Luke 24 (BNTABOOT)
1 1. А ў першы дзень пасьля суботы вельмі рана прыйшлі яны да магілы, несучы падрыхтаваныя духмянасьці, і разам з імі некаторыя другія. 2 2. І знайшлі камень, адвалены ад магілы. 3 3. І ўвайшоўшы, не знайшлі цела Госпада Ісуса. 4 4. І сталіся яны зьбянтэжаныя ад гэтага, і вось, сталі перад імі два мужы ў бліскучым адзеньні. 5 5. Калі ў страху схілілі яны абліччы да зямлі, тыя сказалі ім: «Што вы шукаеце жывога сярод мёртвых? 6 6. Яго няма тут, але Ён уваскрос. Узгадайце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі, 7 7. кажучы, што Сын Чалавечы мусіць быць выдадзены ў рукі людзей грэшных, і быць укрыжаваным, і на трэці дзень уваскрэснуць». 8 8. І ўзгадалі яны словы Ягоныя. 9 9. І, вярнуўшыся ад магілы, паведамілі пра гэта ўсім Адзінаццаці і ўсім іншым. 10 10. А былі гэта Марыя Магдалена, і Яанна, і Марыя Якубава, і іншыя з імі, што сказалі пра гэта апосталам. 11 11. І падаліся ім словы іхнія пустымі, і не паверылі ім. 12 12. А Пётар, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, бачыць прасьціну, што ляжала асобна, і адыйшоў, зьдзіўляючыся ў сабе з таго, што сталася. 13 13. І вось, у той жа дзень двое з іх ішлі ў мястэчка, што на адлегласьці ў шэсьцьдзесят стадыяў ад Ерусаліму, называнае Эмаус. 14 14. І яны гутарылі між сабою пра ўсе гэтыя здарэньні. 15 15. І сталася, калі яны гутарылі і разважалі між сабою, вось, Сам Ісус, падыйшоўшы, пайшоў з імі. 16 16. Вочы ж іхнія былі стрыманыя, дык не пазналі Яго. 17 17. Ён жа сказаў ім: «Што гэта за словы вы гаворыце між сабою, ідучы, і чаму вы панурыя?» 18 18. Адказваючы, адзін з іх, на імя Кляопа, сказаў Яму: «Ці ты адзін з вандроўнікаў у Ерусаліме і ня ведаеш, што сталася ў ім у гэтыя дні?» 19 19. І Ён сказаў ім: «Што?» Яны ж сказалі Яму: «Пра Ісуса з Назарэту, Які быў прарок, магутны ў справе і слове перад Богам і ўсім народам; 20 20. як выдалі Яго першасьвятары і начальнікі нашыя на прысуд сьмяротны і ўкрыжавалі Яго? 21 21. А мы спадзяваліся, што Ён ёсьць Той, Які мае адкупіць Ізраіль. Але да ўсяго гэтага вось ужо трэці дзень сёньня, як тое сталася. 22 22. Але некаторыя жанчыны з нашых зьдзівілі нас: быўшы раніцай ля магілы 23 23. і не знайшоўшы цела Ягонага, яны прыйшлі, кажучы, што ўгледзелі відзеж анёлаў, якія кажуць, што Ён жывы. 24 24. І пайшлі некаторыя з нашых да магілы, і знайшлі так, як і казалі жанчыны, а Яго ня бачылі». 25 25. І Ён сказаў ім: «О, бяздумныя і павольныя сэрцам, каб верыць усяму, што гаварылі прарокі! 26 26. Ці ж ня гэтак трэба было цярпець Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю?» 27 27. І, пачаўшы ад Майсея і ўсіх прарокаў, тлумачыў ім усё, што напісана пра Яго. 28 28. І наблізіліся яны да таго мястэчка, куды ішлі; і Ён паказаў, што ідзе далей. 29 29. І яны затрымлівалі Яго, кажучы: «Застанься з намі, бо дзень ужо схіліўся да вечара». І Ён увайшоў, каб застацца з імі. 30 30. І сталася, калі Ён узьлягаў разам з імі, Ён, узяўшы хлеб, дабраславіў, паламаў і даў ім. 31 31. І адчыніліся вочы іхнія, і яны пазналі Яго, а Ён стаўся нябачным для іх. 32 32. І казалі яны адзін аднаму: «Ці ж не гарэла ў нас сэрца нашае, калі Ён гаварыў да нас у дарозе і калі адчыняў нам Пісаньне?» 33 33. І, устаўшы ў тую ж гадзіну, вярнуліся ў Ерусалім, і знайшлі разам Адзінаццаць і тых, што з імі, 34 34. якія гаварылі, што Госпад сапраўды ўваскрос і зьявіўся Сымону. 35 35. І яны распавялі, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламаньні хлеба. 36 36. Калі ж яны гэтак гаварылі, Сам Ісус стаў сярод іх і кажа ім: «Супакой вам!» 37 37. Яны, жахнуўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што бачаць духа. 38 38. І Ён сказаў ім: «Што вы стрывожыліся? І чаму такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя? 39 39. Паглядзіце на рукі Мае і на ногі Мае, бо гэта Я Сам. Дакраніцеся да Мяне і пабачце, бо дух цела і костак ня мае, што, як бачыце, Я маю». 40 40. І, сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі і ногі. 41 41. Калі ж яны ад радасьці яшчэ ня верылі і зьдзіўляліся, Ён сказаў ім: «Ці маеце тут якую ежу?» 42 42. Яны ж далі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду. 43 43. І, узяўшы, Ён еў перад імі. 44 44. І сказаў ім: «Вось тыя словы, якія Я гаварыў вам, калі яшчэ быў з вамі, што мусіць споўніцца ўсё, што напісана пра Мяне ў Законе Майсея, і ў Прарокаў, і ў Псальмах». 45 45. Тады адчыніў ім розум дзеля зразуменьня Пісаньня. 46 46. І сказаў ім: «Так напісана і так належала цярпець Хрысту, і ўваскрэснуць з мёртвых на трэці дзень. 47 47. І будзе абвешчана ў імя Ягонае навяртаньне і адпушчэньне грахоў у-ва ўсіх народах, пачынаючы ад Ерусаліму. 48 48. А вы — сьведкі гэтага. 49 49. І вось, Я пасылаю абяцаньне Айца Майго на вас. Вы ж заставайцеся ў горадзе Ерусаліме, пакуль не апранецеся моцаю звыш». 50 50. І вывеў іх вонкі да Бэтаніі, і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх. 51 51. І сталася, калі дабраслаўляў іх, стаў аддаляцца ад іх і быў узьнесены ў неба. 52 52. І яны, пакланіўшыся Яму, вярнуліся ў Ерусалім з вялікай радасьцю, 53 53. і былі ўсьцяж у сьвятыні, хвалячы і дабраслаўляючы Бога. Амэн.