Luke 14 (BIB)
1 Давялося Яму ў суботу прыйсьці ў дом аднаго начальніка фарысэйскага з'есьці хлеба, і яны цікавалі за Ім; 2 і вось, стаў перад Ім чалавек, які цярпеў ад вадзянкі. 3 З гэтай нагоды Ісус спытаўся ў законьнікаў і фарысэяў: ці дазваляецца лекаваць у суботу? 4 Яны маўчалі. І дакрануўшыся, ацаліў таго і адпусьціў. 5 Пры гэтым сказаў ім: калі ў каго-небудзь з вас асёл альбо вол упадзе ў калодзеж, ці ж не адразу і выцягне яго і ў суботу? 6 І не маглі запярэчыць яму на гэта. 7 А заўважаючы, як запрошаныя выбіралі першыя месцы, сказаў ім прытчу: 8 калі ты будзеш пакліканы кім-небудзь на вясельле, не сядай на першае месца, каб не надарыўся хто з запрошаных ім больш ганаровы за цябе, 9 і той, хто запрашаў цябе і яго, падышоўшы, не сказаў бы табе: «саступі яму месца»; і тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца. 10 А калі запрошаны будзеш, прыйшоўшы, сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоўшы, сказаў: «дружа! перасядзь вышэй»; тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою: 11 бо кожны, хто ўзвышае сам сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвысіцца. 12 Сказаў жа і таму, хто запрасіў Яго: калі спраўляеш абед альбо вячэру, ня кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родзічаў тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны цябе калі не паклікалі, і не дастаў бы ты аддачы. 13 Але калі спраўляеш гасьціну, кліч убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых, 14 і дабрашчасны будзеш, што яны ня могуць аддаць табе, бо аддасца табе ў дзень уваскрэсеньня праведных. 15 Пачуўшы гэта, нехта з тых, што ўзьляжалі зь Ім, сказаў Яму: дабрашчасны, хто з'есьць хлеба ў Царстве Божым! 16 А Ён сказаў яму: адзін чалавек зладзіў вялікую вячэру і склікаў многіх; 17 і калі настаў час бяседы, паслаў раба свайго сказаць запрошаным: ідзеце, бо ўжо ўсё гатова. 18 І пачалі ўсе, як бы змовіўшыся, перапрашацца. Першы сказаў яму: я купіў зямлю, і мне трэба пайсьці і агледзець яе; прашу цябе, прабач мне. 19 Другі сказаў: я купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх; прашу цябе, прабач мне. 20 Трэйці сказаў: я ажаніўся і таму не магу прыйсьці. 21 І вярнуўшыся, раб той данёс пра гэта гаспадару свайму. Тады, угневаўшыся, гаспадар дома сказаў рабу свайму: ідзі хутчэй па вуліцах і завулках горада, і прывядзі сюды ўбогіх, калекаў, кульгавых і сьляпых. 22 І сказаў раб: спадару! зроблена, як загадаў ты, і яшчэ ёсьць месца. 23 Гаспадар сказаў рабу: ідзі па дарогах і ўздоўж платоў і ўгавары прыйсьці, каб напоўніўся дом мой; 24 бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных ня з'есьць маёй вячэры: бо шмат пакліканых, ды мала выбраных. 25 Зь Ім ішло мноства людзей; і Ён, зьвярнуўшыся, сказаў ім: 26 калі хто прыходзіць да Мяне, і не зьненавідзіць бацькі свайго і маці, і жонкі і дзяцей, і сірот і сёстраў, а пры гэтым і самога жыцьця свайго, той ня можа быць Маім вучнем; 27 і хто не нясе крыжа свайго і ня ідзе за Мною, ня можа быць Маім вучнем. 28 Бо хто з вас, хочучы збудаваць вежу, ня сядзе сьпярша і не палічыць выдатакаў, ці мае ён, што трэба на будову яе, 29 каб, калі закладзе падмурак і ня зможа закончыць, усе, хто гэта бачыць, не пасьмяяліся зь яго, 30 кажучы: гэты чалавек пачаў будаваць і ня мог закончыць? 31 Альбо які цар, ідучы на вайну супроць іншага цара, ня сядзе і не параіцца папярэдне, ці моцны ён зь дзесяцьцю тысячамі стаць супроць таго, хто ідзе на яго з дваццацьцю тысячамі? 32 інакш, пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасольства - прасіць міру. 33 Так кожны з вас, хто не адцураецца ўсяго, што мае, ня можа быць Маім вучнем. 34 Соль - добрая рэч; але калі соль страціць сілу, чым асаліць яе? 35 ні ў зямлю, ні ў гной ня прыдасца; прэч выкідаюць яе. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!