Leviticus 26 (BIB)
1 Не рабеце сабе куміраў і выяваў, і слупоў ня стаўце ў сябе, і камянёў з выявамі не кладзеце ў зямлі вашай, каб кланяцца перад імі, бо Я Гасподзь, Бог ваш. 2 Суботы Мае шануйце і сьвятыню Маю паважайце: Я Гасподзь. 3 Калі вы будзеце рабіць паводле статутаў Маіх і запаведзі Мае будзеце шанаваць і выконваць іх, 4 дык Я дам вам дажджы ў свой час, і зямля дасьць парасьліны сваёй, і дрэвы польныя дадуць плод свой; 5 і малацьба хлеба будзе дасягаць у вас збору вінаграду, збор вінаграду будзе дасягаць севу, і будзеце есьці хлеб свой удосыць, і будзеце жыць на зямлі ў бясьпецы; 6 пашлю мір на зямлю, ляжаце, і ніхто вас не занепакоіцца, выганю лютых зьвяроў зь зямлі, і меч ня пройдзе па зямлі вашай; 7 і праганяцьмеце ворагаў вашых, і ўпадуць яны перад вамі ад меча; 8 пяцёра з вас прагоняць сто, і сто з вас прагоняць дзесяць тысяч, і ўпадуць ворагі вашы перад вамі ад меча; 9 пагляджу на вас, і пладаноснымі зраблю вас, і памножу вас, і ўстанаўлю запавет Мой з вамі; 10 і будзеце есьці старое леташняе, і выкінеце старое дзеля новага; 11 і пастаўлю селішча Маё сярод вас, і душа Мая не пагрэбуе вамі; 12 і хадзіцьму сярод вас і буду вашым Богам, і вы будзеце Маім народам. 13 Я Гасподзь Бог ваш, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб вы ня былі там рабамі, і разарваў повязі ярма вашага і павёў вас з паднятаю галавою. 14 Калі ж не паслухаецеся Мяне і ня будзеце выконваць усіх наказаў гэтых, 15 і калі пагардзіце Маімі пастановамі, і калі душа вашая пагрэбуе Маімі законамі, так што вы ня будзеце выконваць усіх наказаў Маіх, парушыўшы запавет Мой, - 16 дык Я зраблю з вамі так: пашлю на вас жудасьць, чэзласьць і гарачку, ад якіх стомяцца вочы і вымучыцца душа, і будзеце сеяць насеньне вашае марна, і ворагі вашыя зьядуць яго; 17 павярну аблічча Маё на вас, і будзеце перад ворагамі вашымі, і будуць валадарыць над вамі непрыяцелі вашыя, і пабяжыце, калі ніхто ня гнацьмецца за вамі. 18 І калі пры ўсім гэтым не паслухаецеся Мяне, дык Я сямікроць павялічу пакараньне за грахі вашыя, 19 і зламаю ганарыстую зацятасьць вашую, і неба вашае зраблю, як жалеза, і зямлю вашую, як медзь; 20 і марна будзе вычэрпвацца сіла вашая, і зямля вашая ня дасьць парасьліны сваёй, і дрэвы зямлі не дадуць пладоў сваіх. 21 А калі пойдзеце супроць Мяне і не захочаце слухацца Мяне, дык Я дадам вам удараў сямікроць за грахі вашыя: 22 пашлю на вас зьвяроў польных, якія пазбавяць вас дзяцей, зьнішчаць быдла ваша і вас паменшаць, так што апусьцеюць дарогі вашыя. 23 Калі і пасьля гэтага не паправіцеся і пойдзеце супроць Мяне, 24 дык і Я пайду супроць вас і пабэю вас сямікроць за грахі вашыя, 25 і навяду на вас помсны меч у адплату за запавет; калі ж пахаваецеся ў гарады вашыя, дык пашлю на вас пошасьць, і аддадзены будзеце ў рукі ворага; 26 хлеб, які мацуе чалавека, зьнішчу ў вас; дзесяць жанчын будуць пячы хлеб ваш у адной печы і аддавацьмуць хлеб ваш на вагу; вы будзеце есьці і ня будзеце сытыя. 27 А калі і пасьля гэтага не паслухаецеся Мяне і пойдзеце супроць Мяне, 28 дык і Я ў лютасьці пайду супроць вас і пакараю вас сямікроць за грахі вашыя, 29 і будзеце есьці плоць сыноў вашых, і плоць дочак вашых есьцімеце: 30 спустошу вышыні вашыя, і разбуру слупы вашыя, і скіну трупы вашыя на руіны ідалаў вашых, і пагрэбуе душа Мая вамі; 31 гарады вашыя зраблю пустыняю, і спустошу сьвятыні вашыя, і ня буду нюхаць прыемнай духмянасьці ахвяраў вашых; 32 і спустошу зямлю вашу, так што зьдзівяцца зь яе ворагі вашы, што пасяліліся на ёй; 33 а вас расьсею сярод народаў і агалю сьледам за вамі меч, і будзе зямля ваша пустая і гарады вашы разбураныя. 34 Тады адшкадуе сябе зямля за суботы свае ва ўсе дні запусьценьня свайго; а калі вы будзеце ў зямлі ворагаў вашых, тады будзе пакоіцца зямля і адшкадуе сябе за суботы свае; 35 ва ўсе дні запусьценьня будзе яна пакоіцца, колькі не пакоілася ў суботы вашыя, калі вы жылі на ёй. 36 Астаткам вашым пашлю ў сэрца баязьлівасьць у зямлі ворагаў іхніх, і шум трапятаньня ліста пагоніць іх, і пабягуць як ад меча, і ўпадуць, калі ніхто не даганяе, 37 і спатыкнуцца адзін аб аднаго, як ад меча, тым часам як ніхто не даганяцьме, і ня будзе ў вас сілы супроцьстаяць ворагам вашым; 38 і загінеце сярод народаў, і зжарэ вас зямля ворагаў вашых; 39 а астаткі вашыя счэзнуць за свае беззаконьні ў землях ворагаў вашых і за беззаконьні бацькоў сваіх счэзнуць; 40 тады прызнаюцца яны ў беззаконьні сваім і ў беззаконьні бацькоў сваіх, як яны ўчынялі злачынствы супроць Мяне і ішлі супроць Мяне, 41 за што і Я ішоў супроць іх і ўвёў іх у зямлю ворагаў іхніх; тады ўпакорыцца неабрэзанае сэрца іхняе, і тады пацерпяць яны за беззаконьні свае. 42 І Я ўзгадаю запавет Мой зь Якавам і запавет Мой зь Ісаакам, і запавет Мой з Абрагамам узгадаю, і зямлю ўзгадаю; 43 тым часам як зямля пакінута будзе імі і будзе адшкадоўваць сябе за суботы свае, апусьцеўшы ад іх, і яны будуць цярпець за сваё беззаконьне, за тое, што пагарджалі законамі Маімі і душа іхняя грэбавала пастановамі Маімі, 44 і тады як яны будуць у зямлі ворагаў іхніх, - Я не пагляджу на іх і не пагрэбую імі настолькі, каб зьнішчыць іх, каб разбурыць запавет Мой зь імі, бо Я Гасподзь, Бог іхні; 45 нагадаю ім пра запавет іхні з продкамі, якіх вывеў Я зь зямлі Егіпецкай перад вачыма народаў, каб быць іхнім Богам. Я Гасподзь. 46 Вось пастановы і вызначэньні і законы, якія пастанавіў Гасподзь паміж Сабою і сынамі Ізраілевымі на гары Сінай праз Майсея.