Luke 17 (BNTABOOT)
1 1. І сказаў вучням Сваім: «Згаршэньні ня могуць не прыйсьці, але гора таму, праз каго яны прыходзяць. 2 2. Лепей яму, калі камень ад жорнаў вісіць у яго на шыі і ён кінуты ў мора, чым каб ён згоршыў аднаго з малых гэтых. 3 3. Сьцеражыцеся. Калі ж саграшыць супраць цябе брат твой, дакарай яго і, калі навернецца, даруй яму. 4 4. І калі сем разоў у дзень саграшыць супраць цябе, і сем разоў у дзень зьвернецца да цябе, кажучы: “Каюся”, даруй яму». 5 5. І сказалі апосталы Госпаду: «Дадай нам веры». 6 6. А Госпад сказаў: «Калі б вы мелі веру як зерне гарчычнае і сказалі гэтаму фігаваму дрэву: “Будзь вырванае з коранем і перасаджанае ў мора”, яно паслухала б вас. 7 7. А хто з вас, маючы слугу, які арэ ці пасьвіць, калі ён прыйдзе з поля, скажа: “Ідзі хутчэй, узьляж”? 8 8. Але ж ці ня скажа яму: “Падрыхтуй мне вячэру і, падперазаўшыся, паслугуй мне, пакуль буду есьці ды піць, і пасьля гэтага еш і пі сам”? 9 9. Ці дзякуе ён слузе гэтаму за тое, што зрабіў загаданае яму? Ня думаю. 10 10. Так і вы, калі зробіце ўсё, што загадана вам, кажыце: “Мы — слугі нягодныя, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць”». 11 11. І сталася, як ішоў у Ерусалім, праходзіў між Самарыяй і Галілеяй. 12 12. І, калі ўваходзіў Ён у адно мястэчка, сустрэлі яго дзесяць пракажоных, якія сталі здалёк. 13 13. І ўзвысілі яны голас, кажучы: «Ісусе, Настаўнік! Зьлітуйся над намі». 14 14. І, убачыўшы, Ён сказаў ім: «Ідзіце, пакажыцеся сьвятарам». І сталася, калі яны ішлі, былі ачышчаныя. 15 15. Адзін жа з іх, бачачы, што аздароўлены, вярнуўся, моцным голасам славячы Бога, 16 16. і ўпаў на твар ля ног Яго, дзякуючы Яму, і гэта быў Самаранін. 17 17. Адказваючы, Ісус сказаў: «Ці ня дзесяць былі ачышчаныя? Дзе ж дзевяць? 18 18. Яны не вярнуліся аддаць славу Богу, апрача гэтага чужынца». 19 19. І сказаў яму: «Устань, ідзі. Вера твая збавіла цябе». 20 20. Запытаны ж фарысэямі, калі прыйдзе Валадарства Божае, адказаў ім і сказаў: «Не прыходзіць Валадарства Божае відавочна. 21 21. І ня скажуць: “Вось, яно тут”, ці: “Вось, там”. Бо вось, Валадарства Божае ўнутры вас ёсьць». 22 22. Вучням жа сказаў: «Прыйдуць дні, калі зажадаеце бачыць хоць адзін дзень Сына Чалавечага, і ня ўбачыце. 23 23. І скажуць вам: “Вось, тут”, ці: “Вось, там”, — не хадзіце і не ганяйцеся, 24 24. бо як бліскавіца, мільгануўшы, з аднаго краю неба да другога краю неба сьвеціць, так будзе і Сын Чалавечы ў дзень Свой. 25 25. Спачатку ж Ён мусіць шмат перацярпець і быць адкінутым пакаленьнем гэтым. 26 26. І як было ў дні Ноя, так будзе ў дні Сына Чалавечага: 27 27. елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, як Ной увайшоў у каўчэг, і прыйшоў патоп, і загубіў усіх. 28 28. Падобна як было ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, продалі, садзілі, будавалі, 29 29. а ў дзень, калі Лот выйшаў з Садому, лінуў агонь з серкаю з неба і загубіў усіх. 30 30. Такім будзе той дзень, калі зьявіцца Сын Чалавечы. 31 31. У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы яго ў доме, няхай не зыходзіць узяць іх; і хто будзе ў полі, няхай не варочаецца. 32 32. Памятайце жонку Лота. 33 33. Бо хто шукае, каб здабыць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць яе, той ажывіць яе. 34 34. Кажу вам, у тую ноч будуць двое на адным ложку, адзін будзе ўзяты, а другі — пакінуты; 35 35. дзьве будуць малоць разам, адна будзе ўзятая, а другая — пакінутая; 36 36. двое будуць у полі, адзін будзе ўзяты, а другі — пакінуты». 37 37. І, адказваючы, кажуць Яму: «Дзе, Госпадзе?» Ён жа сказаў ім: «Дзе цела, там зьбяруцца і арлы».