Luke 2 (BNTABOOT)
1 1. І сталася, у тыя дні выйшла ад цэзара Аўгуста пастанова зрабіць перапіс па ўсім сусьвеце. 2 2. Гэты перапіс быў першы за панаваньня Квірынія ў Сырыі. 3 3. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад. 4 4. Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з гораду Назарэт, у Юдэю, у горад Давіда, называны Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, 5 5. запісацца з Марыяю, заручанай з ім жонкай, якая была цяжарная. 6 6. І сталася, калі яны былі там, надыйшоў дзень нарадзіць ёй; 7 7. і нарадзіла Сына свайго Першароднага, і спавіла Яго, і палажыла яго ў ясьлі, бо не было ім месца ў сьвятліцы. 8 8. І былі пастухі ў той ваколіцы, якія начавалі ў полі і вартавалі ўначы ля статку свайго. 9 9. І вось, стаў перад імі анёл Госпадаў, і слава Госпадава асьвяціла іх; і спалохаліся страхам вялікім. 10 10. І сказаў ім анёл: «Ня бойцеся! Бо вось, я дабравешчу вам вялікую радасьць, якая будзе ўсяму народу, 11 11. бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Госпад. 12 12. І вось вам знак: вы знойдзеце Немаўлятка ў пялюшках, Якое ляжыць у ясьлях». 13 13. І неспадзявана зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, якое славіла Бога і казала: 14 14. «Слава на вышынях Богу, а на зямлі супакой, у людзях упадабаньне». 15 15. І сталася, калі адыйшлі ад іх анёлы ў неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Хадзем у Бэтлеем і ўбачым, ці сталася тое слова, якое абвясьціў нам Госпад». 16 16. І пайшлі пасьпешна, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Немаўлятка, Якое ляжала ў ясьлях. 17 17. І, убачыўшы, расказалі пра словы, якія былі сказаныя ім пра Дзіцятка Гэтае. 18 18. І ўсе, якія чулі, зьдзіўляліся з таго, што расказвалі ім пастухі. 19 19. А Марыя захавала ўсе словы гэтыя, складаючы [іх] у сэрцы сваім. 20 20. І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана. 21 21. І калі прайшло восем дзён, трэба было абрэзаць Хлопчыка, і далі Яму імя Ісус, названае анёлам перш, чым быў Ён зачаты ва ўлоньні. 22 22. І калі скончыліся дні ачышчэньня іх паводле закону Майсея, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб прадставіць перад Госпадам, 23 23. як напісана ў законе Госпадавым: «Усякі хлопчык, які адкрывае ўлоньне, будзе названы сьвятым Госпадавым», 24 24. і каб прынесьці ў ахвяру паводле таго, як сказана ў законе Госпадавым: пару туркавак ці двух галубянятак. 25 25. І вось, быў у Ерусаліме чалавек на імя Сымон. І быў ён чалавек праведны і пабожны, які чакаў пацяшэньня Ізраіля, і Дух Сьвяты быў на ім. 26 26. І было яму сказана ад Духа Сьвятога, што ён ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Госпадавага. 27 27. І прыйшоў ён у Духу ў сьвятыню. І калі бацькі прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім абрад паводле закону, 28 28. ён узяў Яго на рукі свае, і дабраславіў Бога, і сказаў: 29 29. «Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Уладару, паводле слова Твайго, у супакоі, 30 30. бо бачылі вочы мае збаўленьне Тваё, 31 31. якое прыгатаваў Ты перад абліччам усіх народаў, 32 32. сьвятло для асьветы паганаў, і славу народу Твайго — Ізраіля». 33 33. А Язэп і маці Ягоная зьдзіўляліся сказанаму пра Яго. 34 34. І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, маці Ягонай: «Вось, ляжыць Гэты на падзеньне і паўстаньне многіх у Ізраілю, і на знак, якому працівіцца будуць. 35 35. І табе самой меч пранікне ў душу, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў». 36 36. І была Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з калена Асэра. Яна была ў вельмі старым веку, з мужам ад дзявоцтва свайго пражыла сем гадоў. 37 37. І была яна ўдава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад сьвятыні, постам і просьбаю служачы [Богу] дзень і ноч. 38 38. І яна, у тую гадзіну прыйшоўшы, узносіла хвалу Госпаду і гаварыла пра Яго ўсім, якія чакалі выбаўленьня ў Ерусаліме. 39 39. І калі яны выканалі ўсё паводле закону Госпадава, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт. 40 40. А Дзіцятка ўзрастала і ўмацоўвалася духам, напаўняючыся мудрасьцю; і ласка Божая была на Ім. 41 41. І кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі. 42 42. І калі Ён меў дванаццаць год, прыйшлі яны, як звычайна, у Ерусалім на сьвята. 43 43. І калі скончыліся тыя дні і яны варочаліся, застаўся Хлопец Ісус у Ерусаліме, і не заўважылі гэтага Язэп і маці Ягоная, 44 44. але думалі, што Ён ідзе з другімі падарожнікамі. Прайшоўшы дзённую дарогу, сталі шукаць Яго між сваякамі і знаёмымі. 45 45. І, не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго. 46 46. І сталася, праз тры дні знайшлі Яго ў сьвятыні, як сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх. 47 47. І ўсе, якія слухалі Яго, дзівіліся з розуму і адказаў Ягоных. 48 48. І, убачыўшы Яго, зьдзівіліся, і маці Ягоная сказала Яму: «Дзіця! Што Ты зрабіў нам гэтак? Вось, бацька Твой і я з вялікай мукаю шукалі Цябе». 49 49. І Ён сказаў ім: «Навошта вы шукалі Мяне? Ці ж вы ня ведаеце, што Я мушу быць у тым, што [належыць] Айцу Майму?» 50 50. І яны не зразумелі слова, якое Ён сказаў ім. 51 51. І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. І маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы сваім. 52 52. І Ісус узрастаў у мудрасьці, і ва ўзросьце, і ў ласцы ў Бога і людзей.