Luke 1 (BNTABOOT)
1 1. Як ужо многія намагаліся напісаць аповесьць пра падзеі, якія ў нас адбыліся, 2 2. як пераказалі нам тыя, што былі ад пачатку відавочцамі і сталіся паслугачамі Слова, 3 3. надумаў і я, прайшоўшы ўсё нанова, дакладна па парадку апісаць табе, вяльможны Тэафілю, 4 4. каб ты пазнаў надзейнасьць словаў, у якіх быў навучаны. 5 5. Сталася ў дні Ірада, валадара Юдэйскага, [быў] сьвятар з Абіявае чаргі, на імя Захарыя, і жонка ягоная з дачок Аарона, і імя яе — Альжбета. 6 6. Былі яны абое праведныя перад Богам, ходзячы паводле прыказаньняў і пастановаў Госпада беззаганна. 7 7. І не было ў іх дзіцяці, таму што Альжбета была няплодная, і абое яны былі пажылыя ў гадах сваіх. 8 8. І сталася, калі ў парадку свае чаргі ён спаўняў сьвятарскі абавязак перад Богам, 9 9. выпала яму паводле звычаю сьвятароў кадзіць, увайшоўшы ў бажніцу Госпадаву. 10 10. І ўсё мноства народу звонку малілася ў час каджэньня. 11 11. І зьявіўся яму анёл Госпадаў, які стаў з правага боку кадзільнага ахвярніку. 12 12. І стрывожыўся Захарыя, убачыўшы яго, і ахапіў яго страх. 13 13. Анёл жа сказаў яму: «Ня бойся, Захарыя; бо пачутая просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян. 14 14. І будзе табе радасьць і весялосьць, і многія ўзрадуюцца з нараджэньня ягонага. 15 15. Бо ён будзе вялікі перад Госпадам, і ня будзе піць віно і сікеру, і Духам Сьвятым напоўніцца яшчэ ва ўлоньні маці сваёй. 16 16. І многіх з сыноў Ізраіля зьверне да Госпада, Бога іхняга. 17 17. І будзе ісьці перад Ім у духу і сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непаслухмяным — лад думак праведнікаў, каб падрыхтаваць Госпаду народ падрыхтаваны». 18 18. І сказаў Захарыя анёлу: «З чаго даведаюся я гэтае? Бо я — стары, і жонка мая ў гадах пажылых». 19 19. І, адказваючы, сказаў яму анёл: «Я — Габрыэль, які стаю перад Богам, і я пасланы гаварыць з табою і дабравесьціць табе гэтае. 20 20. І вось, будзеш ты маўчаць, і ня зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што не паверыў словам маім, якія споўняцца ў свой час». 21 21. І чакаў народ Захарыю, і дзівіўся, што ён марудзіць у бажніцы. 22 22. А ён, выйшаўшы, ня мог гаварыць да іх; і зразумелі, што бачыў відзеж у бажніцы; і ён ківаў ім, і застаўся немы. 23 23. І сталася, калі скончыліся дні службы ягонай, ён вярнуўся ў дом свой. 24 24. Пасьля гэтых дзён зачала Альжбета, жонка ягоная, і хавала гэта пяць месяцаў, кажучы: 25 25. «Гэтак учыніў мне Госпад у дні, калі глянуў на мяне, каб зьняць з мяне ганьбу між людзьмі». 26 26. А ў шосты месяц быў пасланы анёл Габрыэль ад Бога ў горад Галілейскі, называны Назарэт, 27 27. да дзяўчыны, заручанай з мужам на імя Язэп, з дому Давідавага; а імя дзяўчыны — Марыя. 28 28. І, увайшоўшы да яе, анёл сказаў: «Радуйся, дабрадатная! Госпад з табою; дабраслаўлёная ты між жанчынамі». 29 29. Яна ж, убачыўшы яго, устрывожылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта было за прывітаньне. 30 30. І сказаў ёй анёл: «Ня бойся, Марыя; бо ты знайшла ласку ў Бога. 31 31. І вось ты зачнеш ва ўлоньні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус. 32 32. Ён будзе вялікі, і Сынам Найвышэйшага назавецца, і дасьць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага, 33 33. і Ён будзе валадарыць над домам Якуба на вякі, і Валадарству Ягонаму ня будзе канца». 34 34. А Марыя сказала анёлу: «Як гэта будзе, калі я не спазнала мужа?» 35 35. І, адказваючы, анёл сказаў ёй: «Дух Сьвяты зыйдзе на цябе, і сіла Найвышэйшага ахіне цябе. І дзеля гэтага тое, што народзіцца Сьвятое, Сынам Божым назавецца. 36 36. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і вось ужо шосты месяц у яе, якую называюць няплоднай. 37 37. Бо ў Бога ніводнае слова ня будзе бяз сілы». 