Luke 18 (BNTABOOT)
1 1. Сказаў таксама ім прыповесьць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не журыцца, 2 2. кажучы: «У адным горадзе быў судзьдзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. 3 3. У тым жа горадзе была ўдава, і яна прыходзіла да яго, кажучы: “Абарані мяне ад супраціўніка майго”. 4 4. І ён доўгі час не хацеў. А пасьля сказаў сам сабе: “Хоць я і Бога не баюся, і людзей не саромлюся, 5 5. але, як гэтая ўдава дакучае мне, абараню яе, каб яна, прыходзячы бясконца, ня вымучыла мяне”». 6 6. І сказаў Госпад: «Чуеце, што кажа судзьдзя няправедны? 7 7. А Бог ці ж не абароніць выбраных Сваіх, якія клічуць да Яго дзень і ноч, і доўга цярпець будзе іх? 8 8. Кажу вам, што хутка абароніць іх. Але Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?» 9 9. Сказаў жа і да тых, якія былі пэўныя сябе, што яны праведнікі, і пагарджалі другімі, гэткую прыповесьць: 10 10. «Два чалавекі ўвайшлі ў сьвятыню памаліцца: адзін — фарысэй, а другі — мытнік. 11 11. Фарысэй, стаўшы, гэтак маліўся за сябе: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як другія людзі: рабаўнікі, няправеднікі, чужаложнікі, або як гэты мытнік. 12 12. Пошчу два разы ў тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю”. 13 13. А мытнік, стаўшы здалёк, не хацеў нават падняць вачэй у неба, але біў сябе ў грудзі, кажучы: “Божа! Будзь міласьцівы да мяне, грэшніка”. 14 14. Кажу вам, што гэты пайшоў апраўданым у дом свой, а ня той: бо ўсякі, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны». 15 15. Прыносілі да яго і немаўлят, каб Ён дакрануўся да іх. Убачыўшы гэтае, вучні сварыліся на іх. 16 16. А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Валадарства Божае. 17 17. Сапраўды кажу вам: Хто ня прыйме Валадарства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго». 18 18. І спытаўся ў Яго нехта з начальнікаў, кажучы: «Настаўнік добры! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае?» 19 19. А Ісус сказаў яму: «Чаму гаворыш Мне “добры”? Ніхто ня добры, акрамя аднаго Бога. 20 20. Ведаеш прыказаньні: “Не чужалож”, “не забівай”, “не крадзі”, “ня сьведчы фальшыва”, “шануй бацьку твайго і маці тваю”». 21 21. Ён жа сказаў: «Усё гэта я захоўваў ад юнацтва майго». 22 22. Пачуўшы гэтае, Ісус сказаў яму: «Яшчэ аднаго не хапае табе: усё, што маеш, прадай, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходзь, ідзі за Мною». 23 23. Ён жа, пачуўшы гэта, стаўся смутным, бо быў надта багаты. 24 24. Убачыўшы, што ён стаўся смутным, Ісус сказаў: «Як цяжка таму, хто мае багацьце, увайсьці ў Валадарства Божае. 25 25. Бо лягчэй вярблюду прайсьці праз голчына вушка, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае». 26 26. А чуўшыя сказалі: «І хто ж можа быць збаўленым?» 27 27. Ён жа сказаў: «Немагчымае для людзей магчыма для Бога». 28 28. А Пётар сказаў: «Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою». 29 29. Ён жа сказаў ім: «Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто, пакінуўшы дом, або бацькоў, або братоў, або жонку, або дзяцей дзеля Валадарства Божага, 30 30. не атрымаў бы шмат больш у гэты час, а ў веку будучым — жыцьцё вечнае». 31 31. Узяўшы ж Дванаццаць, сказаў ім: «Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і зьдзейсьніцца ўсё, напісанае праз прарокаў пра Сына Чалавечага, 32 32. бо Ён будзе выдадзены паганам, і будуць зьдзеквацца, і зьневажаць, і пляваць [на Яго], 33 33. і, бічаваўшы, заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне». 34 34. І яны нічога з гэтага не зразумелі; і словы гэтыя былі схаванымі для іх, і яны не разумелі таго, што гаварылася. 35 35. І сталася, як набліжаўся Ён да Ерыхону, нейкі сьляпы сядзеў ля дарогі, жабруючы. 36 36. Пачуўшы, што праходзіць натоўп, ён спытаўся: «Што гэта такое?» 37 37. Яму паведамілі, што Ісус з Назарэту ідзе. 38 38. І закрычаў ён, кажучы: «Ісусе, Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!» 39 39. І тыя, што ішлі наперадзе, сварыліся на яго, каб маўчаў, а ён яшчэ мацней закрычаў: «Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!» 40 40. Ісус, спыніўшыся, загадаў прывесьці яго да Сябе. І калі той падыйшоў, спытаўся ў яго, 41 41. кажучы: «Што ты хочаш, каб Я ўчыніў?» Той сказаў: «Госпадзе, каб мне глядзець». 42 42. І сказаў яму Ісус: «Глядзі! Вера твая збавіла цябе». 43 43. І ён адразу стаў бачыць, і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь народ, бачачы гэтае, аддаў хвалу Богу.