Acts 23 (BNTABOOT)
1 1. Павал, паўзіраўшыся на сынэдрыён, сказаў: «Мужы браты! Усім добрым сумленьнем я жыў перад Богам да гэтага дня». 2 2. А першасьвятар Ананія загадаў тым, што стаялі пры ім, каб білі яго ў вусны. 3 3. Тады Павал сказаў яму: «Бог будзе біць цябе, сьцяна пабеленая! І ты сядзіш, судзячы мяне паводле Закону, і насуперак Закону загадваеш мяне біць». 4 4. А тыя, што стаялі, сказалі: «Першасьвятара Божага зьневажаеш?» 5 5. І прамовіў Павал: «Ня ведаў я, браты, што ён першасьвятар. Бо напісана: “На начальніка народу твайго не кажы блага”». 6 6. А, разумеючы, што адна частка — садукеі, а другая — фарысэі, закрычаў Павал у сынэдрыёне: «Мужы браты! Я — фарысэй, сын фарысэя. За надзею і ўваскрасеньне мёртвых судзяць мяне!» 7 7. Калі ж ён гэтае сказаў, сталася спрэчка паміж фарысэямі і садукеямі, і разьдзялілася грамада, 8 8. бо садукеі кажуць, што няма ані ўваскрасеньня, ані анёла, ані духа; а фарысэі прызнаюць адно і другое. 9 9. Узьняўся ж вялікі крык, і, устаўшы, кніжнікі фарысэйскае часткі спрачаліся, кажучы: «Нічога благога мы не знаходзім у чалавеку гэтым. Ці дух гаварыў яму, ці анёл, не змагаймася з Богам». 10 10. А калі спрэчка павялічылася, тысячнік, баючыся, каб яны не разарвалі Паўла, загадаў жаўнерам, зыйшоўшы, узяць яго спасярод іх і весьці ў табар. 11 11. А ў наступную ноч Госпад, стаўшы перад ім, сказаў: «Будзь пэўны, Паўле! Бо як ты сьведчыў пра Мяне ў Ерусаліме, гэтак мусіш сьведчыць і ў Рыме». 12 12. А як настаў дзень, некаторыя Юдэі, зрабіўшы сход, далі сабе клятву, кажучы, што ня будуць ані есьці, ані піць, пакуль не заб’юць Паўла. 13 13. Было ж больш за сорак тых, што далі гэткі зарок. 14 14. Яны, прыйшоўшы да першасьвятароў і старшыняў, сказалі: «З праклёнам мы пакляліся нічога ня есьці, пакуль не заб’ем Паўла. 15 15. Вы ж цяпер разам з сынэдрыёнам паведаміце тысячніку, каб заўтра ён вывеў яго да вас, быццам маеце дакладней разгледзець адносна яго, а мы, перш, чым ён наблізіцца, гатовыя забіць яго». 16 16. Пачуўшы ж пра гэтую змову, сын сястры Паўлавае, прыйшоўшы і ўвайшоўшы ў табар, паведаміў Паўла. 17 17. А Павал, паклікаўшы аднаго з сотнікаў, сказаў: «Завядзі гэтага дзяцюка да тысячніка, бо ён мае нешта паведаміць яму». 18 18. Дык той, узяўшы яго, прывёў да тысячніка і кажа: «Вязень Павал, паклікаўшы мяне, прасіў прывесьці да цябе гэтага дзяцюка, які мае нешта сказаць табе». 19 19. Тысячнік, узяўшы яго за руку і адыйшоўшыся на бок, спытаў: «Што такое маеш паведаміць мне?» 20 20. А той сказаў: «Юдэі дамовіліся прасіць цябе, каб заўтра ты вывеў Паўла да сынэдрыёну, быццам маючы нешта дакладней запытацца адносна яго. 21 21. Дык ты ня дай пераканаць цябе ім, бо на яго цікуюць больш за сорак мужоў з іх, якія далі клятву ня есьці і ня піць, пакуль не заб’юць яго, і цяпер яны гатовыя, чакаючы абяцаньня ад цябе». 22 22. Дык тысячнік адпусьціў дзяцюка, загадаўшы: «Нікому не кажы, што мне пра гэтае паведаміў». 23 23. І, паклікаўшы нейкіх двух сотнікаў, сказаў: «Падрыхтуйце дзьвесьце жаўнераў, і семдзесят коньнікаў, і дзьвесьце драбаў, каб ісьці ў Цэзарэю а трэцяй гадзіне ночы. 24 24. І пастаўце жывёлу, каб, пасадзіўшы Паўла, завесьці здаровага да ваяводы Фэлікса». 25 25. І напісаў пасланьне гэткага зьместу: 26 26. «Кляўды Лізі — вяльможнаму ваяводзе Фэліксу: радавацца! 27 27. Мужа гэтага, якога Юдэі схапілі і меліся забіць, я, стаўшы з войскам, вырваў, даведаўшыся, што ён — Рымлянін. 28 28. А хочучы даведацца віну, дзеля чаго вінавацяць яго, я прывёў яго ў сынэдрыён іхні 29 29. і знайшоў, што яго вінавацяць дзеля спрэчак у Законе іхнім, а няма ніякага абвінавачваньня, вартага сьмерці ці путаў. 30 30. А калі паведамілі мяне пра змову супраць мужа гэтага, што мелася ў Юдэяў, я неадкладна паслаў [яго] да цябе, загадаўшы, каб тыя, што абвінавачваюць яго, гаварылі супраць яго перад табою. Бывай здаровы». 31 31. Дык жаўнеры паводле загаданага ім, узяўшы Паўла, павялі ўначы ў Антыпатрыду, 32 32. а на заўтра, пакінуўшы коньнікаў ісьці з ім, вярнуліся ў табар. 33 33. Тыя, прыйшоўшы ў Цэзарэю і аддаўшы пасланьне ваяводзе, паставілі перад ім і Паўла. 34 34. А ваявода, прачытаўшы, спытаўся, з якое ён правінцыі, і, зразумеўшы, што з Кілікіі, 35 35. сказаў: «Я выслухаю цябе, калі зьявяцца і твае абвінавальнікі». І загадаў вартаваць яго ў прэторыі Ірадавай.