John 7 (BNTABOOT)
1 1. І хадзіў Ісус пасьля гэтага па Галілеі, бо не хацеў хадзіць па Юдэі, таму што Юдэі шукалі забіць Яго. 2 2. Было ж блізка сьвята юдэйскае Намётаў. 3 3. Тады браты Ягоныя сказалі Яму: «Выйдзі адсюль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі справы Твае, якія Ты робіш. 4 4. Бо ніхто нічога таемна ня робіць, і сам імкнецца быць вядомым. Калі робіш гэткае, зьяві Сябе сьвету». 5 5. Бо і браты Ягоныя таксама ня верылі ў Яго. 6 6. Ісус жа кажа ім: «Час Мой яшчэ не прыйшоў, а для вас заўсёды час. 7 7. Вас сьвет ня можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сьведчу пра яго, што справы ягоныя злыя. 8 8. Вы ідзіце на гэтае сьвята, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ ня споўніўся». 9 9. Сказаўшы ім гэта, застаўся ў Галілеі. 10 10. Калі ж пайшлі браты Ягоныя, тады і Ён пайшоў на сьвята, ня яўна, але як быццам таемна. 11 11. А Юдэі шукалі Яго на сьвяце і гаварылі: «Дзе Ён?» 12 12. І шмат размоваў было адносна Яго ў натоўпах: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: «Не, бо Ён падманвае грамаду». 13 13. Аднак ніхто не гаварыў адносна Яго яўна дзеля страху перад Юдэямі. 14 14. Але ў палове сьвята Ісус увайшоў у сьвятыню і навучаў. 15 15. І зьдзіўляліся Юдэі, кажучы: «Як Ён ведае Пісаньні, не вучыўшыся?» 16 16. Адказаў ім Ісус і сказаў: «Маё вучэньне не Маё, але Таго, Хто паслаў Мяне. 17 17. Калі хто хоча выконваць волю Яго, той зразумее адносна вучэньня гэтага, ці ад Бога яно, ці Я ад Сябе гавару. 18 18. Хто гаворыць сам ад сябе, той шукае сваёй славы, а Хто шукае славы Таго, Хто паслаў Яго, Той праўдзівы, і няма ў Ім няправеднасьці. 19 19. Ці ня даў вам Майсей Закону? І ніхто з вас не выконвае Закон. За што шукаеце забіць Мяне?» 20 20. Натоўп адказаў і сказаў: «Дэмана Ты маеш. Хто шукае забіць Цябе?» 21 21. Адказаў Ісус і сказаў ім: «Адну справу Я зрабіў, і вы ўсе зьдзіўляецеся. 22 22. Майсей даў вам абразаньне; хоць яно і не ад Майсея, але ад бацькоў, і ў суботу вы абразаеце чалавека. 23 23. Калі ў суботу абразаецца чалавек, каб ня быў парушаны закон Майсееў, чаму ж вы незадаволеныя Мною, што Я ўсяго чалавека зрабіў здаровым у суботу? 24 24. Не судзіце па зьнешнасьці, але судзіце судом справядлівым». 25 25. Казалі тады некаторыя з Ерусалімцаў: «Ці ж гэта ня Той, Якога шукаюць, каб забіць? 26 26. І вось Ён яўна гаворыць, і нічога ня кажуць Яму. Ці не пераканаліся начальнікі, што Ён сапраўды Хрыстос? 27 27. Але мы ведаем Яго, адкуль Ён. Калі ж прыйдзе Хрыстос, ніхто ня будзе ведаць, адкуль Ён». 28 28. Усклікнуў тады Ісус у сьвятыні, навучаючы і кажучы: «І Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я, і Я прыйшоў ня Сам ад Сябе, але праўдзівы Той, Які паслаў Мяне, Якога вы ня ведаеце. 29 29. А Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён Мяне паслаў». 30 30. І шукалі, каб схапіць Яго, і ніхто не ўзлажыў на Яго рукі, бо яшчэ не прыйшла гадзіна Ягоная. 31 31. Многія ж з натоўпу паверылі ў Яго і казалі: «Хрыстос, калі прыйдзе, няўжо ўчыніць больш знакаў, чымсьці Гэты ўчыніў?» 32 32. Пачулі фарысэі натоўп, які гэтак гаварыў адносна Яго; і паслалі фарысэі і першасьвятары паслугачоў, каб схапілі Яго. 33 33. Ісус жа сказаў ім: «Яшчэ трохі часу Я буду з вамі, і пайду да Таго, Які паслаў Мяне. 34 34. Будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце, і дзе Я буду, вы ня можаце прыйсьці». 35 35. Гаварылі тады Юдэі між сабою: «Куды Ён мае ісьці, што мы ня знойдзем Яго? Ці ня мае Ён ісьці да грэцкага расьцярушаньня і навучаць Грэкаў? 36 36. Што мае значыць гэтае слова, якое Ён сказаў: “Будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце, і дзе Я буду, вы ня можаце прыйсьці”? » 37 37. А ў апошні вялікі дзень сьвята Ісус стаяў і ўсклікнуў, кажучы: «Калі хто смагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е. 38 38. Хто верыць у Мяне, як сказана ў Пісаньні, у таго з жывата пацякуць рэкі вады жывое». 39 39. Гэта сказаў Ён пра Духа, Якога меліся прыняць тыя, якія вераць у Яго, бо не было яшчэ Духа Сьвятога, бо ня быў яшчэ Ісус праслаўлены. 40 40. Многія з натоўпу, пачуўшы гэта слова, казалі: «Ён, сапраўды, — прарок». 41 41. Другія казалі: «Ён — Хрыстос». А іншыя казалі: «Хіба з Галілеі прыйдзе Хрыстос? 42 42. Ці ж не сказана ў Пісаньні, што з насеньня Давідавага і з Бэтлеему, мястэчка, адкуль быў Давід, прыйдзе Хрыстос?» 43 43. І стаўся дзеля Яго падзел у натоўпе. 44 44. Некаторыя ж з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не ўзлажыў на Яго рукі. 45 45. Тады вярнуліся паслугачы да першасьвятароў і фарысэяў, і тыя сказалі ім: «Чаму вы не прывялі Яго?» 46 46. Паслугачы адказалі: «Ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек». 47 47. Фарысэі тады адказалі ім: «Няўжо і вы падманутыя? 48 48. Ці паверыў у Яго хто з начальнікаў ці з фарысэяў? 49 49. Але гэты натоўп, які ня ведае Закону, ён пракляты». 50 50. Кажа ім Нікадэм, адзін з іх, які прыходзіў да Яго ўначы: 51 51. «Няўжо судзіць наш Закон чалавека, ня выслухаўшы яго спачатку і не даведаўшыся, што ён робіць?» 52 52. Адказалі і сказалі яму: «Няўжо і ты з Галілеі? Дасьледуй і пабач, што з Галілеі прарок не паўставаў». 53 53. І пайшоў кожны ў дом свой.