Luke 13 (BNTABOOT)
1 1. У той час прыйшлі некаторыя, расказваючы Яму пра Галілейцаў, кроў якіх Пілат зьмяшаў з ахвярамі іхнімі. 2 2. І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Ці вы думаеце, што гэтыя Галілейцы былі больш грэшныя за ўсіх Галілейцаў, што яны перацярпелі гэтак? 3 3. Не, кажу вам; але, калі не навернецеся, усе гэтак сама загінеце. 4 4. Або ці думаеце, што тыя васямнаццаць, на якіх упала вежа ў Сілааме і пабіла іх, больш вінаватыя былі за ўсіх, хто жыў у Ерусаліме? 5 5. Не, кажу вам; але, калі не навернецеся, усе гэтак сама загінеце». 6 6. І сказаў такую прыповесьць: «Нехта меў у вінаградніку сваім пасаджанае фігавае дрэва, і прыйшоў шукаць плоду на ім, і не знайшоў. 7 7. І сказаў вінаградару: “Вось, я тры гады прыходжу шукаць плоду на гэтым фігавым дрэве і не знаходжу; сьсячы яго, навошта яно і зямлю займае?” 8 8. Той жа, адказваючы, кажа яму: “Пане, пакінь яго і на гэты год, пакуль я абкапаю яго і абкладу гноем, 9 9. ці ня дасьць плоду; а калі не, дык на той год сьсячэш яго”». 10 10. У адной сынагозе Ён навучаў у суботу. 11 11. І вось, была жанчына, якая васямнаццаць гадоў мела духа нядужасьці, і яна была скорчыўшыся, і не магла выпрастацца. 12 12. Угледзеўшы яе, Ісус паклікаў яе і сказаў ёй: «Жанчына! Ты вызвалена ад нядужасьці тваёй». 13 13. І ўсклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася і пачала славіць Бога. 14 14. На гэта начальнік сынагогі, абураючыся, што Ісус аздаравіў у суботу, сказаў натоўпу: «Ёсьць шэсьць дзён, калі мусіце працаваць, тады і прыходзьце, каб быць аздароўленымі, а ня ў дзень суботы». 15 15. Тады Госпад адказаў яму і сказаў: «Крывадушнік! Ці не адвязвае кожны з вас вала свайго ці асла ад ясьляў у суботу і не вядзе паіць? 16 16. А гэтую дачку Абрагама, якую зьвязаў шатан вось ужо васямнаццаць гадоў, ці ж не належала звольніць ад путаў гэтых у дзень суботы?» 17 17. І калі гаварыў Ён гэтае, усе супраціўнікі Ягоныя засаромеліся; і ўвесь народ радаваўся з усіх слаўных дзеяньняў Ягоных. 18 18. Ён жа сказаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае, і з чым параўнаю яго? 19 19. Яно падобнае да зярняці гарчычнага, якое, узяўшы, пасадзіў чалавек у садзе сваім, і яно вырасла, і сталася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя хаваліся ў галінах ягоных». 20 20. І зноў сказаў: «З чым параўнаю Валадарства Божае? 21 21. Яно падобнае да рашчыны, якую жанчына ўзяла і ўмяшала ў тры меры мукі, пакуль ня ўкісла ўсё». 22 22. І праходзіў па гарадах і мястэчках, навучаючы і кіруючы шлях свой да Ерусаліму. 23 23. Нехта сказаў яму: «Госпадзе! Няўжо мала тых, якія будуць збаўленыя?» Ён жа сказаў ім: 24 24. «Намагайцеся ўвайсьці праз цесную браму, бо, кажу вам, многія будуць шукаць увайсьці і ня здолеюць. 25 25. Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзьверы, тады вы станеце звонку і пачняцё стукаццца ў дзьверы, кажучы: “Госпадзе! Госпадзе! Адчыні нам!” І Ён, адказваючы, скажа вам: “Ня ведаю вас, адкуль вы”. 26 26. Тады пачняцё гаварыць: “Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты”. 27 27. І Ён скажа: “Кажу вам, Я ня ведаю вас, адкуль вы; адыйдзіце ад Мяне ўсе, якія робяць няправеднасьць”. 28 28. Там будзе плач і скрыгат зубоў, калі ўгледзіце Абрагама, Ісаака, і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а вас выганяць прэч. 29 29. І прыйдуць з усходу, і з захаду, і з поўначы, і з поўдня, і ўзьлягуць у Валадарстве Божым. 30 30. І вось ёсьць апошнія, якія будуць першымі, і ёсьць першыя, якія будуць апошнімі». 31 31. У той дзень падыйшлі некаторыя фарысэі, кажучы Яму: «Выходзь і ідзі адсюль, бо Ірад хоча Цябе забіць». 32 32. І сказаў ім: «Ідзіце, скажыце гэтаму лісу: “Вось, Я выганяю дэманаў і аздараўляю сёньня і заўтра, і ў трэці дзень скончу”. 33 33. Аднак мушу ісьці сёньня, і заўтра, і пазаўтра, бо ня можа стацца, каб прарок загінуў па-за Ерусалімам. 34 34. Ерусалім, Ерусалім, які забіваеш прарокаў і камянуеш тых, што да цябе пасланыя! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крыламі, і вы не захацелі. 35 35. Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты. Сапраўды бо кажу вам, што вы ня ўбачыце Мяне, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: “Дабраслаўлёны Той, Які ідзе ў імя Госпада”».