John 7 (BIB)
1 Пасьля гэтага Ісус хадзіў па Галілеі, бо па Юдэі хадзіць не хацеў, таму што Юдэі намышлялі забіць Яго. 2 Набліжалася сьвята Юдэйскае - Кучкі. 3 Тады браты Ягоныя сказалі Яму: выйдзі адгэтуль і йдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі дзеі, што Ты ўчыняеш; 4 бо ніхто ня робіць чаго-небудзь употай, і стараецца сам быць вядомым; калі Ты чыніш такія дзеі, дык яві Сябе сьвету. 5 Бо і браты Ягоныя ня верылі ў Яго. 6 На гэта Ісус ім сказаў: Мой час яшчэ не настаў, а вам заўсёды час; 7 Вас сьвет ня можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сьведчу пра яго, што дзеі ягоныя ліхія; 8 вы ідзеце на сьвята гэтае, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ не настаў. 9 Гэта сказаўшы ім, застаўся ў Галілеі. 10 Але як прыйшлі браты Ягоныя, тады і Ён прыйшоў на сьвята, не адкрыта, а як бы таемна. 11 А Юдэі шукалі яго на сьвяце і казалі: дзе Ён? 12 І многа было гаманы пра Яго ў народзе: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: не, Ён зводзіць людзей. 13 Аднак ніхто не гаварыў пра Яго адкрыта, баючыся Юдэяў. 14 Але ўжо а палавіне сьвята ўвайшоў Ісус у храм і вучыў. 15 І дзівавалі Юдэі, кажучы: як Ён ведае Пісаньні, ня вучыўшыся? 16 Ісус, адказваючы ім, сказаў: Маё вучэньне - не Маё, а Таго, Хто паслаў Мяне; 17 хто хоча чыніць волю Ягоную, той даведаецца пра гэтае вучэньне, ці ад Бога яно, ці я Сам ад Сябе кажу; 18 хто гаворыць сам ад сябе, шукае славы сабе; а Хто шукае славы Таму, Хто паслаў Яго, Той сапраўдны, і няма няпраўды ў Ім. 19 Ці ня даў вам Майсей закона? і ніхто з вас ня жыве паводле закона. Завошта ж намышляеце забіць Мяне? 20 Людзі сказалі ў адказ: ці ня дэман у Табе? Хто намышляе забіць Цябе? 21 Ісус, прамаўляючы далей, сказаў ім: адну дзею ўчыніў Я, і ўсе вы дзівуеце; 22 Майсей даў вам абразаньне, - хоць яно не ад Майсея, а ад бацькоў, - і ў суботу вы абразаеце чалавека; 23 калі ў суботу прыймае чалавек абразаньне, каб ня быў парушаны закон Майсееў, - ці не на Мяне гневаецеся за тое, што Я ўсяго чалавека ацаліў у суботу? 24 ня судзеце паводле выгляду, а судзеце судом справядлівым. 25 Тут некаторыя зь Ерусалімцаў казалі: ці ня Той гэта, Якога спрабуюць забіць? 26 вось, Ён гаворыць адкрыта, і нічога ня кажуць Яму: ці ўпэўніліся начальнікі, што Ён сапраўды Хрыстос? 27 але мы ведаем Яго, адкуль Ён; а Хрыстос, калі прыйдзе, ніхто ня будзе ведаць, адкуль Ён. 28 Тады Ісус усклікнуў у храме, вучачы і кажучы: і ведаеце Мяне, і ведаеце, адкуль Я; і Я прыйшоў ня Сам ад Сябе, але ў ісьціне Той, хто паслаў Мяне, Якога вы ня ведаеце; 29 Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне. 30 І намышлялі схапіць Яго, але ніхто не наклаў на Яго рукі, бо яшчэ не настала гадзіна Ягоная. 31 А многія зь людзей уверавалі ў Яго і казалі: калі прыйдзе Хрыстос, няўжо створыць болей азнакаў, чым колькі Гэты стварыў? 32 Пачулі фарысэі такія перасуды пра Яго ў народзе, і паслалі фарысэі і першасьвятары служак - схапіць Яго. 33 А Ісус сказаў ім: яшчэ нядоўга быць Мне з вамі, і пайду да Таго, Хто паслаў Мяне; 34 будзеце шукаць Мяне, і ня знойдзеце; і дзе буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці. 35 Пры гэтым Юдэі гаварылі паміж сабою: куды Ён хоча ісьці, так што мы ня знойдзем Яго? ці ня хоча Ён ісьці ў Элінскае расьсеяньне і вучыць Элінаў? 36 што азначаюць гэтыя словы, якія Ён сказаў: «будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце; і дзе буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці»? 37 У апошні ж вялікі дзень сьвята стаяў Ісус і ўсклікнуў, кажучы: хто прагне, ідзі да Мяне і пі; 38 хто веруе ў Мяне, у таго, як сказана ў Пісаньні, «з чэрава пацякуць рэкі вады жывое». 39 Гэта сказаў Ён пра Духа, Якога меліся прыняць тыя, што верылі ў Яго: бо яшчэ ня было на іх Духа Сьвятога, бо Ісус яшчэ ня быў праслаўлены. 40 Многія людзі, пачуўшы гэтыя словы, казалі: Ён сапраўды прарок. 41 Другія казалі: гэта Хрыстос. А іншыя казалі: хіба з Галілеі Хрыстос прыйдзе? 42 ці ня сказана ў Пісаньні, што Хрыстос прыйдзе ад насеньня Давідавага і зь Віфляема, з таго месца, адкуль быў Давід? 43 І вось адбылася наконт Яго спрэчка ў народзе. 44 Некаторыя зь іх хацелі схапіць Яго; але ніхто не наклаў на Яго рук. 45 І вось служкі вярнуліся да першасьвятароў і фарысэяў, і гэтыя сказалі ім: чаму вы не прывялі яго? 46 Служкі адказвалі: ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек. 47 Фарысэі сказалі ім: няўжо і вы ўведзены ў зман? 48 ці паверыў у Яго хто з начальнікаў, альбо з фарысэяў? 49 але гэты народ невук у законе, пракляты ён. 50 Мікадым, які прыходзіў да Яго ўначы, будучы адным зь іх, кажа ім: 51 ці судзіць закон наш чалавека, калі папярэдне ня выслухаюць яго і не даведаюцца, што ён робіць? 52 На гэта сказалі яму: і ты ці не з Галілеі? паглядзі, і ўбачыш, што з Галілеі ня прыходзіць прарок. 53 І разыйшліся ўсе па дамах.