John 1 (BNTABOOT)
1 1. На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. 2 2. Яно было ў Бога спрадвеку. 3 3. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не было з таго, што сталася. 4 4. У Ім жыцьцё было, і жыцьцё было сьвятлом для людзей. 5 5. І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго. 6 6. Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яго Ян. 7 7. Ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыў пра Сьвятло, каб усе мелі веру праз яго. 8 8. Ня быў ён сьвятлом, але каб сьведчыў пра Сьвятло. 9 9. Было Сьвятло праўдзівае, якое прасьвятляе ўсякага чалавека, што прыходзіць у сьвет. 10 10. Было Яно ў сьвеце, і сьвет праз Яго стаўся, і сьвет Яго не пазнаў. 11 11. Да сваіх прыйшло, і свае Яго не прынялі. 12 12. А тым, што прынялі Яго, дало Яно ім сілу дзецьмі Божымі стацца, тым, якія вераць у імя Яго, 13 13. тым, што не ад крыві, не ад жаданьня цела, не ад жаданьня мужа, але ад Бога нарадзіліся. 14 14. І Слова Целам сталася, і пасялілася між нас, поўнае ласкі і праўды, і мы бачылі славу Яго, славу, як Адзінароднага ў Айца. 15 15. Ян сьведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта Той, пра Якога я сказаў: “Той, Які пасьля мяне ідзе, наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў”». 16 16. І ад поўнасьці Яго ўсе мы прынялі ласку на ласку. 17 17. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста. 18 18. Бога ня бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, Які ва ўлоньні Айца, Той зьявіў. 19 19. І вось сьведчаньне Яна, калі Юдэі з Ерусаліму паслалі сьвятароў і лявітаў, каб спыталіся ў яго: «Хто ты?» 20 20. І ён прызнаў, і ня выракся, і прызнаў: «Я — не Хрыстос». 21 21. І спыталіся ў яго: «Дык што? Ты — Ільля?» І гаворыць: «Не». «Прарок?» І адказаў: «Не». 22 22. Дык сказалі яму: «Хто ж ты? Каб нам даць адказ тым, якія нас паслалі, што ты кажаш пра самога сябе?» 23 23. Ён сказаў: «Я — голас таго, хто кліча ў пустыні: Прастуйце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая». 24 24. А пасланыя былі з фарысэяў. 25 25. І яны спыталіся ў яго, і сказалі яму: «Дык чаму ты хрысьціш, калі ты не Хрыстос, ані Ільля, ані прарок?» 26 26. Адказаў ім Ян, кажучы: «Я хрышчу вадой, але паўстаў сярод вас Той, Якога вы ня ведаеце; 27 27. гэта Той, Які ідзе за мною, але наперадзе мяне быў, Якому я ня варты разьвязаць рамень сандалаў Ягоных». 28 28. Сталася гэта ў Бэтабары, за Ярданам, дзе хрысьціў Ян. 29 29. На наступны дзень бачыць Ян Ісуса, Які ішоў да яго, і кажа: «Вось Ягня Божае, Які бярэ на Сябе грэх сьвету. 30 30. Гэта Той, пра Якога я сказаў: “Ідзе за мною Муж, Які наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў”. 31 31. І я ня ведаў Яго; але дзеля таго, каб Ён быў зьяўлены Ізраілю, прыйшоў я, хрысьцячы вадою». 32 32. І засьведчыў Ян, кажучы: «Я бачыў Духа, Які зыходзіў з неба як голуб і застаўся на Ім. 33 33. І я ня ведаў Яго, але Той, Які паслаў мяне хрысьціць вадою, сказаў мне: “На Кім угледзіш Духа, Які зыходзіць і застаецца на Ім, Ён і ёсьць Той, Які хрысьціць Духам Сьвятым”. 34 34. І я ўбачыў і засьведчыў, што Ён і ёсьць Сын Божы». 35 35. На наступны дзень ізноў стаяў Ян і двое з вучняў ягоных. 36 36. І, угледзеўшы, што ідзе Ісус, ён гаворыць: «Вось, Ягня Божае!» 37 37. І пачулі двое вучняў ягоных, як казаў гэта, і пайшлі за Ісусам. 38 38. Ісус жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа ім: «Што шукаеце?» Яны ж сказалі Яму: «Раббі, — што перакладаецца Настаўнік, — дзе жывеш?» 39 39. Гаворыць ім: «Прыйдзіце і ўбачыце». Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго той дзень. Было ж каля дзясятае гадзіны. 40 40. Адзін з двух, якія пачулі ад Яна і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра. 41 41. Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: «Мы знайшлі Мэсію, — што перакладаецца Хрыстос». 42 42. І ён прывёў яго да Ісуса. Ісус жа, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты — Сымон, сын Ёны, ты будзеш называцца Кіфа, — што перакладаецца Камень». 43 43. На наступны дзень Ісус хацеў ісьці ў Галілею, і знаходзіць Філіпа, і кажа яму: «Ідзі за Мною». 44 44. Філіп жа быў з Бэтсаіды, з гораду Андрэя і Пятра. 45 45. Філіп знаходзіць Натанаэля і кажа яму: «Мы знайшлі Таго, пра Каго пісаў Майсей у Законе і Прарокі, — Ісуса, сына Язэпа, што з Назарэту». 46 46. І сказаў яму Натанаэль: «Ці ж можа быць што добрае з Назарэту?» Гаворыць яму Філіп: «Прыйдзі і паглядзі». 47 47. Ісус убачыў Натанаэля, які ішоў да Яго, і кажа пра яго: «Вось, сапраўды, Ізраільцянін, у якім няма подступу». 48 48. Натанаэль кажа Яму: «Адкуль Ты даведаўся пра мяне?» Адказаў Ісус і сказаў яму: «Раней, чым Філіп паклікаў цябе, калі ты быў пад дрэвам фігавым, Я бачыў цябе». 49 49. Адказаў Яму Натанаэль: «Раббі! Ты — Сын Божы! Ты — Валадар Ізраіля!» 50 50. Адказаў Ісус і сказаў яму: «Ты верыш, бо Я сказаў табе: Я бачыў цябе пад дрэвам фігавым? Угледзіш больш за гэтае». 51 51. І кажа яму: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: ад цяпер угледзіце неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і зыходзяць да Сына Чалавечага».