Matthew 9 (BNTABOOT)
1 1. І, увайшоўшы ў човен, Ён пераплыў назад, і прыйшоў у Свой горад. 2 2. І вось, прынесьлі да Яго спараліжаванага, які ляжаў на ложку. І, бачачы веру іх, Ісус сказаў спараліжаванаму: «Будзь пэўным, дзіця! Адпускаюцца табе грахі твае». 3 3. І вось, некаторыя з кніжнікаў сказалі самі ў сабе: «Ён блюзьніць». 4 4. І, бачачы думкі іхнія, Ісус сказаў: «Чаму злое вы падумалі ў сэрцах вашых? 5 5. Бо што лягчэй сказаць: “Адпускаюцца табе грахі”, ці сказаць: “Устань і хадзі”? 6 6. Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі», — кажа тады спараліжаванаму: «Устань, вазьмі ложак твой і ідзі ў дом твой». 7 7. І, устаўшы, ён пайшоў у дом свой. 8 8. Бачачы гэтае, натоўпы зьдзівіліся і славілі Бога, Які даў такую ўладу людзям. 9 9. І, праходзячы адтуль, Ісус убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, званага Мацьвеем, і кажа яму: «Ідзі за Мною». І ён, устаўшы, пайшоў за Ім. 10 10. І сталася, як Ён узьлягаў у доме, вось, шмат мытнікаў і грэшнікаў, прыйшоўшы, узьляглі з Ісусам і вучнямі Ягонымі. 11 11. І фарысэі, якія бачылі гэта, сказалі вучням Ягоным: «Дзеля чаго Настаўнік ваш есьць з мытнікамі і грэшнікамі?» 12 12. А Ісус, пачуўшы, сказаў Ім: «Не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя. 13 13. Пайдзеце ж, навучыцеся, што значыць: “Міласэрнасьці хачу, а не ахвяры”. Бо Я прыйшоў не праведнікаў, але грэшнікаў клікаць да навяртаньня». 14 14. Тады прыходзяць да Яго вучні Янавы, кажучы: «Чаму мы і фарысэі шмат посьцім, а Твае вучні ня посьцяць?» 15 15. І сказаў ім Ісус: «Ня могуць плакаць сыны вясельля, пакуль з імі жаніх. Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх жаніха, і тады будуць посьціць. 16 16. Ніхто ж не прышывае латкі з новай тканіны да старога адзеньня, бо прышытае аддзярэцца ад адзеньня, і дзіра станецца большая. 17 17. Не ўліваюць новага віна ў старыя мяхі, бо рвуцца мяхі, і віно выцякае, і мяхі гінуць; але новае віно ўліваюць у новыя мяхі, тады захоўваецца адно і другое». 18 18. Калі Ён гаварыў ім гэта, вось, падыйшоўшы, начальнік пакланіўся Яму, кажучы: «Дачка мая цяпер памірае, але прыйдзі, ускладзі на яе руку Тваю, і яна ажыве». 19 19. І, устаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Ягоныя. 20 20. І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў хварэла на крывацечу, падыйшоўшы ззаду, дакранулася да краю шаты Ягонай, 21 21. бо яна казала ў сабе: «Калі толькі дакрануся да шаты Ягонай, буду выратаваная». 22 22. Ісус жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: «Будзь пэўная, дачка! Вера твая збавіла цябе». І жанчына ў тую ж гадзіну паздаравела. 23 23. І, прыйшоўшы ў дом начальніка і ўбачыўшы жалейнікаў і ўзрушаны натоўп, 24 24. Ісус сказаў ім: «Адыйдзіцеся, бо не памерла дзяўчынка, але сьпіць». І сьмяяліся з Яго. 25 25. Калі ж вывелі натоўп, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчынка ўстала. 26 26. І разыйшлася чутка пра гэта па ўсёй той зямлі. 27 27. І калі Ісус ішоў адтуль, ішлі за Ім два сьляпыя, крычучы і кажучы: «Зьлітуйся над намі, Сыне Давідаў!» 28 28. Калі ж Ён прыйшоў у дом, падыйшлі да Яго сьляпыя. І кажа ім Ісус: «Ці вы верыце, што Я магу гэтае зрабіць?» Кажуць яму: «Так, Госпадзе!» 29 29. Тады Ён дакрануўся да вачэй іхніх, кажучы: «Паводле веры вашае няхай станецца вам». 30 30. І адчыніліся вочы іхнія. І Ісус грозна глянуў на іх, кажучы: «Глядзіце, каб ніхто ня ведаў». 31 31. А яны, выйшаўшы, шырылі вестку пра Яго па ўсёй той зямлі. 32 32. Калі ж тыя выходзілі, вось прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам. 33 33. І, калі дэман быў выгнаны, нямы загаварыў, і натоўп зьдзіўляўся, кажучы: «Ніколі не здаралася гэткае ў Ізраілі». 34 34. А фарысэі казалі: «Праз князя дэманаў Ён выганяе дэманаў». 35 35. І абыходзіў Ісус усе гарады і мястэчкі, навучаючы ў сынагогах і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства, і аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе. 36 36. Убачыўшы ж натоўпы, Ён зьлітаваўся над імі, што былі саслабелыя і расьцярушаныя, быццам авечкі, якія ня маюць пастуха. 37 37. Тады кажа вучням Сваім: «Сапраўды, жніво багатае, а работнікаў мала. 38 38. Дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё».