Exodus 36 (BIB)
1 І пачаў працаваць Вэсэлііл і Агаліяў і ўсе мудрыя сэрцам, якім Гасподзь даў мудрасьць і розум, каб умець зрабіць усякую працу, патрэбную для сьвятыні, як загадаў Гасподзь. 2 І заклікаў Майсей Вэсэлііла і Агаліява і ўсіх мудрых сэрцам, якім Гасподзь даў мудрасьць, і ўсіх, каго вяло сэрца прыступіць да працы і працаваць. 3 І ўзялі яны ў Майсея ўсе прынашэньні, якія прынесьлі сыны Ізраілевыя, на патрэбы сьвятыні, каб працаваць. Тым часам усё яшчэ прыносілі яму дабравольныя дары кожнае раніцы. 4 Тады прыйшлі ўсе мудрыя сэрцам, якія рабілі ўсялякую працу ў сьвятыні, кожны ад сваёй працы, якую хто рабіў, 5 і сказалі Майсею, кажучы: люд шмат прыносіць, больш, чым трэба для працы, якую Гасподзь загадаў зрабіць. 6 І загадаў Майсей, і абвешчана было ў табары, каб ні мужчына, ні жанчына не рабілі ўжо нічога дзеля прынашэньня ў сьвятыню; і перастаў люд прыносіць. 7 Запасу было дастаткова на ўсякую працу, якую належала рабіць, і нават засталося. 8 І зрабілі ўсе мудрыя сэрцам, якія займаліся працаю ў скініі: дзесяць покрываў з суканага вісону і з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны; і херувімаў зрабілі на іх майстэрскаю працаю; 9 даўжыня кожнага покрыва дваццаць восем локцяў, і шырыня кожнага покрыва чатыры локці: усім покрывам адна мера. 10 І злучыў ён пяць покрываў адно з адным, і астатнія пяць покрываў злучыліся адно з адным. 11 І зрабіў петлі блакітнага колеру на краі аднаго покрыва, дзе яно злучалася з другім; гэтак сама зрабіў ён і на краі апошняга покрыва, для злучэньня яго з другім; 12 пяцьдзясят петляў зрабіў ён у адным покрыве і пяцьдзясят петляў зрабіў у канцы покрыва, дзе яно злучаецца з другім; петлі гэтыя адпавядалі адна адной; 13 і зрабіў пяцьдзясят гачкоў залатых і гачкамі злучыў адно покрыва з другім, і стала скінія адно цэлае. 14 Потым зрабіў покрывы з казінай воўны, каб накрываць скінію: адзінаццаць покрываў зрабіў такіх; 15 удаўжыню покрыва трыццаць локцяў, і ўшырыню покрыва чатыры локці: у адзінаццаці покрываў мера адна. 16 І злучыў ён пяць покрываў асобна і шэсьць покрываў асобна. 17 І зрабіў пяцьдзясят петляў на краі покрыва крайняга, дзе яно злучаецца з другім, і пяцьдзясят петляў зрабіў на краі покрыва, якое злучаецца з другім; 18 і зрабіў пяцьдзясят медных гачкоў для злучэньня покрыва, каб склалася адно цэлае. 19 І зрабіў для скініі покрыва з чырвоных барановых скураў і накрыўку зьверху са скураў сініх. 20 І зрабіў брусы для скініі з дрэва сітым стромкія: 21 дзесяць локцяў даўжыня ў бруса, і паўтара локця шырыня ў кожнага бруса; 22 у кожным брусе па два асьцюкі, адзін насупраць аднаго: так зрабіў ён усе брусы скініі. 23 І зрабіў для скініі дваццаць такіх брусоў на паўднёвы бок, 24 і сорак срэбраных падножжаў зрабіў пад дваццаць брусоў: па два падножжы пад адзін брус на два асьцюкі яго, і два падножжы пад другі брус на два асьцюкі яго; 25 і для другога боку скініі, на поўнач, зрабіў дваццаць брусоў 26 і сорак срэбраных падножжаў: два падножжы пад адзін брус, і два падножжы пад другі брус; 27 а на задні бок скініі, на захад, зрабіў шэсьць брусоў, 28 і два брусы зрабіў на кут у скініі на тыльны бок; 29 і былі яны злучаныя знізу і злучаныя ўгары ў адным колцы: так зрабіў ён зь імі абодвума на абодвух кутах; 30 і было восем брусоў і срэбраных падножжаў шаснаццаць, па два падножжы пад кожны брус. 31 І зрабіў жэрдкі з дрэва сітым, пяць на брусы аднаго боку скініі, 32 і пяць жэрдак на брусы другога боку скініі, і пяць жэрдак на брусы задняга боку скініі; 33 і зрабіў унутраную жэрдзь, якая праходзіла б па сярэдзіне брусоў ад аднаго канца да другога; 34 брусы абклаў золатам, і колцы, у якія ўкладваюцца жэрдкі, зрабіў з золата, і жэрдкі абклаў золатам. 35 І зрабіў заслону з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону, і майстэрскаю працаю зрабіў на ёй херувімаў; 36 і зрабіў для яе чатыры слупы зь сітыму і абклаў іх золатам, з залатымі гачкамі, і выліў для іх чатыры срэбраныя падножжы. 37 І зрабіў заслону на ўваход у скінію з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону, узорыстага вырабу, 38 і пяць слупоў для яе з гачкамі; і абклаў вярхі іх і завязі іх золатам і выліў пяць медных падножжаў.