Acts 27 (BIB)
1 А калі пастанавілі нам плысьці ў Італію, дык перадалі Паўла і некаторых іншых вязьняў сотніку Аўгуставай кагорты, якога звалі Юліем. 2 Мы ўзышлі на Адраміцкі карабель і выправіліся, маючы плысьці каля Асійскіх мясьцінаў; з намі быў Арыстарх, Македонец зь Фесалонікі. 3 На другі дзень прысталі да Сідона; Юлій, абыходзячыся з Паўлам чалавекалюбна, дазволіў яму схадзіць да сяброў і скарыстацца іх дбаньнем. 4 Выправіўшыся адтуль, мы прыплылі да Кіпра, з прычыны супраціўных вятроў, 5 і, пераплыўшы мора насупраць Кілікіі і Памфіліі, прыбылі ў Міры Лікійскія. 6 Там сотнік знайшоў Александрыйскі карабель, які плыў у Італію, і пасадзіў нас на яго. 7 Павольна плывучы многа дзён і, ледзь параўняўшыся з Кнідам, з прычыны неспрыяльнага нам ветру, мы падплылі да Крыта каля Саломы; 8 і, ледзь зь цяжкасьцю мінуўшы яго, прыбылі да адной мясьціны, якая называлася Добрыя Прыстані, паблізу якое быў горад Ласея. 9 Але як мінула багата часу, і плаваньне было ўжо небясьпечнае, бо і пост ужо мінуўся, дык Павал раіў, 10 кажучы ім: мужы! бачу я, што плаваньне будзе цяжкае і зь вялікай шкодаю ня толькі грузу і караблю, але і нашаму жыцьцю. 11 Але сотнік больш давяраўся стырніку і гаспадару карабля, чым Паўлавым словам. 12 А як што прыстань была няпрыдатная пад зімаваньне, дык многія радзілі плысьці адтуль, каб, калі можна, дайсьці да Фініка, прыстані Крыцкае, што насупраць паўднёва-заходняга і паўночна-заходняга ветру, і там зазімаваць. 13 Павеяў паўднёвы вецер, і яны, падумаўшы, што ўжо дасягнулі жаданага, выправіліся і паплылі паблізу Крыта. 14 Але неўзабаве падняўся на іх вецер бурны, які называецца эўраклідон. 15 Карабель падхапіла, так што ён ня мог супрацівіцца ветру, і мы насіліся, аддаўшыся хвалям. 16 І, набегшы на адну выспачку, якая называецца Клаўдай, мы ледзьве маглі ўтрымаць лодку; 17 падняўшы яе, пачалі шукаць дапаможнага сродку і абвязваць карабель; баючыся, каб ня сесьці на мялізну, спусьцілі ветразь і так насіліся. 18 На другі дзень, з прычыны вялікае буры, пачалі выкідваць груз. 19 А на трэйці мы сваімі рукамі павыкідалі з карабля рэчы. 20 Але як многа дзён ня відаць было ні сонца, ні зорак, а бура набірала ў моцы, дык нарэшце зьнікла ўсякая надзея на нашае выратаваньне. 21 І як доўга ня елі, дык Павал, стаўшы сярод іх, сказаў: мужы! трэба было паслухацца мяне і не адыходзіць ад Крыта, чым бы і ўніклі мы гэтых нягодаў і шкоды; 22 а цяпер умаўляю вас падбадзёрыцца духам, бо ніводная душа з вас не загіне, а толькі карабель; 23 бо анёл Бога, Якому належу я і Якому служу, зьявіўся мне сёньня ўначы 24 і сказаў: ня бойся! Паўле! табе трэба паўстаць перад кесарам, і вось, Бог дараваў табе ўсіх, што плывуць з табою. 25 Таму падбадзёрцеся духам, мужы, бо я веру Богу, што будзе так, як мне сказана: 26 нам выпадае быць выкінутымі на якую-небудзь выспу. 27 У чатырнаццатую ноч, як насіла нас па Адрыятычным моры, пад поўнач, карабельнікі пачалі здагадвацца, што набліжаюцца да нейкай зямлі, 28 і, памераўшы глыбіню, знайшлі дваццаць сажняў; пасьля, адплыўшыся трохі, памералі зноў, і было ўжо пятнаццаць сажняў. 29 Баючыся, каб не наскочыць на камяністае дно, кінулі з кармы чатыры якары, і чакалі дня. 30 А калі карабельнікі хацелі ўцячы з карабля і спускалі на мора лодку, удаючы, быццам хочуць кінуць якары з носа, 31 Павал сказаў сотніку і воінам: калі яны не застануцца на караблі, вы ня зможаце ўратавацца. 32 Тады воіны абсеклі вяроўкі ў лодкі, і яна ўпала. 33 На досьвітку Павал угаворваў усіх прыняць ежу, кажучы: сёньня чатырнаццаты дзень, як вы ў чаканьні, застаяцеся бязь ежы, ня еўшы нічога; 34 Таму прашу вас прыняць ежу: гэта паспрыяе ратунку вашага жыцьця; бо ні ў кога з вас не прападзе волас з галавы. 35 Сказаўшы гэта і ўзяўшы хлеб, ён падзякаваў Богу перад усімі і, разламаўшы яго, пачаў есьці. 36 Тады ўсе падбадзёрыліся і таксама прынялі ежу; 37 а было ўсіх нас на караблі дзьвесьце семдзесят шэсьць душ. 38 І наеўшыся, пачалі аблягчаць карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора. 39 Калі настаў дзень, зямлі не пазнавалі, а ўбачылі толькі нейкую затоку зь нізкім берагам, да якога і адважыліся, калі можна, прыстаць з караблём. 40 І падняўшы якары, рушылі морам і, адвязаўшы стырно і падняўшы малы ветразь па ветры, пакіравалі да берага. 41 Наплылі на касу, і карабель сеў на мялізну: нос угруз і стаў нярухомы, а карма разьбівалася сілаю хваляў. 42 А воіны змовіліся былі пазабіваць вязьняў, каб каторы, выплыўшы, ня ўцёк. 43 Але сотнік, хочучы ўратаваць Паўла, утрымаў іх ад тога намеру і загадаў тым, хто ўмее плаваць, першым скакаць і выйсьці на зямлю, 44 а астатнім ратавацца каму на дошках, каму на чым-колечы ад карабля. І такім чынам усе ўратаваліся на зямлю.