Jeremiah 52 (BIB)
1 Сэдэкію было дваццаць адзін год, калі пачаў цараваць, і цараваў у Ерусаліме адзінаццаць гадоў; імя маці ягонай - Хамуталь, дачка Ераміі зь Ліўны. 2 І ён рабіў благое ў вачах Госпада, усё тое, што рабіў Ёакім; 3 таму гнеў Госпада быў над Ерусалімам і Юдам да таго, што Ён адкінуў іх ад аблічча Свайго; і Сэдэкія адпаўся ад цара Вавілонскага. 4 І было, у дзявяты год яго кіраваньня, у дзясятым месяцы, у дзясяты дзень месяца, прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, сам і ўсё войска ягонае, да Ерусаліма і аблеглі яго і зрабілі вакол яго насыпы. 5 І быў горад у аблозе да адзінаццатага года цара Сэдэкіі. 6 У чацьвёртым месяцы, у дзявяты дзень месяца, голад у горадзе ўзмацніўся, і ня было хлеба ў народа зямлі. 7 Зроблена была праломіна ў горад, і пабеглі ўсе ваенныя з горада ўначы праз браму, што была паміж дзьвюма сьценамі каля царовага саду, і пайшлі стэпавай дарогаю; а Халдэі былі вакол горада. 8 Войска Халдэйскае пагналася за царом, і дагнала Сэдэкію на раўнінах Ерыхонскіх, і ўсё войска ягонае разьбеглася ад яго. 9 І ўзялі цара і прывялі яго да цара Вавілонскага ў Рыўлу, у зямлі Эмат, дзе ён учыніў над ім суд. 10 І закалоў цар Вавілонскі сыноў Сэдэкіі на вачах у яго, і ўсіх князёў Юдэйскіх закалоў у Рыўле; 11 а Сэдэкію выкалаў вочы і загадаў закаваць яго ў медныя аковы; і завёў яго цар Вавілонскі ў Вавілон і пасадзіў яго ў дом варты да дня сьмерці яго. 12 У пяты месяц, у дзясяты дзень месяца, - гэта быў дзевятнаццаты год цара Навухаданосара, цара Вавілонскага, - прыйшоў Навузардан, начальнік целаахоўцаў, які стаяў перад царом Вавілонскім, у Ерусалім, 13 і спаліў дом Гасподні, і дом цара і ўсе дамы ў Ерусаліме, і ўсе дамы вялікія спаліў агнём. 14 І ўсё войска Халдэйскае, што было з начальнікам целаахоўцаў, разбурыла ўсе сьцены вакол Ерусаліма. 15 Бедных з народу і астатні люд, што заставаўся ў горадзе, і перабежчыкаў, якія перакінуліся да цара Вавілонскага, і наогул рэшту простага люду Навузардан, начальнік целаахоўцаў, высяліў. 16 Толькі некалькіх зь беднага люду зямлі Навузардан, начальнік целаахоўцаў, пакінуў дзеля вінаграднікаў і земляробства. 17 І слупы медныя, якія былі ў доме Гасподнім, і падставы, і меднае мора, якое ў доме Гасподнім, паламалі Халдэі і занесьлі ўсю медзь іхнюю ў Вавілон. 18 І тазы і лапаткі, і нажы і чары, і лыжкі і ўвесь медны посуд, ужываны пры набажэнстве, забралі; 19 і місы і абцугі, і чары і катлы, і лампады, - і фіміямнікі, і кубкі, што было залатое - залатое, і што было срэбнае - срэбнае, узяў начальнік целаахоўцаў; 20 таксама два слупы, адно мора і дванаццаць медных валоў, якія служылі падстаўкамі, якія цар Саламон зрабіў у доме Гасподнім, - медзі ва ўсіх гэтых рэчах немагчыма было зважыць. 21 Слупы гэтыя былі кожны слуп у васямнаццаць локцяў вышыні, і шнурок у дванаццаць локцяў абымаў яго, а таўшчыня сьцен яго, усярэдзіне пустога, у чатыры пальцы. 22 І вянок на ім медны, а вышыня вянка пяць локцяў; і сетка і гранатавыя яблыкі вакол былі ўсе медныя; тое самае і на другім слупе з гранатавымі яблыкамі. 23 Гранатавых яблыкаў было па ўсіх баках дзевяноста шэсьць; усіх яблыкаў вакол сеткі - сто. 24 Начальнік целаахоўцаў узяў таксама Сэраю першасьвятара і Цэфанію, другога сьвятара, і трох вартавых парога. 25 І з горада ўзяў аднаго еўнуха, які быў начальнікам над ваеннымі людзьмі, і сем чалавек, што стаялі перад абліччам цара, якія былі ў горадзе, і галоўнага пісара ў войску, што запісваў у войска народ зямлі, і шэсьцьдзясят чалавек - з народу краіны, знойдзеных у горадзе. 26 І ўзяў іх Навузардан, начальнік целаахоўцаў, і завёў іх да цара Вавілонскага ў Рыўлу. 27 І перабіў іх цар Вавілонскі і аддаў сьмерці іх у Рыўле, у зямлі Эмат; і выселены быў Юда зь зямлі сваёй. 28 Вось народ, які выселіў Навухаданосар: у сёмы год тры тысячы дваццаць тры Юдэі; 29 у васямнаццаты год Навухаданосара зь Ерусаліма выселена васемсот трыццаць дзьве душы; 30 у дваццаць трэці год Навухаданосара Навузардан, начальнік целаахоўцаў, выселіў Юдэяў сямсот сорак пяць душ: усяго чатыры тысячы шасьцьсот душ. 31 У трыццаць сёмы год пасьля перасяленьня Ёакіма, цара Юдэйскага, у дванаццатым месяцы, у дваццаць пяты дзень месяца, Эвільмэрадах, цар Вавілонскі, у першы год цараваньня свайго, узвысіў Ёакіма, цара Юдэйскага, і вывеў яго зь цямнічнага дома; 32 і гутарыў зь ім прыязна, і паставіў трон ягоны вышэй за троны цароў, якія былі ў яго ў Вавілоне; 33 і памяняў цямнічную вопратку ягоную, і ён заўсёды ў яго абедаў ва ўсе дні жыцьця свайго. 34 І ўтрыманьне яго, утрыманьне пастаяннае выдавалася яму ад цара дзень у дзень да дня сьмерці яго, ва ўсе дні жыцьця ягонага.