Matthew 25 (BIB)
1 Тады ўпадобніцца Царства Нябеснае дзесяцём дзевам, якія, узяўшы сьвяцільні свае, выйшлі сустрэць маладога. 2 Пяць зь іх было неразумных і пяць мудрых; 3 неразумныя, узяўшы сьвяцільні свае, не ўзялі з сабою алею; 4 а мудрыя ўзялі алею ў пасудзінах разам зь сьвяцільнямі сваімі; 5 і калі малады замарудзіўся, дык задрамалі ўсе і паснулі. 6 Але апоўначы крык пачуўся: «вось, малады ідзе, выходзьце на сустрэчу яму». 7 Тады ўсталі ўсе дзевы тыя і паправілі сьвяцільні свае. 8 А неразумныя мудрым сказалі: «дайце нам алею вашага, бо сьвяцільні нашыя гаснуць». 9 А мудрыя сказалі ў адказ: «каб ня сталася недахопу і ў нас і ў вас, ідзеце лепей да прадаўцоў і купеце сабе». 10 Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў малады, і гатовыя ўвайшлі зь ім на вясельле, і зачыніліся дзьверы. 11 Пасьля прыходзяць і астатнія дзевы і кажуць: «спадару! спадару! адчыні нам». 12 Ён жа сказаў ім у адказ: «праўду кажу вам: ня ведаю вас». 13 Дык вось, чувайце; бо ня ведаеце ні дня, ні гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы. 14 Гэтак і чалавек нейкі, адыходзячы, заклікаў рабоў сваіх і даручыў ім маёмасьць сваю: 15 і аднаму даў пяць талянтаў, другому два, таму адзін, кожнаму паводле ягонай сілы; і адразу адышоў. 16 Той, хто атрымаў пяць талянтаў, пайшоў: ужыў іх у справу і набыў другія пяць; 17 гэтак сама і той з двума набыў другія два; 18 а той, хто атрымаў адзін талянт, пайшоў і закапаў яго ў зямлю і схаваў серабро гаспадара свайго. 19 Па доўгім часе прыходзіць гаспадар рабоў тых і зводзіць зь імі рахунак. 20 І той, хто атрымаў пяць талянтаў, падышоўшы, прынёс другія пяць талянтаў і кажа: «Гаспадар! пяць талянтаў ты даў мне; вось, другія пяць талянтаў я набыў на іх». 21 Сказаў жа яму гаспадар ягоны: «добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго». 22 Падышоў таксама і той, што атрымаў два талянты, і сказаў: «гаспадар! два талянты ты даў мне; вось, другія два талянты набыў я на іх». 23 Сказаў жа яму гаспадар ягоны: «добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго». 24 Падышоў і той, што атрымаў адзін талянт, і сказаў: «гаспадар! я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі, жнеш, дзе ня сеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпбў; 25 і пабаяўшыся, пайшоў і схаваў талянт твой у зямлі; вось табе тваё». 26 Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: «ліхі раб і гультай! ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпбў; 27 таму трэба было табе аддаць серабро маё гандлярам, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы маё з прыбыткам. 28 Дык вось вазьмеце ў яго талянт і дайце таму, хто мае дзесяць талянтаў, 29 бо кожнаму, хто мае, дасца і памножыцца, а ў таго, хто ня мае, адымецца і тое, што мае; 30 а нягоднага раба выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў». (Сказаўшы гэта, усклікнуў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!). 31 Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе сьвятыя анёлы зь Ім, тады сядзе на троне славы Сваёй, 32 і зьбяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў; 33 і паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў - леваруч. 34 Тады скажа Цар тым, якія праваруч ад Яго: «Прыйдзеце, дабраславёныя Айца Майго, прымеце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэньня сьвету: 35 бо быў галодны Я, і вы далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне; 36 быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне. 37 Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: «Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі? альбо сасьмяглага і напаілі? 38 калі ж мы бачылі Цябе падарожнага і прынялі? альбо голага і адзелі? 39 калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да цябе?». 40 І Цар скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых, дык зрабілі Мне». 41 Тады скажа і тым, якія леваруч ад Яго: «ідзеце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, угатаваны д'яблу і анёлам ягоным: 42 бо быў галодны Я, вы не далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы не напаілі Мяне; 43 быў падарожны, і не прынялі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў цямніцы, і не адведалі Мяне». 44 Тады і яны скажуць яму ў адказ: «Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасьмяглага, альбо падарожнага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і не паслужылі Табе?» 45 Тады скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, дык не зрабілі Мне». 46 І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя, а праведнікі ў жыцьцё вечнае.