2 Chronicles 32 (BIB)
1 Пасьля такіх дзеяў і вернасьці прыйшоў Сэнахірым, цар Асірыйскі, і ўступіў у Юдэю і аблажыў умацаваныя гарады, і думаў адарваць іх сабе. 2 Калі Эзэкія ўбачыў, што прыйшоў Сэнахірым з намерам ваяваць супроць Ерусаліма, 3 тады рашыў з князямі сваімі і з ваеннымі людзьмі сваімі засыпаць крыніцы вады, якія па-за горадам, і тыя дапамаглі яму. 4 І сабралася мноства народу, і засыпалі ўсе крыніцы і паток, які працякаў па краіне, кажучы: хай ня знойдуць цары Асірыйскія, прыйшоўшы сюды, многа вады. 5 І падбадзёрыўся ён, і аднавіў усю абваленую сьцяну, і падняў яе да вежы, і звонку паставіў другую сьцяну, і ўмацаваў Міло ў горадзе Давідавым, і нарыхтаваў мноства зброі і шчытоў. 6 І паставіў ваеначальнікаў над народам, і сабраў іх да сябе на пляц каля гарадское брамы, і гаварыў да сэрца іхняга, і сказаў: 7 будзьце цвёрдыя і мужныя, ня бойцеся і не палохайцеся цара Асірыйскага і ўсяго мноства, якое зь ім, бо з намі больш, чым зь ім; 8 зь ім сіла плоцкая, а з намі Гасподзь Бог наш, каб дапамагаць нам і змагацца на вежах нашых. І падмацаваўся народ словамі Эзэкіі, цара Юдэйскага. 9 Пасьля гэтага паслаў Сэнахірым, цар Асірыйскі, рабоў сваіх у Ерусалім, - сам ён стаяў супроць Лахіса, і ўся сіла ягоная зь ім, - да Эзэкіі, цара Юдэйскага, і да ўсіх Юдэяў, якія ў Ерусаліме, сказаць: 10 так кажа Сэнахірым, цар Асірыйскі: на што вы спадзеяцеся і сядзіце ў крэпасьці Ерусаліме? 11 І ці ня зводзіць вас з тропу Эзэкія, каб аддаць вас сьмерці з голаду і смагі, кажучы: Гасподзь Бог наш уратуе нас ад рукі цара Асірыйскага? 12 Ці ня гэты Эзэкія разбурыў вышыні ягоныя і ахвярнікі ягоныя і сказаў Юдэі і Ерусаліму: перад ахвярнікам адзіным пакланяйцеся і на ім учыняйце дымленьні? 13 Хіба вы ня ведаеце, што зрабіў я і бацькі мае з усімі народамі земляў? Ці маглі багі народаў зямных выратаваць зямлю сваю ад рукі маёй? 14 Хто з усіх багоў народаў, зьнішчаных бацькамі маімі, мог выратаваць народ свой ад рукі маёй? Як жа можа ваш Бог уратаваць вас ад рукі маёй? 15 І цяпер хай ня зводзіць вас Эзэкія і ня ўхіляе вас такім чынам: ня верце яму: калі ня меў сілы ніводзін бог ніводнага народу і царства выратаваць народ свой ад рукі маёй і ад рукі бацькоў маіх, дык і ваш Бог ня выратуе вас ад рукі маёй. 16 І яшчэ шмат чаго гаварылі рабы ягоныя супроць Госпада Бога і супроць Эзэкіі, раба Ягонага. 17 І лісты пісаў ён, у якіх ганіў Госпада Бога Ізраілевага і гаварыў супроць Яго такія словы: як багі народаў зямных ня выратавалі народаў сваіх ад рукі маёй, так Бог Эзэкіі ня выратуе народу Свайго ад рукі маёй. 18 І крычалі гучным голасам на Юдэйскай мове да народу Ерусалімскага, які быў на сьцяне, каб запалохаць яго і настрашыць яго і ўзяць горад. 19 І гаварылі пра Бога Ерусаліма, як пра багоў народаў зямлі, - выраб рук чалавечых. 20 І памаліўся цар Эзэкія і Ісая, сын Амосаў, прарок, і залямантавалі да неба. 21 І паслаў Гасподзь анёла, і ён вынішчыў усіх адважных і галоўнага начальніка і начальнікаў у войску цара Асірыйскага. І вярнуўся ён з сорамам у зямлю сваю; і калі прыйшоў у дом бога свайго, выхадні сьцёгнаў яго забілі яго там мечам. 22 Так уратаваў Гасподзь Эзэкію і жыхароў Ерусаліма ад рукі Сэнахірыма, цара Асірыйскага, і ад рукі ўсіх і аберагаў іх адусюль. 23 Тады многія прыносілі дарункі Госпаду ў Ерусалім і дарагія рэчы Эзэкію, цару Юдэйскаму. І ён узьвялічыўся пасьля гэтага ў вачах усіх народаў. 24 У тыя дні захварэў Эзэкія сьмяротна. І памаліўся Госпаду, і Ён пачуў яго і даў яму азнаку. 25 Але не аддаў Эзэкія за ўчыненыя яму дабрадзействы, бо заганарылася сэрца ягонае. І быў на яго гнеў Божы і на Юдэю і на Ерусалім. 26 Але калі ўпакорыўся Эзэкія ў ганарыстасьці сэрца свайго, - сам і жыхары Ерусаліма, дык ня прыйшоў на іх гнеў Гасподні ў дні Эзэкіі. 27 І было ў Эзэкіі багацьця і славы вельмі многа, і сховішча ён зрабіў у сябе пад срэбра і золата і камяні каштоўныя, і пад пахошчы і шчыты і пад усякі каштоўны посуд; 28 і кладоўкі пад усе ўтворы зямлі, хлеб, віно і алей, і стойлы ўсякаму быдлу, і двары для статкаў. 29 І гарады пабудаваў сабе. І статкаў дробнага і буйнога быдла было ў яго мноства, бо даў яму Бог даволі вялікую маёмасьць. 30 А ён, Эзэкія, замкнуў верхні праток водаў Геона і правёў іх уніз да заходняга боку горада Давідавага. І дзеяў пасьпяхова Эзэкія ў кожнай справе сваёй. 31 Толькі пры паслах цароў Вавілонскіх, якія прысылалі да яго спытацца пра азнаку, якая была на зямлі, пакінуў Яго Бог, каб выпрабаваць яго і адкрыць усё, што ў яго на сэрцы. 32 Астатнія дзеі Эзэкіі і дабрачынствы ягоныя апісаны ў відзежах Ісаі, сына Амосавага, прарока, і ў кнізе цароў Юдэйскіх і Ізраільскіх. 33 І спачыў Эзэкія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго над магільніцамі сыноў Давідавых, і ўшанаваньні яму зрабілі пасьля сьмерці ягонай ўсе Юдэі і жыхары Ерусаліма. І зацараваў Манасія, сын ягоны, замест яго.
In Other Versions
2 Chronicles 32 in the ANTPNG2D
2 Chronicles 32 in the BNTABOOT
2 Chronicles 32 in the BOATCB2
2 Chronicles 32 in the BOGWICC
2 Chronicles 32 in the BOHNTLTAL
2 Chronicles 32 in the BOILNTAP
2 Chronicles 32 in the BOKHWOG
2 Chronicles 32 in the KBT1ETNIK
2 Chronicles 32 in the TBIAOTANT