John 8 (BIB)
1 А Ісус пайшоў на гару Аліўную, 2 а раніцай зноў прыйшоў у храм, і ўвесь люд ішоў да Яго; Ён сеў і вучыў іх. 3 Тут кніжнікі і фарысэі прывялі да Яго жанчыну, засьпетую на блудзе, і, паставіўшы яе пасярэдзіне, 4 сказалі Яму: Настаўнік! гэтую жанчыну засьпелі на блудзе; 5 а Майсей у законе наказваў нам пабіваць такіх камянямі: Ты што скажаш? 6 Казалі ж гэта, выпрабоўваючы Яго, каб знайсьці што-небудзь і зьвінаваціць Яго, але Ісус, нахіліўшыся нізка, пісаў пальцам на зямлі, не зважаючы на іх. 7 Калі ж папыталіся ў Яго далей, Ён, схіліўшыся, сказаў ім: хто з вас бяз грэху, першы кінь у яе каменем. 8 І зноў, нахіліўшыся нізка, пісаў на зямлі. 9 А яны, пачуўшы гэта і адчуўшы дакоры сумленьня, пачалі выходзіць адзін за адным, пачынаючы са старэйшых да апошніх; і застаўся адзін Ісус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне. 10 Ісус, схіліўшыся і ня бачачы нічога апрача жанчыны, сказаў ёй: жанчына! дзе твае скаржнікі? ніхто не асудзіў цябе? 11 Яна адказвала: ніхто, Госпадзе! Ісус сказаў ёй: і Я не асуджаю цябе; ідзі і больш не грашы. 12 Зноў прамаўляў Ісус да людзей і сказаў ім: Я - сьвятло сьвету; хто пойдзе сьледам за Мною, той ня будзе блукаць у цемры, а будзе мець сьвятло жыцьця. 13 Тады фарысэі сказалі Яму: Ты Сам пра Сябе сьведчыш, сьведчаньне Тваё ня ёсьць ісьціна. 14 Ісус сказаў ім у адказ: калі Я і Сам пра Сябе сьведчу, сьведчаньне Маё ёсьць ісьціна, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, адкуль Я і куды іду. 15 Вы мяркуеце па плоці; Я ня суджу нікога; 16 а калі і суджу Я, дык суд Мой у ісьціне, бо Я не адзін, а Я з Айцом, Які паслаў Мяне; 17 а і ў законе вашым напісана, што сьведчаньне двух чалавек - праўдзівае. 18 Я Сам сьведчу пра Сябе, і сьведчыць пра Мяне Айцец, Які паслаў Мяне. 19 Тады сказалі Яму: дзе Айцец Твой? Ісус адказваў: вы ня ведаеце ні Мяне, ні Айца Майго; калі б вы ведалі Мяне, дык ведалі б і Айца Майго. 20 Гэтыя словы казаў Ісус каля скарбонкі, калі вучыў у храме; і ніхто ня ўзяў Яго, бо ня прыйшла часіна Ягоная. 21 Зноў сказаў ім Ісус: Я адыходжу, і будзеце шукаць Мяне, і памраце ў грэху вашым; куды Я іду, туды вы ня можаце прыйсьці. 22 Тут Юдэі казалі: няўжо Ён заб'е Сам Сябе, што кажа: «куды Я іду, туды вы ня можаце прыйсьці»? 23 Ён сказаў ім: вы ад ніжніх, Я ад вышніх, вы ад сьвету гэтага, Я не ад гэтага сьвету; 24 таму Я і сказаў вам, што вы памраце ў грахах вашых: бо, калі ня ўверуеце, што гэта Я, дык памраце ў грахах вашых. 25 Тады сказалі Яму: хто ж Ты? Ісус сказаў ім: ад пачатку Існы, як і кажу вам: 26 многа мбю казаць і разважыць пра вас; але Той, Хто паслаў Мяне, ёсьць Ісьціна, і што Я чуў ад Яго, тое і кажу сьвету. 27 Не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца. 28 Дык вось, Ісус сказаў ім: калі ўзьнесяце Сына Чалавечага, тады і ўведаеце, што гэта Я і што нічога не раблю ад Сябе, а як навучыў Мяне Айцец Мой, так і кажу. 29 Той, Хто паслаў Мяне, ёсьць са Мною; Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што Яму заўгодна. 