Genesis 43 (BIB)
1 Голад памацнеў на зямлі. 2 І калі яны зьелі хлеб, прывезены зь Егіпта, тады бацька іхні сказаў ім: ідзеце зноў, купеце нам крыху ежы. 3 І сказаў яму Юда, кажучы: той чалавек рашуча заявіў нам, сказаўшы: не яўляйцеся да мяне перад аблічча, калі брата вашага ня будзе з вамі. 4 Калі пашлеш з намі брата нашага, дык пойдзем і купім табе ежы; 5 а калі не пашлеш, дык ня пойдзем; бо той чалавек сказаў нам: не яўляйцеся да мяне перад аблічча, калі брата вашага ня будзе з вамі. 6 Ізраіль сказаў: навошта вы зрабілі мне такое ліха, сказаўшы таму чалавеку, што ў вас ёсьць яшчэ брат? 7 Яны сказалі: распытваў той чалавек пра нас і пра радзіну нашу, кажучы: ці жывы яшчэ бацька ваш? ці ёсьць у вас брат? Мы і расказалі яму паводле гэтых роспытаў. Ці ж маглі мы ведаць, што ён скажа: прывядзеце брата вашага? 8 А Юда сказаў Ізраілю, бацьку свайму: пусьці хлопца са мною; і мы ўстанем і пойдзем, і жывыя будзем і не памром і мы і дзеці нашыя; 9 я адказваю за яго, з маіх рук спатрабуеш яго; калі я не прывяду яго да цябе і не пастаўлю яго перад абліччам тваім, дык застануся я вінаваты перад табою на ўсе дні жыцьця: 10 калі б мы не марудзілі, дык ужо схадзілі б два разы. 11 Ізраіль, бацька іхні, сказаў ім: калі так, дык вось што зрабеце: вазьмеце з сабою пладоў зямлі гэтай, і занясеце ў дарунак чалавеку таму крыху бальзаму і крыху мёду, стыраксы і ладану, фісташкаў і мандальных арэхаў; 12 вазьмеце і другое срэбра ў рукі вашыя; а срэбра пакладзенае назад у мяшкі вашыя, вярнеце рукамі вашымі: магчыма, гэта недагляд; 13 і брата вашага вазьмеце і ўстаўшы ідзеце зноў да чалавека таго; 14 а Бог Усемагутны няхай дасьць вам прыдбаць ласку ў чалавека таго, каб ён адпусьціў вас і другога брата вашага і Веньяміна. 15 І ўзялі тыя людзі дарункі гэтыя, і срэбра ўдвая ўзялі ў рукі свае, і Веньяміна, і ўсталі, і пайшлі ў Егіпет і сталі перад абліччам Язэпа. 16 Язэп, убачыўшы сярод іх Веньяміна, сказаў начальніку дома свайго: увядзі гэтых людзей у дом, і закалі што-небудзь з быдла, і прыгатуй, бо са мною будуць есьці гэтыя людзі апоўдні. 17 І зрабіў чалавек той, як сказаў Язэп, і ўвёў чалавек той людзей гэтых у дом Язэпаў. 18 Спалохаліся людзі гэтыя, што ўвялі іх у дом Язэпаў, і сказалі: гэта за срэбра, вернутае раней у мяхі нашыя, увялі нас, каб прычапіцца да нас і напасьці на нас, і ўзяць нас у няволю, і аслоў нашых. 19 І падышлі яны да правадыра дома Язэпавага, і пачалі гаварыць яму каля дзьвярэй дома, 20 і сказалі: паслухай, спадару наш, мы прыходзілі ўжо раней купляць ежу, 21 і сталася, што, калі прыйшлі мы на начлег і адкрылі мяшкі нашыя, - вось срэбра кожнага ў мяшку ягоным, срэбра наша паводле вагі сваёй, і мы вяртаем яго сваімі рукамі; 22 а на куплю ежы мы прынесьлі іншае срэбра ў руках нашых; мы ня ведаем, хто паклаў срэбра нашае ў мяшкі нашыя. 23 Ён сказаў: будзьце спакойныя, ня бойцеся; Бог ваш і Бог бацькі вашага даў вам скарб у мяшках вашых; срэбра ваша дайшло да мяне. І прывёў да іх Сымона. 24 І ўвёў той чалавек людзей гэтых у дом Язэпаў і даў вады, і яны абмылі ногі свае; і задаў корму аслам іхнім. 25 І яны падрыхтавалі дарункі да прыходу Язэпа апоўдні, бо чулі, што там будуць есьці хлеб. 26 І прыйшоў Язэп дамоў; і яны прынесьлі яму ў дом дарункі, якія былі на руках іхніх, і пакланіліся яму да зямлі. 27 Ён распытаўся ў іх пра здароўе і сказаў: ці здаровы бацька ваш стары, пра якога вы казалі? ці жывы ён яшчэ? 28 Яны сказалі: здаровы раб твой, бацька наш, яшчэ жывы. І схіліліся яны і пакланіліся. 29 І падняў вочы свае Язэп, і ўбачыў Веньяміна, брата свайго, сына маці сваёй, і сказаў: гэта брат ваш меншы, пра якога вы казалі мне? І сказаў: хай будзе ласка Божая з табою, сыне мой! 30 І сьпешна сышоў Язэп, бо закіпела любоў да брата ягонага, і ён гатовы быў заплакаць, і ўвайшоў ён ва ўнутраны пакой і плакаў там. 31 І ўмыўшы твар свой, выйшаў, і стрымаўся і сказаў: падавайце ежу. 32 І падалі яму асобна, і ім асобна, і Егіпцянам, якія палуднавалі зь ім, бо Егіпцяне ня могуць есьці з Габрэямі, таму што гэта мярзота ў Егіпцян. 33 І селі яны перад ім, першародны паводле першародства ягонага, і малодшы паводле маладосьці ягонай, і дзівіліся гэтыя людзі адзін перад адным. 34 І пасылалі ім стравы ад яго, і доля Веньяміна была ў пяць разоў большая за долю кожнага зь іх. І пілі, і даволі пілі яны зь ім.