John 18 (BIB)
1 Сказаўшы гэта, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за паток Кедрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Ягоныя. 2 А ведаў гэтае месца і Юда, прадажнік Ягоны, бо Ісус часта зьбіраўся там з вучнямі Сваімі. 3 І вось Юда, узяўшы атрад воінаў і служак ад першасьвятароў і фарысэяў, прыходзіць туды зь ліхтарамі і сьвяцільнямі і зброяй. 4 А Ісус, ведаючы ўсё, што зь Ім будзе, выйшаў і сказаў ім: каго шукаеце? 5 Яму адказалі: Ісуса Назарэя. Ісус кажа ім: гэта Я. А стаяў зь імі й Юда, прадажнік Ягоны. 6 І калі сказаў ім: гэта Я, - яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю. 7 Зноў спытаўся ў іх: каго шукаеце? Яны сказалі: Ісуса Назарэя. 8 Ісус адказваў: Я сказаў вам, што гэта Я; дык вось, калі Мяне шукаеце, пакіньце іх, хай ідуць, 9 хай збудзецца слова, сказанае Ім: з тых, каго Ты Мне даў, Я не загубіў нікога. 10 А Сымон Пётр, маючы меч, дастаў яго, і ударыў першасьвятаровага раба, і адсек яму правае вуха: імя раба было Малх. 11 Але Ісус сказаў Пятру: укладзі меч у похвы; няўжо Мне ня піць чары, якую даў Мне Айцец? 12 Тады воіны і тысячнік і служкі Юдэйскія ўзялі Ісуса, і зьвязалі Яго, 13 і завялі Яго спачатку да Анны; бо ён быў цесьцем Каяфы, які быў на той год першасьвятаром: 14 гэта быў Каяфа, які даў параду Юдэям, што лепш аднаму чалавеку памерці за народ. 15 За Ісусам сьледам ішлі Сымон Пётр і другі вучань: вучань жа гэты быў знаёмы першасьвятару і ўвайшоў зь Ісусам у двор першасьвятароў: 16 А Пётр стаяў звонку за дзьвярыма. Потым другі вучань, які быў знаёмы першасьвятару, выйшаў і сказаў брамніцы, і ўвёў Пятру. 17 Тут рабыня-брамніца кажа Пятру: і ты ці ня з вучняў Гэтага Чалавека? Ён сказаў: не. 18 Тым часам рабы і служкі, расклаўшы агонь, таму што было золка, стаялі і грэліся; Пётр таксама стаяў зь імі і грэўся. 19 А першасьвятар спытаўся ў Ісуса пра вучняў Ягоных і пра вучэньне Ягонае. 20 Ісус адказваў яму: Я гаварыў адкрыта сьвету; Я заўсёды вучыў у сынагозе і ў храме, дзе заўсёды Юдэі сыходзяцца, і тайна не казаў нічога; 21 што пытаешся ў Мяне? спытайся ў тых, хто чуў, што Я казаў ім; вось, яны ведаюць, што Я казаў. 22 Калі Ён сказаў гэта, адзін служка, які стаяў паблізу, ударыў Ісуса па шчацэ, сказаўшы: так Ты адказваеш першасьвятару? 23 Ісус адказваў яму: калі Я сказаў блага, пакажы, што благое, а калі добра, чаго ты б'еш Мяне? 24 Анна паслаў Яго зьвязанага да першасьвятара Каяфы. 25 А Сымон Пётр стаяў і грэўся. Тут сказалі яму: ці ня з вучняў Ягоных і ты? Ён зрокся і сказаў: не. 26 Адзін з рабоў першасьвятаровых, родзіч таго, якому Пётр адсек вуха, кажа: ці не цябе бачыў я зь Ім у садзе? 27 Пётр зноў зрокся; і адразу засьпяваў певень. 28 Ад Каяфы павялі Ісуса ў прэторыю. Была раніца; і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца, а каб можна было есьці пасху. 29 Пілат выйшаў да іх і сказаў: у чым вы вінаваціце Чалавека Гэтага? 30 Яны сказалі яму ў адказ: калі б Ён ня быў злачынец, мы не перадалі б Яго табе. 31 Пілат сказаў ім: вазьмеце Яго вы, і паводле закону вашага судзеце Яго. Юдэі сказалі яму: нам не дазволена караць сьмерцю нікога, - 32 хай збудзецца слова Ісусавае, якое сказаў Ён, даючы зразумець, якою сьмерцю Ён памрэ. 33 Тады Пілат зноў увайшоў у прэторыю, і паклікаў Ісуса, і сказаў Яму: Ты Цар Юдэйскі? 34 Ісус адказваў яму: ці ад сябе ты кажаш гэта, ці іншыя сказалі табе пра Мяне? 35 Пілат адказваў: хіба я Юдэй? Твой народ і першасьвятары перадалі Цябе мне; што Ты зрабіў? 36 Ісус адказваў: Царства Маё не ад сьвету гэтага; калі б ад сьвету гэтага было Царства Маё, дык слугі Мае заступіліся б за Мяне, каб Я ня быў аддадзены Юдэям; але цяпер Маё Царства не адгэтуль. 37 Пілат сказаў Яму: значыцца, Ты Цар? Ісус адказваў: ты кажаш, што Я Цар; Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у сьвет, каб засьведчыць ісьціну; кожны, хто ад ісьціны, слухае голасу Майго. 38 Пілат сказаў Яму: што ёсьць ісьціна? І, сказаўшы гэта, зноў выйшаў да Юдэяў і сказаў ім: я ніякай віны не знаходжу ў Ім; 39 ёсьць жа ў вас звычай, каб я аднаго адпускаў вам на Пасху: ці хочаце, адпушчу вам Цара Юдэйскага? 40 Тады зноў закрычалі ўсе, кажучы: не Яго, а Вараву. А Варава быў разбойнік.