацца ў цябе пра сына свайго, бо ён хворы; так і так кажы ёй; яна прыйдзе пераапранутая. 6 Ахія, пачуўшы шолах ад ног яе, калі яна ўвайшла ў дзьверы, сказаў: ўвайдзі, жонка Ераваамава; навошта табе было пераапранацца? Я грозны пасланец да цябе. 7 Ідзі, скажы Еравааму; так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я ўзвысіў цябе з асяродзьдзя простага люду і паставіў правадыром народу Майго Ізраіля, 8 і адабраў царства ў дома Давідавага і даў яго табе; а ты не такі, як раб Мой Давід, які захоўваў наказы Мае і які пайшоў сьледам за Мною ўсім сэрцам сваім, робячы толькі заўгоднае перад вачыма Маімі; 9 ты рабіў горш за ўсіх, якія былі да цябе, і пайшоў і зрабіў сабе іншых багоў і балваноў, каб раздражніць Мяне, а Мяне адкінуў; 10 за гэта Я навяду бедствы на дом Ераваамаў і вынішчу ў Ераваама да таго, хто мочыцца да сьцяны, замкнутага і таго, хто застаўся ў Ізраілі, і вымяту дом Ераваамаў, як вымятаюць сьмецьце, дачыста; 11 хто памрэ ў Ераваама ў горадзе, таго зьядуць сабакі, а хто памрэ на полі, таго зьдзяўбуць птушкі нябесныя: так Гасподзь сказаў. 12 Устань і йдзі ў дом твой; і як толькі нага твая ступіць за горад, памрэ дзіця; 13 і аплачуць яго ўсе Ізраільцяне і пахаваюць яго, бо яно адно ў Ераваама ўвойдзе ў магільніцу, бо ў ім, з дома Ераваамавага, знайшлося нешта добрае прад Госпадам Богам Ізраілевым. 14 І паставіць Сабе Гасподзь над Ізраілем цара, які зьнішчыць дом Ераваамаў у той дзень; і што? нават цяпер. 15 І паб'е Гасподзь Ізраіля, і будзе ён, як трысьнёг, хістаны ў вадзе, і выкіне Ізраільцянаў з гэтай добрай зямлі, якую даў бацькам іхнім, і расьсее іх за раку за тое, што яны зрабілі ў сябе балваноў, раздражняючы Госпада; 16 і аддасьць Гасподзь Ізраіля за грахі Ераваамавыя, якія ён сам зрабіў і якімі ўвёў у грэх Ізраіля. 17 І ўстала жонка Ераваамава і пайшла і прыйшла ў Тырцу; і як толькі пераступіла парог дома, дзіця памерла. 18 І пахавалі яго, і аплакалі яго ўсе Ізраільцяне па слове Госпада, якое Ён прамовіў праз раба Свайго Ахію прарока. 19 Астатнія дзеі Ераваамавыя, як ён ваяваў і як валадарыў, апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх. 20 Часу валадараньня Ераваама было дваццаць два гады; і спачыў ён з бацькамі сваімі, і зацараваў Нават, сын ягоны, замест яго. 21 Раваам, сын Саламонаў, валадарыў у Юдэі. Сорак адзін год было Равааму, калі ён зацараваў, і сямнаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме, у горадзе, які выбраў Гасподзь з усіх каленаў Ізраілевых, каб было там імя Ягонае. Імя маці ягонай Наама Аманіцянка. 22 І рабіў Юда неспадобнае прад вачыма Госпада, і раздражняла Яго найбольш тое, што зрабілі бацькі іхнія сваімі грахамі, якімі яны грашылі. 23 І зладзілі яны ў сябе вышыні і статуі і капішчы на кожным высокім пагорку і пад кожным цяністым дрэвам. 24 І блудадзеі былі таксама ў гэтай зямлі і рабілі ўсе мярзоты тых народаў, якіх Гасподзь прагнаў ад аблічча сыноў Ізраілевых. 25 На пятым годзе валадараньня Раваамавага, Сусакім, цар Егіпецкі, выйшаў супроць Ерусаліма 26 і ўзяў скарбы дома Гасподняга і скарбы дома царскага, - усё ўзяў; узяў і ўсе залатыя шчыты, якія зрабіў Саламон. 27 І зрабіў цар Раваам замест іх медныя шчыты і аддаў іх у рукі начальнікам целаахоўцаў, якія ахоўвалі ўваход у дом цара. 28 Калі цар выходзіў у дом Гасподні, целаахоўцы несьлі іх, і потым зноў зносілі іх у палату целаахоўцаў. 29 Астатняе пра Раваама і пра ўсё, што ён рабіў, апісана ў летапісе цароў Юдэйскіх. 30 Паміж Раваамам і Ераваамам была вайна ва ўсе дні жыцьця іхняга. 31 І спачыў Раваам з бацькамі сваімі і пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давідавым. Імя маці ягонай Наама Аманіцянка. І зацараваў Авія, сын ягоны, замест яго.