1 Kings 21 (BIB)
1 І было пасьля гэтых падзей: у Навутэя Ізрэельцяніна ў Ізрэелі быў вінаграднік каля палаца Ахава, цара Самарыйскага. 2 І сказаў Ахаў Навутэю: аддай мне свой вінаграднік; зь яго будзе ў мяне агародны сад, бо ён блізка да майго дома; а замест яго я дам табе вінаграднік лепшы за гэты, альбо, калі заўгодна табе, дам табе срэбра, колькі ён каштуе. 3 Але Навутэй сказаў Ахаву: аслані мяне Гасподзь, каб я аддаў табе спадчыну бацькоў маіх! 4 І прыйшоў Ахаў дамоў устрывожаны і засмучаны тым словам, якое сказаў яму Навутэй Ізрэельцянін, кажучы: не аддам табе спадчыны бацькоў маіх. І лёг на пасьцель сваю, і адвярнуў твар свой, і хлеба ня еў. 5 І ўвайшла да яго жонка ягоная Езавэль і сказала яму: чаго растрывожаны дух твой, чаго ты хлеба не ясі? 6 Ён сказаў ёй: калі я пачаў гаварыць Навутэю Ізрэельцяніну і сказаў яму: аддай мне вінаграднік твой за срэбра, альбо калі хочаш, я дам табе іншы вінаграднік замест яго, тады ён сказаў: не аддам табе вінаградніка майго. 7 І сказала яму Езавэль, жонка ягоная: якое царства было б у Ізраілі, калі б ты так рабіў? устань, еж хлеб і будзь спакойны; я здабуду табе вінаграднік Навутэя Ізрэельцяніна. 8 І напісала яна ад імя Ахава пісьмы, і запячатала іх ягонай пячаткай, і паслала гэтыя пісьмы старэйшынам і знакамітым у ягоным горадзе, якія жылі з Навутэем. 9 У пісьмах яна пісала так: абвясьцеце пост і пасадзеце Навутэя на першае месца ў народзе 10 і насупраць яго пасадзеце двух нягодных людзей, якія сьведчылі б на яго і сказалі: ты зьневажаў Бога і цара; і потым выведзіце яго і пабеце яго камянямі, каб ён памёр. 11 І зрабілі мужы горада ягонага, старэйшыны і знакамітыя, якія жылі ў горадзе ягоным, як загадала ім Езавэль, так, як пісана ў пісьмах, якія яна паслала ім. 12 Абвясьцілі пост і пасадзілі Навутэя на чале народу; 13 і выступілі два нягодныя чалавекі і селі насупраць яго, і сьведчылі на яго гэтыя нядобрыя людзі перад народам і казалі: Навутэй зьневажаў Бога і цара. І вывелі яго за горад і пабілі яго камянямі, і ён памёр. 14 І паслалі да Езавэлі сказаць: Навутэй пабіты камянямі і памёр. 15 Пачуўшы, што Навутэй пабіты камянямі і памёр, Езавэль сказала Ахаву: устань, вазьмі ў валоданьне вінаграднік Навутэя Ізрэельцяніна, які не хацеў аддаць табе за срэбра; бо Навутэя няма жывога, ён памёр. 16 Калі пачуў Ахаў, што Навутэй быў забіты, устаў Ахаў, каб пайсьці ў вінаграднік Навутэя Ізрэельцяніна і ўзяць яго ў валоданьне. 17 І было слова Гасподняе Ільлю Фэсьвіцяніну: 18 устань, ідзі насустрач Ахаву, цару Ізраільскаму, які ў Самарыі, - вось, ён цяпер у вінаградніку Навутэя, куды прыйшоў, каб узяць яго ў валоданьне, 19 і скажы яму: так кажа Гасподзь: ты забіў, і яшчэ ўступаеш у спадчыннасьць? і скажы яму: так кажа Гасподзь: на тым месцы, дзе сабакі лізалі кроў Навутэя, сабакі будуць лізаць і тваю кроў. 20 І сказаў Ахаў Ільлю: знайшоў ты мяне, вораг мой! Ён сказаў: знайшоў, бо ты аддаўся таму, каб рабіць нягоднасьць прад вачыма Госпада. 21 Так кажа Гасподзь: вось, Я навяду на цябе нягоды і вымяту за табою і зьнішчу ў Ахава таго, хто мочыцца да сьцяны, і замкнутага і таго, хто застаўся ў Ізраілі; 22 і зраблю з домам тваім так, як зрабіў Я з домам Ераваама, сына Наватавага, і з домам Ваасы, сына Ахіінага, за зьнявагу, якою ты раздражніў Мяне і ўвёў Ізраіля ў грэх. 23 Таксама і пра Езавэль сказаў Гасподзь: сабакі зьядуць Езавэль за сьцяною Ізрэеля; 24 хто памёр у Ахава ў горадзе, таго зьядуць сабакі, а хто памрэ на полі, таго разьдзяўбуць птушкі нябесныя; 25 ня было яшчэ такога, як Ахаў, які аддаўся б таму, каб рабіць благое перад вачыма Госпада, на што падбівала яго Езавэль; 26 ён рабіў вельмі гнюсна, ідучы сьледам за ідаламі, як рабілі Амарэі, якіх Гасподзь прагнаў ад аблічча сыноў Ізраілевых. 27 Выслухаўшы ўсе словы гэтыя, Ахаў падраў вопратку на сабе і надзеў на цела вярэту, і пасьціўся, і спаў у вярэце, і хадзіў журботны. 28 І было слова Гасподняе Ільлю Фэсьвіцяніну, і сказаў Гасподзь: 29 бачыш, як упакорыўся прад Мною Ахаў? за тое, што ён упакорыўся прад Мною, я не навяду ліха ў яго дні; у дні сына ягонага навяду ліха на яго.