Isaiah 5 (BIB)
1 Засьпяваю Майму Любаснаму песьню Любаснага Майго пра вінаграднік Ягоны. У Любаснага Майго быў вінаграднік на вяршыні плоднай гары. 2 І Ён абкапаў яго, і ачысьціў яго ад каменьня, і пасадзіў у ім адборныя вінаградныя лозы, і паставіў вежу пасярод яго, і выкапаў у ім чавільню, і чакаў, што ён уродзіць добрыя гронкі, а ён урадзіў дзікія ягады. 3 І цяпер жыхары Ерусаліма і мужчыны Юдэйскія, рассудзеце Мяне зь вінаграднікам Маім. 4 Што яшчэ трэба было б зрабіць вінаградніку Майму, чаго Я не зрабіў яму? Чаму, калі Я спадзяваўся, што ён уродзіць добрыя гронкі, ён урадзіў дзікія ягады? 5 Дык вось Я скажу вам, што зраблю зь вінаграднікам Маім: здыму зь яго агароджу, і будзе ён спусташацца; разбуру сьцены яго, і будуць яго таптаць. 6 І пакіну яго ў запусьценьні; ня будуць ні абразаць, ні капаць яго; і зарасьце ён цернем і ваўчкамі, і загадаю хмарам не паліваць яго дажджом. 7 Вінаграднік Госпада Саваофа ёсьць дом Ізраілеў, і мужчыны Юды - любыя саджанцы Яго. І чакаў Ён правасудзьдзя, але вось - праліцьцё крыві; чакаў праўды, і вось - лямант. 8 Гора вам, хто дадае дом да дома, далучае поле да поля, так што іншым не застаецца месца, нібыта вы адны паселены на зямлі. 9 У вушы мае сказаў Гасподзь Саваоф: шматлікія дамы гэтыя будуць пустыя, вялікія і прыгожыя - зьбязьлюдзеюць; 10 дзесяць дзялянак у вінаградніку дадуць адзін бат, і хомэр пасеянага зерня ўродзіць заледзьве эфу. 11 Гора таму, хто з раньняй раніцы шукае сікеру і да позьняга вечара разагравае сябе віном; 12 і цытра і лютня, тымпан і жалейка, і віно на банкетах іхніх; а на дзеі Госпада не зважаюць яны, і пра чыны рук Ягоных ня думаюць. 13 За тое народ мой пойдзе ў палон непрадбачана, і заможнікі яго загаладаюць, і багацеі ягоныя спрагнуцца смагаю. 14 За тое пашырылася апраметная, і над меру разьзявіла пашчу сваю; і сыдзе туды слава іхняя, і багацьце іхняе, і шум іхні, і ўсё, што разьвесяляе іх. 15 І схіліцца чалавек, і ўпакорыцца мужчына, і вочы гардзеяў панікнуць; 16 А Гасподзь Саваоф узьнясецца высока ў судзе, і Бог Сьвяты выявіць сьвятасьць Сваю ў праўдзе. 17 І будуць пасьвіцца авечкі па сваёй волі, і чужыя будуць карміцца пакінутымі тлустымі пашамі багацеяў. 18 Гора тым, якія цягнуць на сябе беззаконьне вяроўкамі марнасьці і грэх - як бы ляйчынамі калясьнічнымі; 19 якія кажуць: «Няхай Ён пасьпяшаецца і паскорыць дзею Сваю, каб мы бачылі, і хай наблізіцца і выканаецца парада Сьвятога Ізраілевага, каб мы даведаліся!» 20 Гора тым, якія зло называюць дабром, і дабро - злом, цемру лічаць сьвятлом, і сьвятло - цемраю, горкае лічаць салодкім, і салодкае - горкім! 21 Гора тым, якія мудрыя ў вачах сваіх і разумныя перад самімі сабою! 22 Гора тым, якія багатыры піць віно і моцныя гатаваць моцны напой, 23 якія за хабар апраўдваюць вінаватага і праведных пазбаўляюць законнага! 24 Як агонь пажырае салому, і полымя зьнішчае сена, так спарахнее корань іхні і цьвет іх разьвеецца пылам; бо заняхаілі яны закон Госпада Саваофа і заняхаілі слова Сьвятога Ізраілевага. 25 За тое загарыцца гнеў Госпада на народ Ягоны, і працягне Ён руку Сваю на яго і ўразіць яго, аж здрыгануцца горы, і трупы іх будуць, як памёт на вуліцах. І пры ўсім гэтым гнеў Яго не адступіцца, і рука Яго яшчэ будзе працягнутая. 26 І падыме сьцяг народам далёкім і дасьць знак таму, хто жыве на краі зямлі, - і вось, ён лёгка і скора прыйдзе; 27 і ня будзе ў яго ні стомленага, ні зьнямоглага; ніводзін не задрэмле і не засьне, і ня здымецца пояс са сьцёгнаў ягоных, і не парвецца рэмень на абутку ягоным; 28 стрэлы ў яго навостраныя, і ўсе лукі ў яго напятыя; капыты коней ягоных падобныя да крэменю, і колы яго, як віхура; 29 рык ягоны, як рык ільвіцы; ён рыкае як ільвяня, і зарыкае і схопіць здабычу, і панясе, і ніхто не адбярэ. 30 І зарыкае на яго ў той дзень быццам рыкам разьятранага мора; і гляне ён на зямлю, і вось - цемра, гора, і сьвятло патухла ў аблоках.