Deuteronomy 31 (BIB)
1 І пайшоў Майсей, і гаварыў словы гэтыя ўсім сынам Ізраіля, 2 і сказаў ім: цяпер мне сто дваццаць гадоў, я не магу ўжо выходзіць і ўваходзіць, і Гасподзь сказаў мне: «ты не пяройдзеш Ярдан гэты»; 3 Гасподзь, Бог твой, Сам пойдзе перад табою; Ён зьнішчыць народы гэтыя ад аблічча твайго, і ты авалодаеш імі; Ісус пойдзе перад табою, як казаў Гасподзь; 4 учыніць Гасподзь зь імі так, як Ён учыніў зь Сігонам і Огам, царамі Амарэйскімі, і зь зямлёю іхняю, якіх Ён зьнішчыў; 5 і аддасьць іх Гасподзь вам, і вы зробіце зь імі паводле ўсіх запаведзяў, якія наказаў я вам; 6 будзьце цьвёрдыя і мужныя, ня бойцеся, і не палохайцеся іх, бо Гасподзь, Бог твой, Сам пойдзе з табою, не адступіць ад цябе і не пакіне цябе. 7 І паклікаў Майсей Ісуса і перад вачыма ўсіх Ізраільцянаў сказаў яму: будзь цьвёрды і мужны, бо ты ўвойдзеш з народам гэтым у зямлю, даць якую яму Гасподзь запрысягаўся бацькам ягоным, і ты падзеліш яе на дзялянкі яму; 8 Гасподзь Сам пойдзе перад табою, Сам будзе з табою, не адступіцца ад цябе і не пакіне цябе; ня бойся і не жахайся. 9 І напісаў Майсей закон гэты і аддаў яго сьвятарам сынам Лявііным, якія носяць каўчэг запавету Гасподняга, і ўсім старэйшынам сыноў Ізраілевых. 10 І наказаў ім Майсей і сказаў: як пройдзе сем гадоў, у год адпусту, у сьвята кучак, 11 калі ўвесь Ізраіль прыйдзе зьявіцца прад аблічча Госпада, Бога твайго, на месца, якое выбера Гасподзь, чытай гэты закон перад усім Ізраілем у слых ягоны; 12 зьбяры народ, мужчын і жанчын і дзяцей і прыхадняў тваіх, якія будуць у селішчах тваіх, каб яны слухалі і вучыліся і каб баяліся Госпада, Бога вашага, і стараліся выконваць усе словы закона гэтага; 13 і сыны іхнія, якія ня ведаюць гэтага, пачуюць і навучацца баяцца Госпада, Бога вашага, ва ўсе дні, пакуль вы жыцьмеце на зямлі, у якую вы пераходзіце за Ярдан, каб авалодаць ёю. 14 І сказаў Гасподзь Майсею: вось, дні твае наблізіліся да сьмерці; пакліч Ісуса і станьце каля ўваходу ў скінію сходу, і Я дам яму настаўленьні. І прыйшоў Майсей і Ісус, і сталі каля ўваходу ў скінію сходу. 15 І зьявіўся Гасподзь у скінію ў слупе воблачным, і стаў слуп воблачны каля ўваходу ў скінію. 16 І сказаў Гасподзь Майсею: вось, ты спачнеш з бацькамі тваімі, і пачне народ гэты аблудна хадзіць сьледам за чужымі багамі той зямлі, у якую ён уступае, і пакіне Мяне, і парушыць запавет Мой, які я пастанавіў зь ім; 17 і запаліцца гнеў Мой на яго ў той дзень, і Я пакіну іх і схаваю аблічча Маё ад іх, і ён зьнішчаны будзе, і дастануць яго многія бядоты і скрухі, і скажа ён у той дзень: «ці не таму спасьціглі мяне гэтыя бядоты, што няма Бога майго, сярод мяне?» 18 І Я схаваю аблічча Маё ў той дзень за ўсе беззаконьні ягоныя, якія ён учыніць, павярнуўшыся да іншых багоў. 19 Дык вось, напішэце сабе словы песьні гэтай, і навучы ёй сыноў Ізраілевых, і ўкладзі іх у вусны іхнія, каб песьня гэтая была Мне сьведчаньнем на сыноў Ізраілевых; 20 бо Я ўвяду іх у зямлю добрую, як Я прысягаўся бацькам іхнім, дзе цячэ малако і мёд, і яны будуць есьці і наядацца, і атлусьцеюць, і павернуцца да іншых багоў, і слугавацьмуць ім, а Мяне адкінуць і парушаць запавет Мой; 21 і калі спасьцігнуць іх многія бядоты і скрухі, тады песьня гэтая будзе супроць іх сьведчыць, бо яна ня выйдзе з вуснаў нашчадкаў іхніх. Я ведаю думкі іхнія, якія яны маюць сёньня, раней чым Я ўвёў іх у зямлю, за якую Я прысягаўся. 22 І напісаў Майсей песьню гэтую ў той дзень і навучыў ён сыноў Ізраілевых. 23 І наказаў Гасподзь Ісусу, сыну Нава, і сказаў: будзь цьвёрды і мужны, бо ты ўвядзеш сыноў Ізраілевых у зямлю, за якую Я прысягаў ім, і Я буду з табою. 24 Калі Майсей упісаў у кнігу ўсе словы закона гэтага да канца, 25 тады Майсей загадаў лявітам, якія носяць каўчэг запавету Гасподняга, сказаўшы: 26 вазьмеце гэтую кнігу закона і пакладзеце яе праваруч каўчэга запавету Госпада, Бога вашага, і яна табе будзе сьведчаньнем супроць цябе; 27 бо я ведаю ўпартасьць тваю і цьвёрдахрыбетнасьць тваю: вось і цяпер, калі я жыву з вамі сёньня, вы ўпартыя прад Госпадам; ці ж ня тым болей пасьля сьмерці маёй? 28 зьбярэце да мяне ўсіх старэйшынаў плямёнаў вашых і наглядчыкаў вашых, і я скажу ў слых іхні словы гэтыя і паклічу ў сьведчаньне на іх неба і зямлю; 29 бо я ведаю, што пасьля сьмерці маёй вы разбэсьціцеся і ўхіліцеся ад дарогі, якую я наказваў вам, і з часам спасьцігнуць вас бядоты за тое, што вы будзеце рабіць ліхату прад вачыма Госпада, раздражняючы Яго дзеямі рук сваіх. 30 І прамовіў Майсей у слых усяму сходу Ізраільцянаў словы песьні гэтай да канца:
In Other Versions
Deuteronomy 31 in the ANTPNG2D
Deuteronomy 31 in the BNTABOOT
Deuteronomy 31 in the BOHNTLTAL
Deuteronomy 31 in the BOILNTAP
Deuteronomy 31 in the KBT1ETNIK
Deuteronomy 31 in the TBIAOTANT