38 38. І сказала Марыя: «Вось я — служка Госпада; няхай станецца мне паводле слова твайго». І адыйшоў ад яе анёл. 39 39. Устаўшы, Марыя ў тыя дні шпарка пайшла ў горную краіну, у горад Юдавы, 40 40. і ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету. 41 41. І сталася, калі Альжбета пачула прывітаньне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлоньні яе, і Альжбета напоўнілася Духам Сьвятым. 42 42. І ўсклікнула яна моцным голасам, і сказала: «Дабраслаўлёная ты між жанчынамі, і дабраслаўлёны плод улоньня твайго. 43 43. І адкуль гэта мне, што прыйшла маці Госпада майго да мяне? 44 44. Бо вось, як голас вітаньня твайго дайшоў да вушэй маіх, узварухнулася вясёла дзіцятка ва ўлоньні маім. 45 45. І шчасьлівая тая, якая паверыла, бо зьдзейсьніцца сказанае ёй ад Госпада». 46 46. І сказала Марыя: «Узьвялічвае душа мая Госпада, 47 47. і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцы маім, 48 48. бо Ён глянуў на паніжэньне служкі Сваёй. Бо вось, адгэтуль шчасьліваю будуць называць мяне ўсе пакаленьні, 49 49. бо вялікае ўчыніў мне Магутны; і сьвятое імя Яго, 50 50. і міласэрнасьць Ягоная з пакаленьня ў пакаленьне для тых, якія баяцца Яго. 51 51. Ён зьявіў уладу рамяном Сваім; расьсеяў ганарыстых думкамі сэрца іхняга; 52 52. скінуў моцных з пасадаў і ўзьвялічыў пакорных, 53 53. галодных насыціў дабром, а багатых адпусьціў ні з чым. 54 54. Падтрымаў Ізраіля, юнака Свайго, успомніў пра міласэрнасьць, 55 55. як гаварыў адносна бацькоў нашых, адносна Абрагама і насеньня ягонага на вякі». 56 56. Прабыла ж Марыя з ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом свой. 57 57. А Альжбеце настаў час нараджаць, і яна нарадзіла сына. 58 58. І пачулі суседзі і сваякі ейныя, што ўзьвялічыў Госпад міласэрнасьць Сваю над ёю, і цешыліся з ёю. 59 59. І сталася, у восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіцятка і хацелі назваць яго паводле імя бацькі ягонага Захарыям. 60 60. І, адказваючы, маці ягоная сказала: «Не, але ён будзе называцца Янам». 61 61. І сказалі ёй: «Нікога няма ў родзічаў тваіх, хто называецца гэтым імем». 62 62. І пыталіся на мігах у бацькі ягонага, як бы ён хацеў назваць яго. 63 63. І, папрасіўшы дошчачку, ён напісаў, кажучы: «Ян імя яму». І ўсе зьдзівіліся. 64 64. І адразу расчыніліся вусны ягоныя і язык ягоны, і ён стаў гаварыць, дабраслаўляючы Бога. 65 65. І стаўся страх на ўсіх, што жылі побач, і гаварылі адзін аднаму словы гэтыя па ўсёй горнай краіне Юдэйскай. 66 66. І ўсе, якія чулі, складалі [гэта] ў сэрцы сваім, кажучы: «Што ж гэта будзе за дзіця?» І рука Госпадава была з ім. 67 67. І Захарыя, бацька ягоны, напоўніўся Духам Сьвятым, і прарочыў, кажучы: 68 68. «Дабраслаўлёны Госпад, Бог Ізраіля, што адведаў народ Свой і даў выбаўленьне [яму], 69 69. і падняў рог збаўленьня нашага ў доме Давіда, слугі Свайго, 70 70. як абвясьціў вуснамі сьвятых прарокаў Сваіх, што былі адвеку, 71 71. збавіць [нас] ад ворагаў нашых і ад рукі ўсіх, якія ненавідзяць нас, 72 72. учыніць міласэрнасьць бацькам нашым і ўзгадаць сьвяты запавет Свой, 73 73. прысягу, якой кляўся Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам 74 74. бяз страху, выбавіўшы нас з рукі ворагаў нашых, 75 75. служыць Яму ў сьвятасьці і праведнасьці перад Ім у-ва ўсе дні жыцьця нашага. 76 76. І ты, дзіцятка, будзеш названы прарокам Найвышэйшага, бо будзеш ісьці наперадзе перад абліччам Госпада падрыхтаваць шляхі Яму, 77 77. даць народу пазнаць збаўленьне ў адпушчэньні грахоў іхніх, 78 78. праз унутраную міласэрнасьць Бога нашага, у якой адведаў нас Усход з вышыні, 79 79. зьявіць [сьвятло] тым, што сядзяць у цемры і ў ценю сьмяротным, накіраваць ногі нашыя на шлях супакою». 80 80. А дзіцятка ўзрастала і ўмацоўвалася духам, і было ў пустыні да дня зьяўленьня свайго Ізраілю.