Luke 4 (BNTABOOT)
1 1. Ісус, напоўнены Духам Сьвятым, вярнуўся з Ярдану і быў паведзены Духам у пустыню. 2 2. Там сорак дзён Ён быў спакушаны д’яблам і нічога ня еў у гэтыя дні; а калі яны скончыліся, урэшце захацеў есьці. 3 3. І сказаў Яму д’ябал: «Калі Ты — Сын Божы, скажы гэтаму камяню, каб ён стаўся хлебам». 4 4. І адказаў яму Ісус, кажучы: «Напісана, што ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам Божым». 5 5. І, узьвёўшы Яго на высокую гару, д’ябал паказаў Яму ўсе валадарствы сусьвету ў імгненьне часу. 6 6. І сказаў Яму д’ябал: «Дам Табе ўладу над усім гэтым і славу іхнюю, бо яна мне аддадзена, і я, каму хачу, даю яе. 7 7. Дык калі Ты паклонішся мне, усё будзе Тваё». 8 8. І, адказваючы, сказаў яму Ісус: «Адыйдзі ад Мяне, шатан! Бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, пакланяйся і Яму аднаму служы”». 9 9. І павёў Яго ў Ерусалім, і паставіў на вільчаку сьвятыні, і сказаў Яму: «Калі Ты — Сын Божы, кінься адгэтуль уніз, 10 10. бо напісана: “Анёлам Сваім загадае пра Цябе ўсьцерагчы Цябе”, 11 11. і: “На руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся аб камень нагою Тваёю”». 12 12. І, адказваючы, сказаў яму Ісус: «Сказана: “Не спакушай Госпада, Бога твайго”». 13 13. І, скончыўшы ўсё спакушэньне, д’ябал адыйшоў ад Яго да пары. 14 14. І вярнуўся Ісус у сіле Духа ў Галілею; і разыйшлася чутка пра Яго па ўсёй ваколіцы. 15 15. І вучыў Ён у сынагогах іхніх, і ад усіх быў слаўлены. 16 16. І прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў паводле звычаю Свайго ў дзень суботні ў сынагогу, і ўстаў чытаць. 17 17. І далі Яму кнігу прарока Ісаі; і Ён, разгарнуўшы кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана: 18 18. «Дух Госпада на Мне, бо Ён памазаў Мяне дабравесьціць убогім, паслаў Мяне аздараўляць скрышаных сэрцам, абвяшчаць вязьням вызваленьне і сьляпым — вяртаньне зроку, пусьціць змучаных на свабоду, 19 19. і абвяшчаць год Госпадаў прыемны». 20 20. І, згарнуўшы кнігу, аддаў паслугачу і сеў; і вочы ўсіх у сынагозе былі зьвернуты на Яго. 21 21. А Ён пачаў гаварыць ім: «Сёньня споўнілася пісаньне гэтае ў вушах вашых». 22 22. І ўсе засьведчылі Яму гэта, і зьдзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных, і гаварылі: «Ці не Язэпаў гэта сын?» 23 23. І Ён сказаў ім: «Вядома, вы скажаце Мне гэткую прыповесьць: “Лекару, аздараві Самога Сябе; зрабі і тут, у Тваёй бацькаўшчыне, тое, што, мы чулі, сталася ў Капэрнауме”». 24 24. І сказаў: «Сапраўды кажу вам: Ніводзін прарок не прыймаецца ў бацькаўшчыне сваёй. 25 25. Праўдзіва кажу вам: Шмат удоваў было ў Ізраілю ў дні Ільлі, калі было зачынена неба тры гады і шэсьць месяцаў, так што стаўся вялікі голад па ўсёй зямлі; 26 26. і ані да аднае з іх ня быў пасланы Ільля, але толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую. 27 27. І шмат было пракажоных у Ізраілю пры прароку Элісею, і ніводзін з іх ня быў ачышчаны, акрамя Нэемана Сірыйца». 28 28. І ўсе ў сынагозе напоўніліся ярасьцю, пачуўшы гэтае, 29 29. і, устаўшы, выгналі Яго навонкі з гораду, і павялі Яго на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны горад іхні, каб скінуць Яго, 30 30. але Ён, прайшоўшы сярод іх, пайшоў. 31 31. І прыйшоў у Капэрнаум, горад Галілейскі, і вучыў іх у суботы. 32 32. І дзівіліся з вучэньня Ягонага, бо з уладаю былі словы Яго. 33 33. І быў у сынагозе чалавек, які меў духа дэмана нячыстага, і ён загаласіў моцным голасам, 34 34. кажучы: «Аёй! Што нам і Табе, Ісус Назарэец? Ты прыйшоў загубіць нас. Ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы». 35 35. І забараніў яму Ісус, кажучы: «Змоўкні і выйдзі з яго!» І, кінуўшы яго на сярэдзіну, дэман выйшаў з яго, нічога не пашкодзіўшы яму. 36 36. І ахапіў усіх страх, і гутарылі між сабою, кажучы: «Што гэта за слова такое, што з уладаю і моцаю Ён загадвае духам нячыстым, і яны выходзяць?» 37 37. І разыйшлася чутка пра Яго па ўсіх вакалічных месцах. 38 38. Выйшаўшы ж з сынагогі, Ён прыйшоў у дом Сымона. А цешча Сымонава была ў моцнай гарачцы, і прасілі Яго за яе. 39 39. І, стаўшы каля яе, Ён забараніў гарачцы, і пакінула яе, а яна, адразу ўстаўшы, паслугавала ім. 40 40. Пры захадзе сонца ўсе, якія мелі хворых на розныя хваробы, прыводзілі іх да Яго; і Ён, усклаўшы на кожнага з іх рукі, аздаравіў іх. 41 41. Выганяў таксама дэманаў з многіх, якія крычалі і казалі: «Ты — Хрыстос, Сын Божы». І Ён забараняў ім казаць, што яны ведаюць, што Ён — Хрыстос. 42 42. А калі настаў дзень, Ён, выйшаўшы, пайшоў у пустыннае месца, і натоўпы шукалі Яго, і, прыйшоўшы да Яго, затрымлівалі Яго, каб не ішоў ад іх. 43 43. А Ён сказаў ім: «І ў другіх гарадах Я мушу дабравесьціць Валадарства Божае, бо дзеля гэтага Я пасланы». 44 44. І абвяшчаў у сынагогах Галілейскіх.