30 Калі Ён казаў гэта, многія ўверавалі ў Яго. 31 Тады сказаў Ісус да тых Юдэяў, што ўверавалі ў Яго: калі застанецеся ў слове Маім, дык вы ў ісьціне Мае вучні. 32 І спазнаеце праўду, і праўда зробіць вас свабоднымі. 33 Яму адказвалі: мы семя Абрагамавае, і ня былі рабамі нікому ніколі; як жа Ты кажаш: «зробіцеся свабоднымі»? 34 Ісус адказваў ім: праўду, праўду кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, ёсьць раб грэху; 35 але раб не застаецца ў доме вечна: Сын застаецца вечна; 36 дык вось, калі Сын вызваліць вас, дык у ісьціне свабодныя будзеце; 37 ведаю, што вы семя Абрагамавае: аднак намышляеце забіць Мяне, бо слова Маё не ўмяшчаецца ў вас; 38 Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго; а вы робіце тое, што бачылі ў бацькі вашага. 39 Сказалі Яму ў адказ: бацька наш ёсьць Абрагам. Ісус сказаў ім: калі б вы былі дзеці Абрагамавыя, дык і ўчынкі Абрагамавыя рабілі б; 40 а цяпер намышляеце забіць Мяне, Чалавека, Які адкрыў вам ісьціну, якую чуў ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў. 41 Вы робіце ўчынкі бацькі вашага. На гэта сказалі Яму: мы не ад блуду народжаныя; аднаго Айца маем - Бога. 42 Ісус сказаў ім: калі б Бог быў Айцец ваш, вы любілі б Мяне, бо Я ад Бога паходжу і прыйшоў; бо Я ня Сам ад Сябе прыйшоў, а Ён паслаў Мяне: 43 Чаму вы не разумееце мовы Маёй? бо ня можаце чуць слова Майго: 44 ваш бацька д'ябал, і вы хочаце выконваць прыхамаць бацькі вашага, а ён быў душагуб ад пачатку і ня ўстояў у ісьціне, бо няма ў ім ісьціны; калі кажа ён няпраўду, кажа сваё, бо ён ашуканец і бацька няпраўды. 45 А як Я ісьціну кажу, дык ня верыце Мне. 46 Хто з вас выкрые Мяне ў няпраўдзе? калі Я кажу ісьціну, чаму вы ня верыце Мне? 47 Хто ад Бога, той слухае словы Божыя: вы таму ня слухаеце, што вы не ад Бога. 48 На гэта Юдэі адказвалі і сказалі Яму: ці ж няпраўду мы кажам, што Ты Самаранін і што дэман у Табе? 49 Ісус адказваў: ува мне дэмана няма, а Я шаную Айца Майго, а вы няславіце Мяне; 50 але ж Я ня шукаю Маёй славы: ёсьць Той, Хто шукае і судзіць; 51 Праўду, праўду кажу вам: хто сьледуе слову Майму, той ня ўбачыць сьмерці вавек. 52 Юдэі сказалі Яму: цяпер даведаліся мы, што дэман у Табе: Абрагам памёр і прарокі, а Ты кажаш: хто зьберагае слова Маё, той ня ўведае сьмерці вавек; 53 няўжо Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр? і за прарокаў памерлых? Кім Ты Сябе робіш? 54 Ісус адказваў: калі Я Сам Сябе слаўлю, дык слава Мая анішто: Мяне праслаўляе Айцец Мой, пра Якога вы кажаце, што Ён Бог ваш; 55 і вы ня ўведалі Яго, а Я ведаю Яго; і калі скажу, што ня ведаю Яго, дык буду падобны на вас ашуканец; але Я ведаю Яго і сьледую слову Ягонаму; 56 Абрагам, бацька ваш, рады быў убачыць дзень Мой: і ўбачыў і ўзрадаваўся. 57 На гэта сказалі Яму Юдэі: Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, - і Ты бачыў Абрагама? 58 Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: раней за Абрагама быў Я. 59 І пабралі камяні, каб кінуць у Яго; але Ісус зьнік і выйшаў з храма, прайшоўшы сярод іх, і пайшоў далей.