Matthew 6 (BNTABOOT)
1 1. Сьцеражыцеся, не рабіце міласьціны вашае перад людзьмі з тым, каб яны бачылі вас, бо тады ня будзеце мець нагароды ад Айца вашага, Які ў небе. 2 2. Калі ж даеш міласьціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб людзі славілі іх. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымоўваюць нагароду сваю. 3 3. У цябе ж, калі ты робіш міласьціну, няхай левая рука твая ня ведае, што робіць правая, 4 4. каб міласьціна твая была ўтоена, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна. 5 5. І калі молішся, ня будзь, як крывадушнікі, бо яны любяць у сынагогах і на вуглах вуліцаў, спыніўшыся, маліцца, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам, што яны ўжо атрымоўваюць нагароду сваю. 6 6. Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзьверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ўтоены, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна. 7 7. А молячыся, не гаварыце лішняга, як пагане, бо яны думаюць, што ў шматслоўі сваім будуць пачутыя. 8 8. Ня будзьце падобныя да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго. 9 9. Маліцеся ж вось гэтак: “Ойча наш, Які ёсьць у небе! Сьвяціся імя Тваё; 10 10. прыйдзі Валадарства Тваё; будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. 11 11. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня. 12 12. І адпусьці нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым; 13 13. і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Бо Тваё Валадарства, і моц, і слава навекі. Амэн”. 14 14. Бо, калі вы будзеце адпускаць людзям грахі іхнія, то і вам адпусьціць Айцец ваш, Які ў небе. 15 15. А калі ня будзеце адпускаць людзям грахоў іхніх, то і Айцец ваш не адпусьціць грахоў вашых. 16 16. А калі посьціце, ня будзьце панурымі, быццам крывадушнікі; бо яны зьмяняюць абліччы свае, каб, посьцячыся, паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам, што яны ўжо атрымоўваюць нагароду сваю. 17 17. А ты, посьцячыся, памаж галаву тваю і абмый аблічча тваё, 18 18. каб ня перад людзьмі паказацца посьцячым, але перад Айцом тваім, Які ўтоены, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна. 19 19. Не зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і іржа нішчаць, і дзе злодзеі падкопваюць і крадуць; 20 20. але зьбірайце сабе скарбы ў небе, дзе ані моль, ані іржа ня нішчаць, і дзе злодзеі не падкопваюць і не крадуць. 21 21. Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае. 22 22. Сьветач цела ёсьць вока. Калі вока тваё чыстае, усё цела тваё будзе сьветлае. 23 23. Калі ж вока тваё злое, усё цела тваё будзе цёмным. Калі ж сьвятло, якое ў табе, ёсьць цемра, дык якая ж цемра сама? 24 24. Ніхто ня можа служыць двум панам; бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Ня можаце Богу служыць і мамоне. 25 25. Таму кажу вам: не клапаціцеся пра душу вашую, што вам есьці і што піць, ані пра цела вашае, у што апрануцца. Ці ж душа ня большая за ежу, і цела — за адзеньне? 26 26. Паглядзіце на птушак нябесных, што ані сеюць, ані жнуць і не зьбіраюць у сьвірны, і Айцец ваш Нябесны жывіць іх. Наколькі ж вы лепшыя за іх. 27 27. Хто ж з вас сваім клопатам можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць? 28 28. І наконт адзеньня чаго клапоціцеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць, не працуюць, не прадуць. 29 29. А Я кажу вам, што нават Салямон у-ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх. 30 30. Калі ж траву на полі, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінутая ў печ, Бог так апранае, дык ці ня шмат больш вас, малаверы? 31 31. Дык не клапаціцеся, кажучы: “Што нам есьці?”, ці: “Што нам піць?”, ці: “У што апрануцца?” 32 32. Бо ўсяго гэтага шукаюць пагане. Бо Айцец ваш Нябесны ведае, што вам усё гэтае патрэбна. 33 33. Шукайце ж перш Валадарства Божага і праведнасьці Яго, і тое ўсё дадасца вам. 34 34. Дык не клапаціцеся пра заўтрашні дзень, бо заўтрашні дзень сам будзе клапаціцца пра сябе. Досыць дню свайго ліха.