Luke 10 (BIB)
1 Пасьля гэтага выбраў Гасподзь і іншых вучняў, і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім у кожны горад і мясьціну, куды Сам хацеў ісьці, 2 і сказаў ім: жніва многа, а работнікаў мала; дык вось малеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё. 3 Ідзеце! Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. 4 Не бярэце ні мяха, ні торбы, ні абутку, і нікога на дарозе ня вітайце. 5 У які дом увойдзеце, сьпярша кажэце: «мір дому гэтаму!» 6 і калі будзе там сын міру, дык спачыне на ім мір ваш; а калі не, дык да вас вернецца; 7 а ў доме тым заставайцеся, ежце і пеце, што ў іх ёсьць: бо працаўнік варты ўзнагароды за працу сваю, не пераходзьце з дому ў дом. 8 І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ежце, што вам дадуць; 9 і ацаляйце ў ім хворых, і кажэце ім: «наблізілася да вас Царства Божае». 10 А як прыйдзеце ў які горад, і ня прымуць вас, дык, выйшаўшы на вуліцу, скажэце: 11 «і пыл, прыліплы да нас ад вашага горада, абцярушваем вам; аднак жа ведайце, што наблізілася да вас Царства Божае». 12 Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе радасьней, чым гораду таму. 13 Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда! бо, калі б у Тыры і Сідоне зьявіліся сілы, яўленыя ў вас, дык даўно б яны, седзячы ў вярэце і ў попеле, пакаяліся; 14 але і Тыру і Сідону радасьней будзе на судзе, чым вам. 15 І ты, Капернауме, што да неба ўзвысіўся, да пекла зрынешся. 16 Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас цураецца, Мяне цураецца; а хто цураецца Мяне, цураецца Таго, хто паслаў Мяне. 17 Семдзесят вучняў вярнуліся з радасьцю і казалі: Госпадзе! і дэманы слухаюцца нас у імя Тваё. 18 А Ён сказаў ім: Я бачыў сатану, які ўпаў зь неба, як маланка; 19 вось, даю вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам; 20 аднак жа таму ня радуйцеся, што духі слухаюцца вас: а радуйцеся таму, што імёны вашыя напісаны на нябёсах. 21 У тую хвіліну ўзрадаваўся духам Ісус і сказаў: слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і ад разумных і адкрыў малым дзецям; праўда, Войча! бо такая была Твая воля. 22 І зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў: усё перададзена мне Айцом Маім; і хто ёсьць Сын, ня ведае ніхто, апрача Айца, і хто ёсьць Айцец, ня ведае ніхто, апрача Сына, і каму Сын хоча адкрыць. 23 І зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў ім асобна: дабрашчасныя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце! 24 бо кажу вам, што многія прарокі і цары хацелі бачыць, што вы бачылі, і ня ўбачылі, і чуць, што вы чулі, і ня чулі. 25 І вось, адзін законьнік устаў і, спакушаючы Яго, сказаў: Настаўнік, што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцьё вечнае? 26 А Ён сказаў яму: у законе што напісана? як чытаеш? 27 Той сказаў у адказ: «палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцай тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і блізкага твайго, як самога сябе». 28 Ісус сказаў яму: слушна ты адказваў; так рабі і будзеш жыць. 29 Але той, хочучы апраўдацца, сказаў Ісусу: а хто мой блізкі? 30 На гэта сказаў Ісус: нейкі чалавек ішоў зь Ерусаліма ў Ерыхон і нарваўся на разбойнікаў, якія зьнялі зь яго вопратку, паранілі яго і пайшлі, пакінуўшы яго ледзь жывога. 31 З нагоды нейкі сьвятар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма. 32 Гэтак сама і лявіт, быўшы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. 33 А нейкі Самаранін, праязджаючы, знайшоў яго і, убачыўшы яго, пашкадаваў, 34 і падышоўшы, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном; і, пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў гасьцініцу і паклапаціўся пра яго; 35 а на другі дзень, ад'язджаючы, дастаў два дынары, даў гаспадару гасьцініцы і сказаў яму: паклапаціся пра яго; і калі патраціш больш, я, калі вярнуся, аддам табе. 36 Хто з гэтых трох, думаеш ты, быў блізкі таму, што нарваўся на разбойнікаў? 37 Ён сказаў: той, які зрабіў яму міласьць. Тады Ісус сказаў яму: ідзі, і ты рабі гэтак сама. 38 У часе дарогі іхняй, прыйшоў Ён у адно селішча; тут жанчына, імем Марфа, прыняла Яго ў дом свой; 39 у яе была сястра, імем Марыя, якая села да ног Ісуса і слухала слова Ягонае. 40 А Марфа клапатала пра вялікае частаваньне, і падышоўшы, сказала: Госпадзе! ці Табе клопату няма, што сястра мая адну мяне пакінула служыць? скажы ёй, каб пасобіла мне. 41 А Ісус сказаў ёй у адказ: Марфа! Марфа! рупішся і завіхаешся ты занадта, 42 а адно толькі трэба, Марыя ж выбрала добрую долю, якая не адымецца ў яе.