Mark 15 (BIB)
1 І адразу раніцай першасьвятары з старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь сынедрыён зрабілі нараду і, зьвязаўшы Ісуса, завялі і перадалі Пілату. 2 Пілат спытаўся ў Яго: Ты Цар Юдэйскі? А Ён сказаў яму ў адказ: ты кажаш. 3 І першасьвятары вінавацілі Яго ў многім. 4 А Пілат зноў спытаўся ў Яго: Ты нічога не адказваеш? бачыш, як многа супроць Цябе скаргаў. 5 Але Ісус і на гэта нічога не адказваў, так што Пілат зьдзіўляўся. 6 А на кожнае сьвята ён адпускаў ім аднаго вязьня, за якога прасілі. 7 Тады быў у кайданах нейкі Варава, са сваімі саўдзельнікамі, якія падчас бунту ўчынілі забойства. 8 І люд пачаў крычаць і прасіць у Пілата таго, што ён заўсёды рабіў ім. 9 Ён сказаў ім у адказ: ці хочаце, адпушчу вам Цара Юдэйскага? 10 Бо ведаў, што першасьвятары выдалі Яго з зайздрасьці. 11 Але першасьвятары падбухторылі людзей прасіць, каб адпусьціў ім лепей Вараву. 12 Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: а што хочаце, каб я зрабіў з Тым, Якога вы называеце Царом Юдэйскім? 13 Яны зноў закрычалі: укрыжуй Яго! 14 Пілат сказаў ім: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней закрычалі: укрыжуй Яго! 15 Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусьціў ім Вараву, а Ісуса, бічаваўшы, аддаў на крыжаваньне. 16 А воіны завялі Яго ўсярэдзіну двара, гэта значыцца, у прэторыю, і сабралі цэлы полк; 17 і апранулі Яго ў пурпуру і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго; 18 і пачалі вітаць Яго: радуйся, Цару Юдэйскі! 19 І білі яго па галаве кіем, і плявалі на Яго і, кленчачы, кланяліся Яму. 20 А калі насьмяяліся зь Яго, зьнялі зь Яго пурпуру, адзелі Яго ў Ягонае адзеньне і павялі Яго, каб крыжаваць Яго. 21 І прымусілі праходжага нейкага Кірынеяніна Сымона, бацьку Аляксандравага і Руфавага, які ішоў з поля, несьці крыж Ягоны. 22 І прывялі Яго на месца Галгофу, што азначае: «месца чарапоў». 23 І давалі яму піць віно зь сьмірнаю; але Ён ня ўзяў. 24 Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя, каму што ўзяць. 25 Была гадзіна трэйцяя, і ўкрыжавалі Яго. 26 І быў надпіс віны Яго: Цар Юдэйскі. 27 Зь Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго з правага, другога зь левага боку ад Яго. 28 І збылося слова Пісаньня: «і да зладзеяў залічаны». 29 Тыя, што праходзілі міма, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: э! Той, Хто храм разбурае і за тры дні будуе! 30 уратуй Сябе Самога і сыйдзі з крыжа. 31 Падобна і першасьвятары з кніжнікамі, насьміхаючыся, казалі адзін аднаму: іншых ратаваў, а Сябе ня можа ўратаваць! 32 Хрыстос, Сын Ізраілеў, хай сыйдзе цяпер з крыжа, каб мы бачылі, і ўверуем. І ўкрыжаваныя зь Ім ганілі Яго. 33 А на шостай гадзіне настала цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай. 34 На дзявятай гадзіне ўскрыкнуў Ісус моцным голасам: «Элоі, Элоі! ламма савахфані!», што азначае: «Божа, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?». 35 Некаторыя, што стаялі тут, пачуўшы, казалі: вось, Ільлю кліча. 36 А адзін пабег, набраў у губку воцату і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць, кажучы: чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго. 37 А Ісус, ускрыкнуўшы моцна, выпусьціў дух. 38 І завеса ў храме разадралася напалам, зьверху данізу. 39 Сотнік, які стаяў насупраць Яго, убачыўшы, што Ён, так ускрыкнуўшы, выпусьціў дух, сказаў: сапраўды Чалавек Гэты быў Сын Божы. 40 Былі тут і жанчыны, якія глядзелі здалёк; сярод іх была і Марыя Магдаліна, і Марыя, маці Якава меншага і Ясіі, і Саломія, 41 якія і тады, як Ён быў у Галілеі, ішлі сьледам за Ім і служылі Яму, і іншыя многія, што разам зь Ім прыйшлі ў Ерусалім. 42 І як ужо зьвечарэла, бо была пятніца, гэта значыць - перадсубоцьце, 43 прыйшоў Язэп з Арымафеі, знакаміты сябра рады, які і сам чакаў Царства Божага, адважыўся ўвайсьці да Пілата і прасіў Цела Ісусавага. 44 Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр; і паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго: ці даўно памёр? 45 І даведаўшыся ад сотніка, аддаў Цела Язэпу. 46 Ён, купіўшы палатно і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і паклаў у магіле, якая была высечана ў скале; і прываліў камень да магільных дзьвярэй. 47 А Марыя Магдаліна і Марыя Ясіева глядзелі, дзе Яго клалі.