Luke 2 (BIB)
1 У тыя дні выйшаў ад кесара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. 2 Гэты перапіс быў першы ў праўленьне Квірынія Сірыяй. 3 І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад. 4 Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давідаў, называны Віфляемам, бо ён быў з дому і роду Давідавага, 5 запісацца з Марыяю, заручанаю яму жонкай, якая была цяжарная. 6 Калі ж былі яны там, настаў час радзіць Ёй; 7 і нарадзіла Сына Свайго першынца, і спавіла Яго, і паклала яго ў ясьлі, бо ня было ім месца ў гасьцініцы. 8 У той краіне былі на полі пастухі, якія трымалі начную варту каля статку свайго. 9 Раптам зьявіўся ім анёл Гасподні, і слава Гасподняя апраменіла іх; і спалохаліся страхам вялікім. 10 І сказаў ім анёл: ня бойцеся; я ўзьвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсім людзям: 11 бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Гасподзь; 12 і вось вам знак: вы знойдзеце Дзіця ў пялюшках, Яно ляжыць у ясьлях. 13 І раптоўна зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, славячы Бога і заклікаючы: 14 слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, і ў людзях добрая воля. 15 Калі анёлы адыйшлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: хадзем у Віфляем і паглядзім, што там сталася, пра што абвясьціў нам Гасподзь. 16 І пасьпяшаўшыся, прыйшлі, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Дзіцятка, Якое ляжала ў ясьлях. 17 А ўбачыўшы, расказалі пра тое, што было абвешчана ім пра Дзіцятка Гэтае. 18 І ўсе, хто чуў, дзівавалі з таго, што расказвалі ім пастухі. 19 А Марыя прымала ўсе словы гэтыя, складаючы ў сэрцы Сваім. 20 І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё тое, што чулі і бачылі, як ім сказана было. 21 Як прайшло восем дзён, калі трэба было абрэзаць Дзіцятка, далі яму імя Ісус, названае анёлам раней зачацьця Ягонага ва ўлоньні. 22 А калі споўніліся дні ачышчэньня іхняга паводле закона Майсеевага, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб явіць Госпаду, 23 як прадпісана ў законе Гасподнім, каб усякае дзіцятка мужчынскага полу, якое размыкае ўлоньне, было прысьвечана Госпаду; 24 і каб прынесьлі ў ахвяру, паводле сказанага ў законе Гасподнім, дзьве галубкі альбо два птушаняты галубіныя. 25 Тады быў у Ерусаліме чалавек, імем Сымон. Ён быў муж праведны і пабожны, чакаў суцяшэньня Ізраілевага; і Дух Сьвяты быў на ім. 26 Яму было прадказана Духам Сьвятым, што ён ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Гасподняга. 27 І прыйшоў ён па натхненьні ў храм. І калі бацькі прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім законны абрад, 28 ён узяў Яго на рукі, праславіў Бога і сказаў: 29 сёньня адпускаеш раба Твайго, Уладыка, паводле слова Твайго, зь мірам; 30 бо бачылі вочы мае збавеньне Тваё, 31 якое Ты ўгатаваў перад абліччам усіх народаў, 32 сьвятло на асьвятленьне язычнікаў, і славу народу Твайго Ізраіля. 33 А Язэп і Маці Ягоная дзівавалі ад сказанага пра Яго. 34 І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, Маці Ягонай: вось, ляжыць Гэты на ўпадак і на ўзвышэньне многіх у Ізраілі і на азнаку нязгодаў, - 35 і Табе Самой зброя пратне душу, - каб адкрыліся помыслы многіх сэрцаў. 36 І была таксама Ганна прарочыца, дачка Фануілава, з роду Асіравага, якая дажыла да глыбокай старасьці, пражыўшы з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў, 37 удава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад храма, постам і малітваю служачы Богу дзень і ноч. 38 І яна, у тую самую гадзіну падышоўшы, славіла Госпада і казала пра Яго ўсім, хто чакаў ратунку ў Ерусаліме. 39 І калі яны зрабілі ўсё паводле закона Гасподняга, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт. 40 А Дзіця расло і мацавалася духам, напаўняючыся мудрасьцю; і мілата Божая была на Ім. 41 Кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі. 42 І калі Яму было дванаццаць гадоў, прыйшлі яны таксама як звычайна ў Ерусалім на сьвята; 43 калі ж, пасьля заканчэньня дзён сьвята, вярталіся, застаўся Хлопчык Ісус у Ерусаліме; і не заўважылі таго Язэп і Маці Ягоная; 44 але думалі, што Ён ідзе зь іншымі; прайшоўшы ж дзённы шлях, пачалі шукаць Яго сярод родзічаў і знаёмых; 45 і не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго. 46 Праз тры дні знайшлі яго ў храме, сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх і распытваў іх; 47 усе, хто слухаў Яго, зьдзіўляліся з розуму і адказаў Ягоных. 48 І ўбачыўшы Яго, зьдзівіліся; і Маці ягоная сказала Яму: Дзіця! што Ты зрабіў з намі? вось, бацька Твой і Я зь вялікаю скрухаю шукалі Цябе. 49 Ён сказаў ім: навошта было вам шукаць Мяне? ці вы ня ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Айцу Майму? 50 Але яны не зразумелі сказаных Ім словаў. 51 І Ён пайшоў зь імі і прыйшоў у Назарэт; і быў у паслушэнстве ім. І Маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы Сваім. 52 А Ісус мацаваўся ў мудрасьці і росьце і ў любові ў Бога і людзей.