Matthew 15 (BNTABOOT)
1 1. Тады прыходзяць да Ісуса з Ерусаліму кніжнікі і фарысэі, кажучы: 2 2. «Чаму вучні Твае адступаюцца ад традыцыяў старэйшых? Бо ня мыюць рукі свае, калі ядуць хлеб». 3 3. Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Чаму і вы адступаецеся ад прыказаньня Божага дзеля традыцыяў вашых? 4 4. Бо Бог загадаў, кажучы: “Шануй бацьку твайго і маці”, і: “Хто праклінае бацьку ці маці, няхай сьмерцю памрэ”. 5 5. А вы кажаце: “Калі хто скажа бацьку або маці: 'Дар [Богу] тое, чым ты ад мяне карыстаўся', 6 6. той можа і не шанаваць бацьку свайго ці маці сваю”. І вы пазбавілі сілы прыказаньне Божае дзеля традыцыяў вашых. 7 7. Крывадушнікі! Слушна прарочыў пра вас Ісая, кажучы: 8 8. “Народ гэты набліжаецца да Мяне вуснамі сваімі і губамі шануе Мяне; а сэрца іхняе трымаецца далёка ад Мяне. 9 9. Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньняў і пастановаў чалавечых”». 10 10. І, паклікаўшы натоўп, сказаў ім: «Слухайце і разумейце: 11 11. Ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека, але тое, што выходзіць з вуснаў, апаганьвае чалавека». 12 12. Тады вучні Ягоныя, падыйшоўшы, казалі Яму: «Ці ведаеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, згоршыліся?» 13 13. Ён жа, адказваючы, сказаў: «Усякая расьліна, якую не пасадзіў Айцец Мой Нябесны, будзе выкарчавана. 14 14. Пакіньце іх; яны — сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы вядзе сьляпога, абодва ўваляцца ў яму». 15 15. Пётар жа, адказваючы, сказаў Яму: «Растлумач нам прыповесьць гэтую». 16 16. А Ісус сказаў: «Няўжо і вы такія няцямкія? 17 17. Ці ж яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, трапляе ў жывот і выкідаецца прэч? 18 18. А тое, што выходзіць з вуснаў, — з сэрца выходзіць; гэта апаганьвае чалавека, 19 19. бо з сэрца выходзяць злыя думкі, забойствы, распуснасьць, чужалоства, крадзяжы, фальшывыя сьведчаньні, блюзьнерствы. 20 20. Гэта апаганьвае чалавека, а есьці нямытымі рукамі не апаганьвае чалавека». 21 21. І, выйшаўшы адтуль, Ісус адыйшоў у межы Тыру і Сідону. 22 22. І вось жанчына Хананейская, выйшаўшы з тых ваколіцаў, крычала Яму, кажучы: «Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давідаў! Дачка мая цяжка апанаваная дэманам!» 23 23. А Ён не адказаў ёй ані слова. І вучні Ягоныя, падыйшоўшы, прасілі Яго, кажучы: «Адпусьці яе, бо яна крычыць за намі». 24 24. Ён жа, адказваючы, сказаў: «Я пасланы толькі да авечак з дому Ізраіля, якія загінулі». 25 25. А яна, прыйшоўшы, пакланілася Яму, кажучы: «Госпадзе! Дапамажы мне». 26 26. Ён жа, адказваючы, сказаў: «Ня добра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам». 27 27. А яна сказала: «Так, Госпадзе! Але і сабакі ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх». 28 28. Тады, адказваючы, Ісус сказаў ёй: «О, жанчына! Вялікая вера твая; няхай станецца табе, як ты хочаш». І была аздароўленая дачка ейная з тае гадзіны. 29 29. І, перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага і, узыйшоўшы на гару, сеў там. 30 30. І падыйшлі да Яго шматлікія натоўпы, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, калекаў і шмат іншых, і пакінулі іх ля ног Ісуса; і Ён аздаравіў іх, 31 31. так што натоўп зьдзіўляўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць, і славіў Бога Ізраіля. 32 32. А Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў: «Шкада Мне гэтых людзей, што ўжо тры дні са Мною і ня маюць, што есьці; і не хачу адпусьціць іх галоднымі, каб не саслабелі ў дарозе». 33 33. І кажуць Яму вучні Ягоныя: «Адкуль у нас у пустыні гэтулькі хлеба, каб накарміць гэтакі натоўп?» 34 34. І кажа ім Ісус: «Колькі маеце хлябоў?» Яны ж сказалі: «Сем, і некалькі рыбак». 35 35. І Ён загадаў натоўпам узьлегчы на зямлі. 36 36. І, узяўшы сем хлябоў і рыбы, падзякаваўшы, паламаў і даў вучням Сваім, а вучні — натоўпу. 37 37. І елі ўсе, і наеліся; і сабралі кавалкаў, што засталіся, сем кашоў поўных. 38 38. А тых, што елі, было чатыры тысячы мужчынаў, акрамя жанчынаў і дзяцей. 39 39. І, адпусьціўшы натоўп, Ён увайшоў у човен і прыйшоў у ваколіцы Магдалы.