2 Kings 6 (BIB)
1 І сказалі сыны прарокавыя Елісею: вось, месца, дзе мы жывём пры табе, цесна нам; 2 пойдзем да Ярдана і возьмем адтуль кожны па адным бервяне і зробім сабе там месца жыхарства. Ён сказаў: ідзеце. 3 І сказаў адзін: зрабі ласку, ідзі і ты з рабамі тваімі. І сказаў ён: пайду. 4 І пайшоў зь імі, і прыйшлі да Ярдана і пачалі сячы дрэвы. 5 І калі адзін валіў бервяно, сякера ягоная ўпала ў ваду. І закрычаў ён і сказаў: ах, гаспадару мой! а ён узяў быў на патрыманьне! 6 І сказаў чалавек Божы: дзе яна ўпала? Ён паказаў яму месца. І адсек ён кавалак дрэва і кінуў туды, і выплыла сякера. 7 І сказаў ён: вазьмі сабе. Ён працягнуў руку сваю і ўзяў яе. 8 Цар Сірыйскі пайшоў вайною на Ізраільцян і раіўся са слугамі сваімі, кажучы: там-та і ў такім-та месцы я раскіну свой табар. 9 І пасылаў чалавек Божы да цара Ізраільскага сказаць: сьцеражэцеся праходзіць гэтым месцам, бо там Сірыйцы залеглі. 10 І пасылаў цар Ізраільскі на тое месца, пра якое казаў яму чалавек Божы і перасьцерагаў яго; і зьбярог сябе там ня раз і ня два. 11 І ўстрывожылася сэрца цара Сірыйскага з гэтай нагоды, і паклікаў ён рабоў сваіх і сказаў ім: скажэце мне, хто з вашых мае зносіны з царом Ізраільскім? 12 І сказаў адзін слуга ягоны: ніхто, гаспадару мой цар; а Елісей прарок, які ў Ізраіля, пераказвае цару Ізраільскаму і тыя словы, якія ты кажаш у спальні тваёй. 13 І сказаў ён: ідзеце, даведайцеся, дзе ён; я пашлю і вазьму яго. І данесьлі яму і сказалі: вось, ён у Датаіме. 14 І паслаў туды коні і калясьніцы і шмат войска. І прыйшлі ноччу і акружылі горад. 15 Раніцай служка чалавека Божага ўстаў і выйшаў; і вось, войска вакол горада і коні і калясьніцы. І сказаў яму слуга ягоны: шкада, гаспадару мой! што нам рабіць? 16 І сказаў ён: ня бойся, бо тых, якія з намі, больш, чым тых, якія зь імі. 17 І маліўся Елісей і казаў: Госпадзе! разамкні яму вочы, каб ён убачыў. І разамкнуў Гасподзь вочы слузе, і ён убачыў, і вось, уся гара напоўнена конямі і калясьніцамі вогненнымі вакол Елісея. 18 Калі пайшлі да яго Сірыйцы, Елісей памаліўся Госпаду і сказаў: спадобі іх сьлепатою. І Ён спадобіў іх сьлепатою па слове Елісея. 19 І сказаў ім Елісей: гэта ня тая дарога і ня той горад; ідзеце за мною, я правяду вас да таго чалавека, якога вы шукаеце. І прывёў іх у Самарыю. 20 Калі яны прыйшлі ў Самарыю, Елісей сказаў: Госпадзе! разамкні вочы ім, каб яны бачылі. І разамкнуў Гасподзь вочы ім, і ўбачылі, што яны ўсярэдзіне Самарыі. 21 І сказаў цар Ізраільскі Елісею, убачыўшы іх: ці не пабіць іх, бацька мой? 22 І сказаў ён: не забівай. Хіба мечам тваім і лукам тваім ты паланіў іх, каб забіваць іх? Прапануй ім хлеба і вады; няхай ядуць і п'юць, і пойдуць да гаспадара свайго. 23 І прыгатаваў ім вялікі абед, і яны елі і пілі. І адпусьціў іх, і пайшлі да гаспадара свайго. І не хадзілі больш тыя полчышчы Сірыйскія ў зямлю Ізраілеву. 24 Пасьля таго сабраў Вэенадад, цар Сірыйскі, усё войска сваё і выступіў, і аблажыў Самарыю. 25 І быў вялікі голад у Самарыі, калі яны аблажылі яе, так што асьліная галава прадавалася па восемдзесят сікляў срэбра, і чацьвёртая частка каба галубінага памёту - па пяць сікляў срэбра. 26 Аднойчы цар Ізраільскі праходзіў па сьцяне, і жанчына зь лямантам казала яму: памажы, гаспадару мой цар. 27 І сказаў ён: калі не паможа табе Гасподзь, з чаго я памагу табе? ці з гумна, ці з чавільні? 28 І сказаў ёй цар: што табе? І сказала яна: гэтая жанчына казала мне: аддай свайго сына, зьямо яго сёньня, а сына майго зьямо заўтра. 29 І згатавалі мы майго сына, і зьелі яго. І я сказала ёй на другі дзень: аддай жа твайго сына, і зьямо яго. Але яна схавала свайго сына. 30 Цар, выслухаўшы словы жанчыны, падраў вопратку на сабе; і праходзіў ён па сьцяне, і народ бачыў, што вярэта на самім целе ягоным. 31 І сказаў: няхай тое і тое зробіць мне Бог, і яшчэ болей зробіць, калі застанецца галава Елісея, сына Сафатавага, на ім сёньня. 32 А Елісей сядзеў у сваім доме і старцы сядзелі ў яго. І паслаў цар чалавека ад сябе. Перш чым прыйшоў пасланы да яго, ён сказаў старцам: бачыце, што гэты сын забойцы паслаў зьняць зь мяне галаву? Глядзеце, калі прыйдзе пасланец, зачынеце дзьверы і прыцісьніце яго дзьвярмі. А вось і тупат ног гаспадара яго за ім! 33 Яшчэ гаварыў ён зь імі, і вось пасланец прыходзіць да яго, і сказаў: вось якое бедства ад Госпада! чаго мне далей чакаць ад Госпада?