Matthew 25 (BNTABOOT)
1 1. Тады падобнае будзе Валадарства Нябеснае да дзесяці дзяўчынаў, якія, узяўшы лямпы свае, выйшлі насустрач жаніху. 2 2. А пяць з іх былі мудрыя, і пяць — дурныя. 3 3. Тыя, што былі дурныя, узяўшы лямпы свае, ня ўзялі з сабою алею. 4 4. А мудрыя ўзялі алей у пасудзінах сваіх разам з лямпамі сваімі. 5 5. А як жаніх замарудзіў, задрамалі ўсе і паснулі. 6 6. А сярод ночы ўзьняўся крык: “Вось, жаніх ідзе, выходзьце насустрач яму!” 7 7. Тады ўсталі ўсе тыя дзяўчыны і направілі лямпы свае. 8 8. Дурныя ж сказалі мудрым: “Дайце нам вашага алею, бо лямпы нашыя згасаюць”. 9 9. А мудрыя адказалі, кажучы: “Каб хапіла і нам, і вам, ідзіце лепш да прадаўцоў і купіце сабе”. 10 10. Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і падрыхтаваныя ўвайшлі з ім на вясельле, і дзьверы былі зачыненыя. 11 11. А пасьля прыходзяць і другія дзяўчыны, кажучы: “Пане, пане! Адчыні нам!” 12 12. Ён жа, адказваючы, сказаў: “Сапраўды кажу вам: ня ведаю вас”. 13 13. Дык чувайце, бо ня ведаеце ані дня, ані гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы. 14 14. Бо, як чалавек, выяжджаючы, паклікаў слугаў сваіх і даў ім маёмасьць сваю. 15 15. І аднаму даў пяць талентаў, а іншаму — два, а іншаму — адзін; кожнаму паводле сілы ягонай, і адразу выехаў. 16 16. Той, які ўзяў пяць талентаў, пайшоўшы, працаваў з імі і прыдбаў другіх пяць талентаў. 17 17. Гэтаксама і той, [які ўзяў] два, прыдбаў і другія два. 18 18. А той, які ўзяў адзін, адыйшоўшы, закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра пана свайго. 19 19. Праз доўгі час прыходзіць пан слугаў тых і рахуецца з імі. 20 20. І, падыйшоўшы, той, які ўзяў пяць талентаў, прынёс другія пяць талентаў, кажучы: “Пане, пяць талентаў ты даў мне; вось другія пяць талентаў я прыдбаў на іх”. 21 21. А пан ягоны мовіў яму: “Добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць пана твайго”. 22 22. Падыйшоўшы, той, які ўзяў два таленты, сказаў: “Пане, два таленты ты мне даў, вось, другія два таленты я прыдбаў на іх”. 23 23. Мовіў яму пан ягоны: “Добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць пана твайго”. 24 24. А той, які ўзяў адзін талент, падыйшоўшы, сказаў: “Пане, я ведаю цябе, што ты — чалавек жорсткі, які жне, дзе ня сеяў, і зьбірае, дзе не рассыпаў. 25 25. І, збаяўшыся, я пайшоў і схаваў талент твой у зямлю: вось, трымай тваё”. 26 26. Адказваючы, пан ягоны сказаў яму: “Злы слуга і лянівы! Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў. 27 27. Дык мусіў ты аддаць срэбра маё мянялам; і я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з прыбыткам. 28 28. Дык вазьміце ў яго талент і дайце таму, які мае дзесяць талентаў. 29 29. Бо ўсякаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца, а ў таго, хто ня мае, і тое, што мае, будзе ўзята ў яго. 30 30. А нягоднага слугу кіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў”. 31 31. А калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй, і ўсе сьвятыя анёлы з Ім, тады Ён сядзе на пасадзе славы Сваёй. 32 32. І будуць сабраныя перад Ім усе народы; і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. 33 33. І паставіць авечак праваруч Сябе, а казлоў — леваруч. 34 34. Тады скажа Валадар тым, якія праваруч Яго: “Ідзіце, дабраслаўлёныя Айцом Маім, вазьміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад заснаваньня сьвету. 35 35. Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есьці; Я смагнуў, і вы напаілі Мяне; быў чужынцам, і вы прынялі Мяне, 36 36. быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязьніцы, і вы прыйшлі да Мяне”. 37 37. Тады адкажуць Яму праведнікі, кажучы: “Госпадзе! Калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасьмяглым і напаілі? 38 38. Калі ж мы бачылі Цябе чужынцам і прынялі, ці голым і апранулі? 39 39. Калі ж мы бачылі Цябе хворым, ці ў вязьніцы, і прыйшлі да Цябе?” 40 40. І, адказваючы, Валадар скажа ім: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”. 41 41. Тады скажа Ён і тым, якія леваруч: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным. 42 42. Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есьці; смагнуў, і вы не напаілі Мяне; 43 43. быў чужынцам, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязьніцы, і вы не адведалі Мяне”. 44 44. Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: “Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, ці сасьмяглым, ці чужынцам, ці голым, ці хворым, ці ў вязьніцы, і не паслужылі Табе?” 45 45. Тады адкажа Ён ім, кажучы: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, Мне не зрабілі”. 46 46. І пойдуць гэтыя на пакараньне вечнае, а праведнікі — у жыцьцё вечнае».