Luke 19 (BNTABOOT)
1 1. І, увайшоўшы, праходзіў Ён праз Ерыхон. 2 2. І вось, чалавек, якога звалі імем Закхей, і быў ён начальнік мытнікаў і чалавек багаты. 3 3. І ён шукаў убачыць Ісуса, які Ён, і ня мог з-за натоўпу, бо быў малы ростам. 4 4. І, забегшы наперад, узьлез на фігавае дрэва, каб убачыць Яго, бо ён меўся праходзіць каля яго. 5 5. І калі прыйшоў на гэтае месца, Ісус, глянуўшы, убачыў яго і сказаў яму: «Закхей! Зыходзь хутчэй, бо сёньня Я мушу спыніцца ў доме тваім». 6 6. І той пасьпешна зыйшоў, і прыняў Яго з радасьцю. 7 7. І ўсе, якія бачылі ўсё гэта, наракалі, кажучы, што Ён увайшоў да грэшнага чалавека. 8 8. А Закхей, стаўшы, сказаў Госпаду: «Госпадзе! Вось, палову маёмасьці маёй я аддаю ўбогім, і, калі каго чым скрыўдзіў, аддам учацьвёра». 9 9. Ісус жа сказаў яму: «Сёньня сталася збаўленьне дому гэтаму, таму што і ён — сын Абрагама. 10 10. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсьці і збавіць тое, што было загінуўшы». 11 11. А тым, што слухалі гэтае, працягваючы, сказаў прыповесьць, бо Ён быў блізка Ерусаліму, і яны думалі, што адразу маюць убачыць Валадарства Божае. 12 12. Тады Ён сказаў: «Нейкі чалавек высокага роду пайшоў у далёкі край узяць сабе валадарства і вярнуцца. 13 13. Паклікаўшы ж дзесяць слугаў сваіх, даў ім дзесяць мінаў і сказаў ім: “Гандлюйце, пакуль прыйду”. 14 14. А грамадзяне ненавідзелі яго і паслалі сьледам за ім пасольства, кажучы: “Ня хочам, каб гэты валадарыў над намі”. 15 15. І сталася, як ён вярнуўся, атрымаўшы валадарства, сказаў паклікаць да сябе слугаў тых, якім даў срэбра, каб даведацца, хто што зарабіў. 16 16. І прыйшоў першы, кажучы: “Пане! Міна твая прынесла дзесяць мінаў”. 17 17. І ён сказаў яму: “Добра, добры слуга! За тое, што ты ў малым быў верны, будзеш мець уладу над дзесяцьцю гарадамі”. 18 18. І прыйшоў другі, кажучы: “Пане! Міна твая зарабіла пяць мінаў”. 19 19. Сказаў і гэтаму: “І ты будзь над пяцьцю гарадамі”. 20 20. І трэці прыйшоў, кажучы: “Пане! Вось твая міна, якую я меў, завязаўшы ў хустку, 21 21. бо я баяўся цябе, што ты чалавек строгі, бярэш тое, што не лажыў, і жнеш тое, што ня сеяў”. 22 22. Той жа кажа яму: “Паводле вуснаў тваіх буду судзіць цябе, злы слуга. Ты ведаў, што я — чалавек строгі, бяру тое, што не лажыў, і жну тое, што ня сеяў. 23 23. Чаму ж ты не аддаў срэбра майго на стол [мянялам], і я, прыйшоўшы, атрымаў бы яго з прыбыткам?” 24 24. І сказаў тым, што побач стаялі: “Вазьміце ў яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мінаў”. 25 25. І сказалі яму: “Пане, ён мае дзесяць мінаў!” 26 26. “Кажу вам, што ўсякаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто ня мае, будзе забрана і тое, што мае. 27 27. А ворагаў маіх, тых, што не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзіце сюды і страцьце перада мною”». 28 28. І, сказаўшы гэтае, Ён пайшоў далей, узыходзячы ў Ерусалім. 29 29. І сталася, калі наблізіўся да Бэтфагі і Бэтаніі, да гары, якую называюць Аліўнай, паслаў двух вучняў Сваіх, 30 30. сказаўшы: «Ідзіце ў мястэчка, што перад вамі, у якім, увайшоўшы, знойдзеце асьляня прывязанае, на якога ніхто з людзей ніколі не сядаў; адвязаўшы яго, прывядзіце. 31 31. І калі хто спытаецца ў вас: “Навошта адвязваеце?”, — скажыце яму так: “Госпад патрабуе яго”». 32 32. Пайшоўшы, пасланыя знайшлі, як Ён сказаў ім. 33 33. Калі ж яны адвязвалі асьляня, гаспадары ягоныя сказалі ім: «Навошта адвязваеце асьляня?» 34 34. Яны ж сказалі: «Госпад патрабуе яго». 35 35. І прывялі яго да Ісуса, і, накінуўшы адзеньні свае на асьляня, пасадзілі на яго Ісуса. 36 36. І, калі Ён ехаў, пасьцілалі на дарозе адзеньне сваё. 37 37. Калі ж Ён наблізіўся да спуску з гары Аліўнай, усё мноства вучняў з радасьцю хвалілі Бога моцным голасам за ўсе цуды, якія бачылі, 38 38. кажучы: «Дабраслаўлёны Валадар, Які ідзе ў імя Госпада! Супакой на небе і слава на вышынях!» 39 39. І некаторыя фарысэі з натоўпу сказалі Яму: «Настаўнік! Забарані вучням Тваім!» 40 40. І, адказваючы, Ён сказаў ім: «Кажу вам, што, калі яны замоўкнуць, дык камяні закрычаць». 41 41. І калі наблізіўся, убачыўшы горад, заплакаў па ім, 42 42. кажучы: «Каб і ты хоць у гэты дзень твой зразумеў, што дзеля супакою твайго! Але цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх. 43 43. Бо прыйдуць на цябе дні, і ворагі твае аточаць цябе валам, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль, 44 44. і зьнішчаць дашчэнту цябе, і дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе камяня на камяні дзеля таго, што не зразумеў ты час адведзінаў тваіх». 45 45. І, увайшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць тых, якія продалі ў ёй і куплялі, 46 46. кажучы ім: «Напісана: “Дом Мой ёсьць дом малітвы”, а вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў». 47 47. І навучаў кожны дзень у сьвятыні. А першасьвятары, і кніжнікі, і першыя ў народзе шукалі, як загубіць Яго, 48 48. і не знаходзілі, што зрабіць, бо ўвесь народ гарнуўся да Яго, слухаючы Яго.