Exodus 16 (BIB)
1 І рушылі з Эліма, і прыйшло ўсё супольства сыноў Ізраілевых у пустыню Сін, што паміж Элімам і Сінаем, на пятнаццаты дзень другога месяца пасьля выхаду іх зь зямлі Егіпецкай. 2 І пачало наракаць усё супольства сыноў Ізраілевых на Майсея і Аарона ў пустыні. 3 І сказалі ім сыны Ізраілевыя: о, калі б мы сканалі ад рукі Гасподняй у зямлі Егіпецкай, як мы сядзелі каля катлоў зь мясам, як мы елі хлеба ўдосыць! бо вы нас вывелі ў пустыню гэтую, каб усё супольства замарыць голадам. 4 І сказаў Гасподзь Майсею: вось, Я пашлю вам хлеб зь неба, і хай люд выходзіць і зьбірае штодзённа, колькі трэба на дзень, каб Я выпрабаваў яго, ці будзе ён рабіць паводле закона Майго, ці не; 5 а ў шосты дзень хай гатуюць, што прынясуць, і будзе ўдвая болей за тое, што зьбіраюць у іншыя дні. 6 І сказалі Майсей і Аарон усяму супольству сыноў Ізраілевых: увечары даведаецеся вы, што Гасподзь вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, 7 і раніцай убачыце славу Гасподнюю, бо пачуў Ён нараканьні вашыя на Госпада: а мы што такое, што наракаеце на нас? 8 І сказаў Майсей: даведаецеся, калі Гасподзь увечары дасьць вам мяса на ежу, а раніцай хлеба ўдосыць; бо Гасподзь пачуў нараканьні вашыя, якія вы ўзьвялі супроць Яго: а мы што? не на нас нараканьні вашыя, а на Госпада. 9 І сказаў Майсей Аарону: скажы ўсяму супольству сыноў Ізраілевых: станьце прад абліччам Госпада, бо Ён пачуў нараканьні вашыя. 10 І калі прамаўляў Аарон да ўсяго супольства сыноў Ізраілевых, дык яны азірнуліся на пустыню, і вось, слава Гасподняя зьявілася ў воблаку. 11 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 12 Я пачуў нараканьні сыноў Ізраілевых; скажы ім: увечары будзеце есьці мяса, а раніцай насыціцеся хлебам - і ўведаеце, што Я Гасподзь, Бог ваш. 13 Увечары наляцелі перапёлкі і пакрылі табар, а раніцай ляжала раса наўкола табара; 14 раса паднялася, і вось, на паверхні пустыні нешта дробнае, падобнае на крупы, дробнае, як іней на зямлі. 15 І ўбачылі сыны Ізраілевыя і казалі адзін аднаму: што гэта? Бо ня ведалі, што гэта. І Майсей сказаў ім: гэта хлеб, які Гасподзь даў вам на ежу: 16 вось, што загадаў Гасподзь: зьбірайце яго кожны па столькі, колькі яму зьесьці; па гаморы на чалавека, па колькасьці душ, колькі ў каго ў намёце, зьбірайце. 17 І зрабілі так сыны Ізраілевыя і сабралі, хто многа, хто мала; 18 і мералі гаморам, і ў таго, хто сабраў многа, ня было лішняга, і ў таго, хто мала, ня было нястачы: кожны сабраў, колькі яму зьесьці. 19 І сказаў ім Майсей: ніхто не пакідай гэтага да раніцы. 20 Але не паслухаліся яны Майсея, і пакінулі ад гэтага некаторыя да раніцы, - і завяліся чэрві, і яно прасьмердла. І ўгневаўся на іх Майсей. 21 І зьбіралі яны рана раніцай, кожны колькі яму зьесьці; калі ж сагравала сонца, яно раставала. 22 А на шосты дзень сабралі хлеба ўдвая, па два гаморы на кожнага. І прыйшлі ўсе правадыры супольства і данесьлі Майсею. 23 І сказаў ім: вось, што сказаў Майсей: заўтра спакой, сьвятая субота Гасподняя, што трэба пячы, пячэце, і што трэба гатаваць, гатуйце сёньня, і што застанецца, адкладзеце і зьберажэце да раніцы. 24 І адклалі тое да раніцы, як загадаў Майсей, і яно не прасьмердла, і чарвей ня было ў ім. 25 І сказаў Майсей: ежце яго сёньня, бо сёньня субота Гасподняя: сёньня ня знойдзеце яго на полі; 26 шэсьць дзён зьбірайце яго, а ў сёмы дзень субота: ня будзе яго ў гэты дзень. 27 Але некаторыя зь людзей выйшлі ў сёмы дзень зьбіраць - і не знайшлі. 28 І сказаў Гасподзь Майсею: ці доўга вы будзеце ўхіляцца ад выкананьня загадаў Маіх і законаў Маіх? 29 глядзеце, Гасподзь даў вам суботу, таму Ён і дае ў шосты дзень хлеба на два дні: заставайцеся кожны ў сябе, ніхто ня выходзь зь мясьціны сваёй у сёмы дзень. 30 І спачываў люд у сёмы дзень. 31 І назваў дом Ізраілеў хлеб той: манна. Яна была, як каляндравае насеньне, белая, а смакам як ляпёшка зь мёдам. 32 І сказаў Майсей: вось, што загадаў Гасподзь: напоўніце гамор на захаваньне ў роды вашыя, каб вы бачылі хлеб, якім Я карміў вас у пустыні, калі вывеў вас зь зямлі Егіпецкай. 33 І сказаў Майсей Аарону: вазьмі адзін посуд, і пакладзі ў яго поўны гамор манны, і пастаў яго перад Госпадам, на захаваньне ў роды вашыя. 34 І паставіў яго Аарон перад каўчэгам сьведчаньня на захаваньне, як загадаў Гасподзь Майсею. 35 Сыны Ізраілевыя елі манну сорак гадоў, пакуль ня прыйшлі ў зямлю абжытую: манну елі яны, пакуль ня прыйшлі да межаў зямлі Ханаанскай. 36 А гамор ёсьць дзясятая частка эфы.