Mark 13 (BIB)
1 І калі выходзіў Ён з храма, кажа Яму адзін вучань Ягоны: Настаўнік! паглядзі, якія камяні і якія будынкі! 2 Ісус сказаў яму ў адказ: бачыш гэтыя вялікія будынкі? усё гэта будзе разбурана, так што не застанецца тут каменя на камені. 3 І калі Ён сядзеў на гары Аліўнай насупраць храма, пыталіся ў Яго асобна Пётр і Якаў, і Ян і Андрэй: 4 скажы нам, калі гэта будзе, і якая прыкмета, калі ўсё гэта павінна стацца? 5 Адказваючы ім, Ісус пачаў гаварыць: глядзеце, каб хто вас ня ўвёў у зман; 6 бо многія прыйдуць пад імем Маім, і будуць казаць, што гэта Я, і многіх увядуць у зман. 7 А як пачуеце пра войны і пра ваенныя чуткі, не жахайцеся: бо павінна тое быць: але гэта яшчэ не канец. 8 Бо паўстане народ на народ, і царства на царства; і будуць землятрусы па месцах, і будуць галады і смуты. Гэта пачатак хвароб. 9 Але вы зважайце на сябе: бо вас будуць выдаваць у судзілішчы, і біць у сынагогах, і перад валадарамі і царамі паставяць вас за Мяне, на сьведчаньне перад імі. 10 І ўсім народам наперад павінна быць абвешчана Дабравесьце. 11 Калі ж павядуць выдаваць вас, ня турбуйцеся загадзя, што вам сказаць, і не абдумвайце; а што дадзена будзе вам у тую часіну, тое і кажэце, бо ня вы будзеце гаварыць, а Дух Сьвяты. 12 І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька дзяцей; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб'юць іх. 13 І будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё; а хто перацерпіць да канца, уратуецца. 14 А калі ўгледзіце брыдоту спусташэньня, пра якую сказана праз прарока Данііла, якая паўстане, дзе ня трэба, - хто чытае, хай разумее, - тады хто будзе ў Юдэі, хай уцякаюць у горы; 15 а хто на даху, той ня сыходзь у дом і не ўваходзь узяць што-небудзь з дому свайго; 16 і хто ў полі, не вяртайся назад узяць вопратку сваю. 17 Гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні. 18 Малецеся, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою. 19 Бо ў тыя дні будзе такі смутак, якога ня было ад пачатку стварэньня, якое ўчыніў Бог, нават да сёньня, і ня будзе. 20 І калі б Гасподзь не скараціў тых дзён, дык не ўратавалася б ніякая плоць; але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скароціць тыя дні. 21 Тады, калі хто вам скажа: «вось, тут Хрыстосё, альбо: ёвунь, там», - ня верце. 22 Бо паўстануць ілжэхрысты ды ілжэпрарокі, і дадуць азнакі і цуды, каб увесьці ў зман, калі магчыма, і выбраных. 23 А вы зважайце. Вось, Я наперад сказаў вам усё. 24 Але ў тыя дні, пасьля смутку таго сонца памеркне, і месяц ня дасць сьвятла свайго; 25 і зоркі спадуць зь неба, і сілы нябесныя пахіснуцца. 26 Тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках у сіле моцнай і ў славе. 27 І тады Ён пашле анёлаў Сваіх і зьбярэ выбраных Сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі і да краю неба. 28 Ад смакоўніцы вазьмеце падабенства: калі гольле ейнае ўжо мякчэе і пускае лісьце, дык ведайце, што блізка лета; 29 так і вы, калі ўбачыце, што збываецца тое, ведайце, што блізка, пры дзьвярах. 30 Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як усё тое будзе. 31 Неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць. 32 А пра дзень той або гадзіну ніхто ня ведае, ні анёлы нябесныя, ні Сын, а толькі Айцец. 33 Глядзеце, чувайце, малецеся; бо ня ведаеце, калі настане час гэты. 34 Падобна на тое, як калі б хто, ідучы ў дарогу і пакідаючы дом свой, даў слугам сваім уладу, і кожнаму сваю працу, і загадаў брамніку чуваць. 35 Дык чувайце ж; бо ня ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дома, увечары, ці апоўначы, ці пры пеўнях, ці нараніцу; 36 каб, прыйшоўшы зьнянацку, не застаў вас у сьне. 37 А што вам кажу, кажу ўсім: чувайце.