2 Kings 10 (BIB)
1 У Ахава было семдзесят сыноў у Самарыі. І напісаў Іуй лісты, і паслаў у Самарыю начальнікам Ізрэельскім, старэйшынам і выхавальнікам дзяцей Ахававых, такога зьместу: 2 калі прыйдзе вам гэты ліст, дык, як што ў вас і сыны гаспадара вашага, у вас жа і калясьніцы, і коні, і ўмацаваны горад, і зброя, 3 выберыце найлепшага і найгоднейшага з сыноў гаспадара свайго, і пасадзеце на трон бацькі ягонага, і ваюйце за дом гаспадара свайго. 4 Яны вельмі спалохаліся і сказалі: вось, два цары не ўстаялі перад ім, як жа нам устаяць? 5 І паслаў начальнік над домам царскім, і начальнік горада, і старэйшыны, і выхавальнікі да Іуя сказаць: мы рабы твае, і што скажаш нам, тое і зробім; мы нікога не паставім царом, што заўгодна табе, тое і рабі. 6 І напісаў ён ім ліст другі раз такі: калі вы мае і слова майго слухаецеся, дык вазьмеце галовы сыноў гаспадара свайго, і прыйдзеце да мяне заўтра ў гэты час у Ізрэель. 7 Калі дайшоў да іх ліст, яны ўзялі царскіх сыноў, і закалолі іх - семдзесят чалавек, і паклалі галовы іхнія ў кашы, і паслалі да яго ў Ізрэель. 8 І прыйшоў пасланец, і данёс яму, і сказаў: прынесьлі галовы сыноў царскіх. І сказаў ён: раскладзеце іх на дзьве кучы каля ўваходу ў браму, да раніцы. 9 Раніцай ён выйшаў, і стаў, і сказаў усяму народу: вы не вінаватыя. Вось я паўстаў супроць гаспадара майго, і забіў яго, а іх усіх хто забіў? 10 Ведайце ж цяпер, што не ўпадзе на зямлю ніводнае слова Госпада, якое Ён мовіў пра дом Ахава: Гасподзь зрабіў тое, што мовіў праз раба Свайго Ільлю. 11 І аддаў Іуй сьмерці ўсіх, хто яшчэ заставаўся з дома Ахава ў Ізрэелі, і ўсіх вяльможаў ягоных, і блізкіх ягоных, і сьвятароў ягоных, так што не засталося ад яго ніводнага ацалелага. 12 І ўстаў, і пайшоў, і прыйшоў у Самарыю. Па дарозе пры Бэт-Экэдзе пастухоўскім, 13 сустрэў Іуй братоў Ахозіі, цара Юдэйскага, і сказаў: хто вы? Яны сказалі: мы браты Ахозіі, ідзём даведацца пра здароўе сыноў цара і сыноў гаспадарыні. 14 І сказаў ён: вазьмеце іх жывых. І ўзялі іх жывых, і закалолі іх - сорак два чалавекі, каля калодзежа Бэт-Экэда, і не засталося зь іх ніводнага. 15 І паехаў адтуль і сустрэўся зь Ёнадавам, сынам Рыхававым, які ішоў насустрач яму, і прывітаў яго, і сказаў яму: ці прыхіляецца тваё сэрца, як маё да твайго сэрца? І сказаў Ёнадаў: так. Калі так, дык дай руку тваю. І падаў ён руку сваю, і падняў ён яго да сябе ў калясьніцу, 16 і сказаў: едзь са мною і глядзі на руплівасьць маю за Госпада. І пасадзілі яго ў калясьніцу. 17 Прыехаўшы ў Самарыю, ён забіў усіх, хто заставаўся ў Ахава ў Самарыі, так што зусім вынішчыў яго, паводле слова Госпада, якое Ён мовіў Ільлю. 18 І сабраў Іуй увесь народ і сказаў ім: Ахаў мала служыў Ваалу; Іуй будзе служыць яму больш. 19 Дык вось, паклічце да мяне ўсіх прарокаў Ваала, усіх службітоў ягоных і ўсіх сьвятароў ягоных, каб ніхто ня быў адсутны, бо ў мяне будзе вялікая ахвяра Ваалу. А кожны, хто ня зьявіцца, не застанецца жывы. Іуй рабіў гэта з хітрым намерам, каб зьнішчыць службітоў Ваала. 20 І сказаў Іуй: назначце сьвяточны сход дзеля Ваала. І абвясьцілі сход. 21 І паслаў Іуй па ўсім Ізраілі, і прыйшлі ўсе службіты Ваала; не засталося ніводнага чалавека, хто ня прыйшоў бы; і ўвайшлі ў дом Ваалаў, і напоўніўся дом Ваалаў ад краю да краю. 22 І сказаў ён рызьніку: прынясі вопратку ўсіх служак Ваала. І ён прынёс ім вопратку. 23 І ўвайшоў Іуй з Ёнадавам, сынам Рыхававым, у дом Ваалаў, і сказаў служкам Ваала: разьведайце і разгледзьце, ці няма сярод вас каго з службітоў Гасподніх, бо тут павінны быць толькі адны службіты Ваала. 24 І прыступілі яны да ўчыненьня ахвяраваньняў і цэласпаленьняў. А Іуй паставіў па-за домам восемдзесят чалавек і сказаў: душа таго, у каго выратуецца хто-небудзь зь людзей, якіх я аддаю вам у рукі, будзе замест душы таго, хто выратаваўся. 25 Калі закончана было цэласпаленьне, Іуй сказаў скараходам і начальнікам: ідзеце, беце іх, каб ніводзін не ацалеў. І пабілі іх вастрыём меча, кінулі іх скараходы і начальнікі, і пайшлі ў горад, дзе было капішча Ваалавае, 26 і вынесьлі статуі з капішча Ваалавага і спалілі іх, 27 і разьбілі статую Ваала, і разбурылі капішча Ваалавае; і зрабілі зь яго месца нечысьці да сёньня. 28 І вынішчыў Іуй Ваала зь зямлі Ізраільскай. 29 У астатнім ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх, ад іх не адступаў Іуй, - ад залатых цялят, якія ў Вэфілі, і якія ў Дане. 30 І сказаў Гасподзь Іую: за тое, што ты ахвотна зрабіў, што было справядліва ў вачах Маіх, выканаў над домам Ахававым усё, што было на сэрцы ў Мяне, сыны твае да чацьвёртага роду будуць сядзець на троне Ізраілевым. 31 Але Іуй не стараўся хадзіць у законе Госпада Бога Ізраілевага ад усяго сэрца. Ён не адступаўся ад грахоў Ераваама, які ўвёў Ізраіля ў грэх. 32 У тыя дні пачаў Гасподзь адразаць часткі ад Ізраільцянаў, і пабіваў іх Азаіл ва ўсіх межах Ізраілевых. 33 На ўсход ад Ярдана, усю зямлю Галаад, калена Гадава, Рувімава, Манасііна, пачынаючы ад Ароера, што пры патоку Арноне, і Галаад і Васан. 34 Астатняе пра Іуя і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі яго напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх. 35 І спачыў Іуй з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў Самарыі. І зацараваў Ёахаз, сын ягоны, замест яго. 36 А часу валадараньня Іуя над Ізраілем, у Самарыі, было дваццаць восем гадоў.