Mark 1 (BNTABOOT)
1 1. Пачатак Эвангельля Ісуса Хрыста, Сына Божага. 2 2. Як напісана ў Прарокаў: «Вось Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою. 3 3. Голас таго, хто кліча ў пустыні: Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яго». 4 4. Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні і абвяшчаючы хрышчэньне навяртаньня дзеля адпушчэньня грахоў. 5 5. І выходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе Ерусалімцы, і ўсе былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае. 6 6. І быў Ян апрануты ў вярблюдавы волас, і скураны пояс на паясьніцы яго, і еў ён саранчу і дзікі мёд. 7 7. І абвяшчаў ён, кажучы: «Ідзе за мной Дужэйшы за мяне, Якому я ня варты, нахіліўшыся, разьвязаць рамень сандалаў Ягоных. 8 8. Я хрышчу вас вадой, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым». 9 9. І сталася ў тыя дні, прыйшоў Ісус з Назарэту Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане. 10 10. І адразу, як выходзіў з вады, убачыў адкрытае неба і Духа як галуба, што зыходзіў на Яго. 11 11. І голас быў з неба: «Ты — Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне». 12 12. І адразу Дух вядзе Яго ў пустыню. 13 13. І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушаны шатанам; і быў між зьвяроў, і анёлы паслугавалі Яму. 14 14. А пасьля таго, як Ян быў выдадзены, прыйшоў Ісус у Галілею, абвяшчаючы Эвангельле Валадарства Божага 15 15. і кажучы, што споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае: «Навярніцеся і верце Эвангельлю!» 16 16. І, праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, што закідвалі [нерат] у мора, бо былі яны рыбаловамі. 17 17. І сказаў ім Ісус: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей». 18 18. І адразу, пакінуўшы сеткі свае, яны пайшлі за Ім. 19 19. І, адыйшоўшыся адтуль недалёка, убачыў Ён Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, як яны ў чаўне напраўлялі сеткі. 20 20. І адразу паклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чаўне з работнікамі, пайшлі за Ім. 21 21. І ўваходзяць у Капэрнаум. І адразу ў суботу, увайшоўшы ў сынагогу, Ён навучаў. 22 22. І ўсе дзівіліся з Яго навукі, бо вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі. 23 23. І быў у сынагозе іхняй чалавек, [апанаваны] духам нячыстым, і закрычаў ён, 24 24. кажучы: «Пакінь! Што нам і Табе, Ісус Назарэец? Ты прыйшоў загубіць нас? Ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы!» 25 25. Але прыгразіў яму Ісус, кажучы: «Замаўчы і выйдзі з яго!» 26 26. І нячысты дух, тузануўшы яго і загаласіўшы моцным голасам, выйшаў з яго. 27 27. І аслупянелі ўсе, таму пыталіся адзін аднаго, кажучы: «Што гэта? Што гэта за новае вучэньне, што з уладаю загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?» 28 28. І адразу пайшла чутка пра Яго паўсюль ва ўсёй ваколіцы Галілейскай. 29 29. І, адразу выйшаўшы з сынагогі, прыйшлі яны ў дом Сымона і Андрэя разам з Якубам і Янам. 30 30. Цешча ж Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе. 31 31. І, падыйшоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку, і адразу пакінула яе гарачка, і яна паслугавала ім. 32 32. А калі настаў вечар, як сонца зайшло, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі; 33 33. і ўвесь горад сабраўся перад дзьвярыма. 34 34. І Ён аздаравіў многіх хворых на розныя хваробы, і многіх дэманаў выгнаў, і не дазваляў дэманам гаварыць, што яны ведаюць, што Ён — Хрыстос. 35 35. І раніцай, на самым досьвітку ўстаўшы, выйшаў, і пайшоў у пустыннае месца, і там маліўся. 36 36. І пайшлі за Ім Сымон і тыя, што з ім [былі], 37 37. і, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: «Усе шукаюць Цябе». 38 38. А Ён кажа ім: «Хадзем у бліжэйшыя паселішчы, каб і там Я абвяшчаў, бо Я дзеля гэтага прыйшоў». 39 39. І Ён абвяшчаў у сынагогах іхніх па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў. 40 40. І прыходзіць да Яго пракажоны, просячы Яго і падаючы перад Ім на калені, і кажучы Яму: «Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць». 41 41. Дык Ісус, зьлітаваўшыся, працягнуў руку і дакрануўся да яго, і кажа яму: «Хачу, будзь ачышчаны. 42 42. І калі сказаў, адразу зыйшла з яго праказа і стаў ачышчаны. 43 43. І, грозна глянуўшы на яго, адразу выправіў яго, 44 44. і сказаў яму: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся сьвятару і прынясі за ачышчэньне сваё тое, што загадаў Майсей, дзеля сьведчаньня ім». 45 45. Але ён, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і шырыць кругом гэта слова, што [Ісус] ужо ня мог адкрыта ўвайсьці ў горад, але быў вонкі, у мясьцінах пустынных. І прыходзілі да Яго адусюль.