Acts 22 (BNTABOOT)
1 1. «Мужы браты і бацькі! Паслухайце цяпер маю перад вамі абарону». 2 2. Пачуўшы, што ён прамовіў да іх на гебрайскай мове, яны больш замаўчалі і ён сказаў: 3 3. «Я сам Юдэй, народжаны ў Тарсе Кілікійскім, а ўзгадаваны ў горадзе гэтым ля ног Гамаліэля, старанна дысцыплінаваны ў Законе бацькоў, руплівец дзеля Бога, як і вы ўсе сёньня. 4 4. Я перасьледаваў шлях гэты ажно да сьмерці, зьвязваючы і аддаючы ў вязьніцу мужчынаў і жанчынаў, 5 5. як засьведчыць пра мяне і першасьвятар, і ўсе старшыні, ад якіх я, узяўшы пасланьні да братоў, пайшоў у Дамаск, каб і тых, якія там былі, прывесьці зьвязаных у Ерусалім дзеля пакараньня. 6 6. Сталася ж, калі я ішоў і набліжаўся да Дамаску, каля паўдня неспадзявана агарнула мяне вялікае сьвятло з неба. 7 7. І я ўпаў на зямлю, і пачуў голас, які гаварыў да мяне: “Саўле, Саўле, чаму ты перасьледуеш Мяне?” 8 8. А я адказаў: “Хто Ты, Госпадзе?” І Ён сказаў да мяне: “Я — Ісус з Назарэту, Якога ты перасьледуеш”. 9 9. Тыя ж, што былі са мною, бачылі сьвятло і перапалохаліся, а голасу Таго, Які гаварыў да мяне, ня чулі. 10 10. А я сказаў: “Што мне рабіць, Госпадзе?” Госпад жа сказаў да мяне: “Устаўшы, ідзі ў Дамаск, і там будзе табе сказана ўсё, што вызначана табе рабіць”. 11 11. А як ад славы сьвятла гэтага я ня бачыў, дык прыйшоў у Дамаск, ведзены за руку тымі, што былі са мною. 12 12. А нейкі Ананія, муж пабожны паводле Закону, засьведчаны ўсімі тамтэйшымі Юдэямі, 13 13. прыйшоўшы да мяне і стаўшы, сказаў мне: “Саўле, браце! Глядзі!” І я ў тую ж гадзіну ўгледзеў яго. 14 14. А ён сказаў: “Бог бацькоў нашых выбраў цябе, каб ты пазнаў волю Ягоную, і ўбачыў Праведнага, і пачуў голас з вуснаў Ягоных, 15 15. бо ты будзеш сьведкам Яму перад усімі людзьмі пра тое, што ты бачыў і чуў. 16 16. І цяпер што ты марудзіш? Устаўшы, ахрысьціся і змый грахі твае, прызваўшы імя Госпадава”. 17 17. Сталася ж, як я вярнуўся ў Ерусалім і маліўся ў сьвятыні, ахапіла мяне захапленьне 18 18. і я ўбачыў Яго, Які казаў да мяне: “Сьпяшайся і ідзі хутчэй з Ерусаліму, бо ня прымуць сьведчаньня твайго пра Мяне”. 19 19. А я сказаў: “Госпадзе, яны ведаюць, што гэта я арыштоўваў і біў у сынагогах тых, якія вераць у Цябе. 20 20. І калі пралівана была кроў Стэфана, сьведкі Твайго, і я быў [там], стоячы і згаджаючыся на забойства яго, і пільнуючы адзеньне тых, што забівалі яго”. 21 21. І Ён сказаў да мяне: “Ідзі, бо Я да паганаў далёка пашлю цябе”». 22 22. А яны слухалі яго да гэтага слова, і паднялі голас свой, кажучы: «Забяры з зямлі такога! Бо не належыцца жыць яму!» 23 23. А як яны крычалі, і кідалі адзеньне, і пыл падкідалі ў паветра, 24 24. тысячнік загадаў весьці яго ў табар, сказаўшы тартураваць яго, каб даведацца, дзеля якое віны гэтак крычалі на яго. 25 25. А калі расьцягнулі яго рамянямі, сказаў Павал да сотніка, які стаяў: «Ці ж можна вам тартураваць Рымскага чалавека, і без суду?» 26 26. Пачуўшы ж гэта, сотнік, пайшоўшы, паведаміў тысячніка, кажучы: «Глядзі, што ты маеш рабіць. Бо гэты чалавек — Рымлянін». 27 27. Падыйшоўшы, тысячнік сказаў яму: «Скажы мне, ці ты Рымлянін?» А ён прамовіў: «Так». 28 28. І адказаў тысячнік: «Я здабыў гэтае грамадзянства за вялікія грошы». А Павал прамовіў: «А я нарадзіўся [ў ім]». 29 29. Дык адразу адступіліся ад яго тыя, што меліся тартураваць яго. І тысячнік спалохаўся, даведаўшыся, што ён Рымлянін і што яны былі зьвязаўшы яго. 30 30. А на заўтра, хочучы даведацца напэўна, у чым абвінавачваюць яго Юдэі, зьняў з яго путы і загадаў прыйсьці першасьвятарам і ўсяму сынэдрыёну іхняму, і, вывеўшы Паўла, паставіў перад імі.