Ezekiel 33 (BIB)
1 І было мне слова Гасподняе: 2 сыне чалавечы! прамові слова да сыноў народу твайго і скажы ім: калі Я на якую-небудзь зямлю навяду меч, і народ той зямлі возьме спасярод сябе чалавека і паставіць яго ў сябе вартаўніком, 3 і ён, як убачыць меч, што ідзе на зямлю, затрубіць у трубу і асьцеражэ народ, 4 і калі хто будзе слухаць голас трубы, але не асьцеражэ цябе; дык калі меч прыйдзе і захопіць яго, кроў ягоная будзе на яго галаве. 5 Голас трубы ён чуў, але не асьцярогся, кроў ягоная на ім будзе; а хто асьцярогся, той выратуе жыцьцё сваё. 6 Калі ж вартаўнік бачыў, як ішоў меч, і не затрубіў у трубу, і народ ня быў перасьцярожаны, дык калі прыйдзе меч і адбярэ ў каго зь іх жыцьцё, гэты будзе схоплены за грахі свае, але кроў ягоную спагоняць з рук вартаўніка. 7 І цябе, сыне чалавечы, Я паставіў вартавым дому Ізраілеваму, і ты будзеш чуць з вуснаў Маіх слова і настаўляць іх на розум ад Мяне. 8 Калі Я скажу беззаконьніку: «пахібнік! ты сьмерцю памрэш», а ты ня будзеш нічога казаць, каб асьцерагчы пахібніка ад шляху ягонага, дык пахібнік той памрэ за грэх свой, але кроў ягоную спаганю з рукі тваёй. 9 Калі ж ты асьцерагаў пахібніка ад шляху ягонага, каб ён адвярнуўся ад яго, але ён ад шляху свайго не адвярнуўся, дык ён памірае за грэх свой, а ты выратаваў душу тваю. 10 І ты, сыне чалавечы, скажы дому Ізраілеваму: вы кажаце так: «злачынствы нашыя і грахі нашыя на нас, і мы растаем у іх: як жа мы можам жыць?» 11 Скажы ім: жыву Я, кажа Гасподзь Бог: не хачу сьмерці грэшніка, а каб грэшнік адвярнуўся ад шляху свайго і жывы быў. Адвярнецеся, адвярнецеся ад ліхіх шляхоў вашых; і навошта паміраць вам, доме Ізраілеў? 12 І ты, сыне чалавечы, скажы сынам народу твайго: праведнасьць праведніка не ўратуе ў дзень злачынства ягонага, і пахібнік за пахібнасьць сваю не загіне ў дзень, калі адвернецца ад пахібнасьці сваёй, гэтак сама як і праведнік у дзень зграшэньня свайго ня можа застацца жывы за сваю праведнасьць. 13 Калі Я скажу праведніку, што ён будзе жывы, а ён паспадзяецца на сваю праведнасьць і ўчыніць няпраўду, дык усе праведныя ўчынкі яго не ўзгадаюцца, - і ён памрэ ад няпраўды сваёй, якую ўчыніў. 14 А калі скажу пахібніку: «ты сьмерцю памрэш», і ён адвернецца ад грахоў сваіх і будзе чыніць справядлівасьць і праўду, 15 калі гэты пахібнік верне заклад, за адабранае заплаціць, будзе хадзіць паводле законаў жыцьця, ня робячы нічога благога, - дык ён будзе жывы, не памрэ. 16 Ніводзін грэх ягоны, якія ён зрабіў, не ўзгадаецца яму; ён пачаў чыніць справядлівасьць і праўду, ён будзе жывы. 17 А сыны народу твайго кажуць: «няправільны шлях Госпада», тым часам як іхні шлях няправільны. 18 Калі праведнік адступіўся ад праведнасьці сваёй і пачаў чыніць пахібна, дык ён памрэ за тое. 19 І калі пахібнік адвярнуўся ад пахібнасьці сваёй і пачаў чыніць справядлівасьць і праўду, ён будзе за тое жывы. 20 А вы кажаце: «няправільны шлях Госпада!» Я буду судзіць вас, доме Ізраілеў, кожнага паводле шляхоў ягоных. 21 У дванаццатым годзе нашага перасяленьня, у дзясятым месяцы, у пяты дзень месяца, прыйшоў да мяне адзін з тых, што выратаваліся, зь Ерусаліма і сказаў: «разбураны горад!» 22 Але яшчэ да прыходу гэтага ўратаванага ўвечары была на мне рука Госпада, і Ён разамкнуў мне вусны, перш чым той прыйшоў да мяне раніцай. І разамкнуліся вусны мае, і я ўжо ня быў бязмоўны. 23 І было мне слова Гасподняе: 24 сыне чалавечы! тыя, што жывуць на апусьцелых мясьцінах у зямлі Ізраілевай, кажуць: Абрагам быў адзін - і атрымаў на валоданьне зямлю гэтую, а нас многа; дык вось, нам дадзена зямля гэтая на валоданьне. 25 Таму скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вы ясьце з крывёю і падымаеце вочы вашыя да ідалаў вашых і праліваеце кроў, - і хочаце валодаць зямлёю? 26 Вы абапіраецеся на меч ваш, робіце гідоты, апаганьваеце жонку адзін у аднаго, і хочаце валодаць зямлёю? 27 Вось, што скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: жыву Я! тыя, якія - на мясьцінах спустошаных, загінуць ад меча, а хто - у полі, таго аддам, каб зьелі зьвяры; а якія - ва ўмацаваньнях і ў пячорах, тыя памруць ад згубнай пошасьці. 28 І зраблю зямлю пустыняю з пустынь, і ганарлівая магутнасьць яе спыніцца, і горы Ізраілевыя апусьцеюць, так што ня будзе праходжых. 29 І ўведаюць, што Я - Гасподзь, калі зраблю замлю пустыняю з пустынь за ўсе гідоты іхнія, якія яны рабілі. 30 А пра цябе, сыне чалавечы, сыны народу твайго гавораць каля сьцен і ў дзьвярах дамоў і кажуць адзін аднаму, брат брату: ідзеце і паслухайце, якое слова выйшла ад Госпада. 31 І яны прыходзяць да цябе, як на народную сходню, і сядае перад абліччам тваім народ Мой, і слухаюць словы твае, але ня выконваюць іх; бо яны ў вуснах сваіх робяць з гэтага забаўку, сэрца іхняе цягнецца за карысьлівасьцю іхняю. 32 І вось, ты для іх - як забаўны сьпявак з прыемным голасам і добра граеш; яны слухаюць словы твае, але ня выконваюць іх. 33 Але калі збудзецца - вось, ужо і збываецца, - тады ўведаюць, што сярод іх быў прарок.