Luke 10 (BNTABOOT)
1 1. Пасьля гэтага прызначыў Госпад і другіх семдзесят, і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім у кожны горад і месца, куды Сам меўся ісьці. 2 2. Тады сказаў ім: «Сапраўды, жніво багатае, а работнікаў мала; дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё. 3 3. Ідзіце! Вось, Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. 4 4. Не бярыце ані кайстры, ані торбы, ані сандалаў, і нікога ў дарозе не вітайце. 5 5. У які ж дом увойдзеце, перш кажыце: “Супакой дому гэтаму!” 6 6. І калі будзе там сын супакою, то супачыне на ім супакой ваш, а калі не, то да вас вернецца. 7 7. А ў доме тым заставайцеся, ешце і піце, што ў іх ёсьць; бо работнік варты платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом. 8 8. І калі прыйдзеце ў які горад, і прыймуць вас, ешце, што вам дадуць; 9 9. і адзараўляйце ў іх хворых, і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”. 10 10. А калі прыйдзеце ў які горад, і ня прыймуць вас, то, выйшаўшы на вуліцу, скажыце: 11 11. “І пыл, які прыліп да нас ад вашага гораду, абтрасаем вам. Аднак жа ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”. 12 12. Кажу ж вам, што Садому ў дзень той лягчэй будзе, чым гораду гэткаму. 13 13. Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў вас, яны даўно б навярнуліся, седзячы ў зрэбніцы і попеле. 14 14. Але Тыру і Сідону лягчэй будзе на судзе, чым вам. 15 15. І ты, Капэрнаум, які да неба ўзьнёсся, у пекла скінуты будзеш. 16 16. Хто слухае вас, той Мяне слухае, і хто адкідае вас, той Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, той адкідае і Таго, Хто паслаў Мяне». 17 17. Семдзесят жа вярнуліся з радасьцю, кажучы: «Госпадзе! І дэманы падпарадкоўваюцца нам у імя Тваё». 18 18. Ён жа сказаў ім: «Я бачыў шатана, які ўпаў з неба, як бліскавіца. 19 19. Вось, Я даю вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў, і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам. 20 20. Аднак жа з таго ня радуйцеся, што духі вам падпарадкоўваюцца; але радуйцеся з таго, што імёны вашыя запісаны ў небе». 21 21. У тую гадзіну ўзрадаваўся Ісус у духу і сказаў: «Вызнаю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты схаваў гэтае ад мудрых і разумных, і адкрыў немаўлятам. Так, Айцец, бо гэтак было даспадобы Табе». 22 22. І, павярнуўшыся да вучняў, сказаў: «Усё Мне аддадзена Айцом Маім; і Хто ёсьць Сын, ня ведае ніхто, акрамя Айца, і Хто ёсьць Айцец, ня ведае ніхто, акрамя Сына і каму Сын хоча адкрыць». 23 23. І, павярнуўшыся да вучняў, сказаў ім асобна: «Шчасьлівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце! 24 24. Бо кажу вам, што многія прарокі і валадары хацелі бачыць тое, што вы бачыце, і ня бачылі; і пачуць тое, што вы чуеце, і ня чулі». 25 25. І вось, нейкі законьнік устаў, спакушаючы Яго і кажучы: «Настаўнік! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае?» 26 26. Ён жа сказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?» 27 27. Ён жа, адказваючы, сказаў: «Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і бліжняга твайго, як самога сябе». 28 28. [Ісус] сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Рабі гэтак, і будзеш жыць». 29 29. Але ён, хочучы апраўдацца, сказаў Ісусу: «А хто мой бліжні?» 30 30. На гэтае сказаў Ісус: «Нейкі чалавек зыходзіў з Ерусаліму ў Ерыхон і натрапіў на разбойнікаў, якія зьнялі з яго вопратку, зьбілі яго і пайшлі, пакінуўшы яго ледзь жывога. 31 31. Здарылася, што нейкі сьвятар зыходзіў гэтай дарогаю і, убачыўшы яго, прамінуў яго. 32 32. Таксама і лявіт, апынуўшыся на тым месцы, падыйшоўшы і ўбачыўшы, прамінуў яго. 33 33. А Самаранін нейкі, ідучы, найшоў на яго і, убачыўшы яго, зьлітаваўся. 34 34. І, падыйшоўшы, перавязаў яму раны, паліўшы алеем і віном; і, пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў карчму, і паклапаціўся пра яго. 35 35. А на другі дзень, адыходзячы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся пра яго і, калі выдасі што болей, я, вярнуўшыся, аддам табе”. 36 36. Хто з гэтых трох, ты думаеш, стаўся бліжнім таму, які натрапіў на разбойнікаў?» 37 37. Ён сказаў: «Той, які зьлітаваўся над ім». Тады Ісус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі гэтак». 38 38. І сталася, як яны ішлі, прыйшоў Ён у нейкае мястэчка; а адна жанчына, на імя Марта, прыняла Яго ў дом свой. 39 39. І ў яе была сястра, якую звалі Марыя, якая, сеўшы ля ног Ісуса, слухала слова Ягонае. 40 40. А Марта завіхалася ва ўсякай паслузе і, стаўшы, сказала: «Госпадзе! Ці ж Цябе не клапоціць, што сястра мая пакінула мяне адну паслугаваць? Скажы ёй, каб дапамагла мне». 41 41. Адказваючы, Ісус сказаў ёй: «Марта, Марта! Ты клапоцішся і турбуешся пра многае, 42 42. а адно толькі патрэбна. Марыя ж выбрала добрую частку, якая ня будзе забраная ў яе».